18 октября осенняя ярмарка прошла в Шумилино. 26 октября – ярмарка в Оболи

Актуалии Общество

Пра дарагаватую бульбу і «хапун» на капусту
Асенні кірмаш традыцыйна стаў для шумі-лінскага люду святам. Не тым святам, каб прыйсці на плошчу ля Дома Саветаў і паслухаць песні, пацешныя жарты, гумар, якім нямала песцілі на кірмашовым свяце работнікі культуры. Многія ішлі “па справе”, заклапочаныя  тым, чаго не стае, каб прыстойна сустрэць  і перажыць зіму. І клопат быў пераважна пра бульбу і капусту. У астатнім так – між справаю. Хаця як сказаць: да самага поўдня можна было сустрэць на плошчы  чалавека з дрэўцам. Значыць, не знікла ў лю-дзей неадольнае жаданне разбіць або пашырыць свой фруктовы сад. І гэта ўхвальна.
Тым не менш чаканні людзей спраўдзіліся не ва ўсім. Па-першае, тых, хто прыйшоў раней за ўсіх,  проста шакіравала цана на бульбу, якую прадавалі з райспажыўтаварыства – 3450 рублёў за кг. Бралі неахвотна,  па мяшэчку-другому. Бо, напэўна, ужо не разлічвалі, што прыедзе яшчэ машына з СФГ “Раднік”, будуць прадаваць з “Рудакова” Віцебскага раёна (па 2950 рублёў). І калі засталіся гэтыя “шчасліўчыкі” на кірмашы пазней, відаць, кусалі сабе локці.
Такі ж “хапун” быў па капусце. Яе зноў–такі прывезлі з райпо (закупілі ў Сенненскім раёне, і прадалі на кірмашы яе 3 тоны), і цана была прымальная. Буйныя тугія качаны. І з “Рудакова” прадавалі,  машыну размялі ў адзін міг.
А мёду было – на кожным кроку. Гаспадароў дзесяць, не менш. Было мёду ўволю, таму і адразу цану ў 60 тысяч за паўлітровы слоік збілі да 45. І бралі людзі – ліпавы мядок і верасовы, рапсавы і з разнатраўя.
Бліжэй да будынка суда стаяла тэхніка, гружаная дрывамі. Вельмі дарэчы. Прычэп двухмятровых дроў з ПМС за 800 тысяч купілі, не паспеў трактарыст выскачыць з кабіны. З паколатымі дрывамі (машына на 6 куб. м), за якія прасілі 1,4 мільёна рублёў, камунгасу давялося трохі пачакаць. Аднак і тут народ раскашэліўся. А вагонка, дошкі для падлогі, штапікі “завіслі” – не сезон. Той-сёй чакаў (ведаю не па чутках) прычэп-другі гною на свой агарод. Можа, і пазнавата: мінулі ўжо пакровы, спраўны гаспадар даўно абараў свой надзел. Але надвор’е не паказвала яшчэ на зіму, таму і чакаў той-сёй “запраўкі” на соткі. Не дачакаўся… А летась жа прадавалі і збылі, не павезлі ж назад на ферму.
Шмат было кветак. Хрызантэмаў. Гаспадыня гэтага “царства” Л. П. Вараб’ёва з Шуміліна, якая прыехала на кірмаш рана, прызналася: захоплена кветкамі ўжо чвэрць веку. Прадавалі, нагадаем, саджанцы дрэў,   вінаграду, пладовыя кусты.  Два кусты канаў прывезлі і прадалі за 25 тысяч кожны з Мішневіцкай СШ. Наогул школы і дзіцячыя сады, напэўна, прыехалі амаль усе. Гандлявалі дробным оптам, але па сходнай цане, таму многія паехалі дамоў з пустымі мяшкамі і скрынкамі. А вось бульба з райпо пасля першай хвалі купцоў засталася незапатрабаванай.
Нехта побач гукнуў “Прадаюць танную тушонку. Ідзе распродаж. Гайда туды!” і адразу перад машынай з кідкай шыльдай “Бакалея” з Віцебска ўтварылася чарга. Акрамя тушонкі, тут прадавалі танны алей, макарону, муку, крупы, шпроты. Доўга не сунімаўся народ перад машынай з марожанай рыбай. Траску браў мала хто, затое на скумбрыю, на мінтай попыт быў. Бо танней, чым у Шуміліне.
Абышлося без гарэлкі. Людзі саграваліся (а раніца была марознай і колкай) поліўкай са знаёмай усім паходнай кухні колеру хакі. За 8 тысяч – 400 грамаў сугрэву. Нехта з мужчын і стагнаў, прыгадваючы ранейшыя “шалманы”, дзе можна было ўзяць на разліў, а на закуску – шашлычок. Шашлыкі са свініны былі – ад райпо, у палатцы, пад шатамі  згрудзіліся столікі, за якімі, аднак людзей было зусім мала. “Усё адно ўгандлявалі піражкоў на 3 мільёны”, – прызналіся прадаўцы.
“Няма таго, што раней…” – пачуў у чарзе. Жанчына згадвала тыя гады, калі песцілі шумілінца і “Марка”, і Чырвоны Кастрычнік”, “Сцяг індустрыялізацыі”, і мясакамбінат. Нашых людзей прывучылі да таго, што не трэба ехаць у Віцебск за зімовай курткай або чаравікамі, шукаць таннае мяса, усё прывозілі ледзь не з дастаўкай на дом. Абы грошы. Сёлета гэтага не было. Хаця кірмашовы настрой быў. Ад песні, ад таго шчаслівага выпадку прыцаніцца, і сябе паказаць, і на людзей паглядзець.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *