Новогодний шахматный турнир на призы газеты «Герой працы» выиграл Дмитрий Шевчик

Актуалии Спорт, туризм

АБ ПАРАДОКСАХ ЗА ДОШКАЙ І РАЗМОВАХ У КУЛУАРАХ
Пасля шахматнага турніру на прызы газеты “Герой працы” “пакрою” 2013 года схіліўся да думкі: шахматы – гульня не толькі цікавая (для балельшчыкаў),  а і ў вялікай ступені – парадаксальная. У кулуарах, пасля цішы  ў адным з класаў СШ № 1 г. п. Шуміліна (а прытулак для турніру ветліва згадзілася даць дырэктар установы В. В. Мянькова), Алег Далімаеў прызнаўся: “Гэта быў для мяне турнір нявыкарыстаных магчымасцей”. І не толькі ў яго аднаго – у многіх шахматыстаў. Хапала і тых жа парадоксаў, пра якія вынес у загаловак нататак.
А зараз паразважалі і годзе. Вернемся да пачатку турніру, які сабраў шмат прыхільнікаў гэтай даўняй гульні. Арганізатары спаборніцтваў на чале з Ула-дзімірам Вярловым, які згадзіўся быць за суддзю,  чакалі, акрамя шумілінскіх спартсменаў, і шахматыстаў з Ушач і Бешанковіч. Прыехалі трое ўшачан, з якімі ў нас даўнія і самыя цесныя стасункі. Назбіралася 16 чалавек, сярод іх трое хлопчыкаў – выхаванцаў трэнера Мікалая Кузьміна. Гуляў і сам трэнер.
Дамовіліся на так званую швейцарскую сістэму гульні, калі кожны ўдзельнік згуляе па дзесяць партый у рэжыме дзесяць хвілін кожнаму шахматысту. І першы ж тур прынёс нечаканасць: Мікалай Кузьмін прайграў шахматысту з Обалі Уладзіміру Зелянкову. Уладзімір ахвяраваў лёгкую фігуру за дзве пешкі саперніка, развіў удалы рэйд у стан праціўніка і сваім ферзем паставіў мат. Мог лепш згуляць у першым туры Аляксандр Разуменка з Мішкавіч, якому давялося змагацца з моцным шахматыстам з Обалі Ула-дзімірам Любімавым. У яго нават былі лішнія фігуры на дошцы. Аднак майстэрства абальчаніна перамагло.
Дарэчы, у трэцім туры Аляксандр Разуменка сябе, калі хочаце, рэабілітаваў, змусіўшы капітуляваць караля Мікалая Кузьміна. Аляксандр выманіў караля саперніка з яго стану і прымяніў варыянт, які не раз змушаў здацца самых майстравых шахматыстаў. Пасля гульні, яшчэ толкам не адышоўшы ад шоку, Мікалай Аляксандравіч перагледзеў свае і чужыя хады, адзначыў бліскучую гульню А. Разуменкі.
Пра пераможцу нашага турніру Дзмітрыя Шэўчыка. Ён з сям’ёй жыве ў Віцебску, але яго па-ранейшаму лічаць сваім, шумілінскім. Дзмітрый згуляў добра,  месцамі бліскуча, хаця і яму ўсё ж нярэдка шанцавала тады, калі, здавалася, павінен прызнаць сябе пераможаным. Даволі прыгадаць матч Д. Шэўчыка з А. Далімаевым у адным з апошніх тураў. “Рассыпаліся” рэдуты Дзмітрыя, перавага ў Алега была відавочнай, наспяваў ужо мат, аднак  наступоўца празяваў камбінацыю саперніка і сам атрымаў мат.
Як заўсёды, роўна і карысна згуляў на турніры Уладзімір Грыбаў.  У чацвёртым туры  ён не здаўся моцнаму ўшацкаму шахматысту А. Крацёнку, і яны запісалі ў свой актыў па палову ачка. Палову ачка аддаў Уладзімір і маладому шахматысту Максіму Пашкевічу. Наогул пра юнага спартсмена гаварылі тыя, хто сустракаўся з ім за дошкай, добрыя і ўхвальныя словы. Уважлівы, засяроджаны, ведае дэбюты. Не хапае гэтага яшчэ ні Сяргею Шынкевічу, ні Герману Папку. Усё гэта, трэба спадзявацца, у іх наперадзе, хаця Максім бярэ і стараннасцю, і ўседлівасцю. Ён не аказаўся ў прызёрах тур-ніру, аднак тыя палову ачка, якія ўзяў у масцітага У. Грыбава, або выйгрыш у А. Разуменкі (гуляў чорнымі фігурамі), калі пакінуў вопытнаму шахматысту голага караля,  сам мог развіваць атаку некалькімі фігурамі, шмат якіх іншых момантаў – усё гэта  гаворыць само за сябе. Толькі б не здаўся хлопчык на волю выпадку і не перастаў нарошчваць майстэрства.
Такім чынам, перамог Дзмітрый Шэўчык, другім аказаўся па выніках гульні Уладзімір Грыбаў, трэцім – абальчанін Уладзімір Любімаў. Віншуем пераможцаў. Зычым ім здароўя і цікавых змястоўных партый за шахматнай дошкай.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *