Вось такія печкі-лавачкі…

Духоўнае Общество

Вось такія печкі-лавачкі…
Дзень “збег”, і ён ужо гісторыя. Хаця маленькая, нядаўняя, але – гісторыя.
Гісторыя і памяць. Яны побач, яны – як дзве сястры адной вялікай сям’і, назва якой – час. Ён бясконцы, хаця  ўсё-такі верыш, што памяць застанецца неяк па-за часам. Верыш пасля таго, што ў памяці засталося…
На вуліцы ціха, спёка такая, што дыхаць цяжка. Людзі панылыя, задуменныя. Нядаўна яшчэ чакалі сонца, бо збрыд зацяжны дождж, няхай і цёплы, а неўзабаве зыркнула сонца і – зноў не дагадзіць. Хаця трыццаць у цяні – не самае пекла. Для маладых. Вунь купка хлопцаў, рагатуноў і лежабокаў,  кіруе на возера, якое за мястэчкам. У руках у кожнага бутэлька з півам, яе хлопцы трымаюць, абхапіўшы двума пальцамі за “галаву”. Бутэлька матляецца, а яны рагочуць.
Ім весела, ім сонца не замінае, ім яно не збрыдла. Яны  заваляцца ў цянёк пад кустом, насмокчацца піва і ляжаць сабе. Ні думак пра тое, як прыбраць вырашчанае збожжа, ні пра хворую маці, якую надоечы забрала хуткая…
Кажуць: прыгожа жыць не забароніш. Не забароніш, калі зарабіў, заслужыў сабе такое жыццё. Помню размову ў чарзе. Перада мной маладая жанчына хвалілася: муж у яе на заробках у Маскве, яна з малым, зарабляе сама капейкі, але муж прывёз з Расіі “бабкі”, і яны паедуць у Тайланд. Кажуць, там рай.  Пуцёўка на больш за тры тысячы “баксаў” на траіх. А на наступны год яны рвануць у Індыю – таксама цікава. Яшчэ тры тысячы, а там, можа, і наогул выедуць у Данію…
Маладая кабета хвалілася. Яна ўзахлёб расказвала пра свайго мужа, які ён ладны і хвацкі, як яна кахае яго. А мне падумалася: не ведаю, ці кахае, а што любіць ягоныя грошы – гэта факт. Ведаў і яе хлопчыка – настырнага і нахрапістага малога, якога ў класе не любілі. Ад каго ў малога было больш – ад яе ці ад таты  – я не ведаў, адно мне было ясна: не тое робяць у сям’і. Хаця што значыць робяць – зрабілі. З сынам было позна нешта мяняць (кажуць, дурыкі ў дзіця трэба выганяць, калі ён ляжыць папярок лаўкі), тым больш з бацькамі.
“Што вы блытаеце гарох з капустай? – скажа нехта. – Хіба можна параўнаць тых “піўных” лежабокаў з гэтай сям’ёй?..”. Скажа так і будзе мець рацыю. Але ж…
Недзе чуў: людзі дзеляцца на багатых, дурняў  і на ўсіх астатніх. Дык хто гэтая сям’я? Багачы? Наўрад. Багаты і разумны спачатку ўкладзе грошы ў справу, а пасля, калі застанецца рэшта, паедзе на Канары ці Індыю. Калі ж няма ў чалавека ні мары, ні ідэі, няма жыццёвага стрыжня, ён жыве адным днём: Егіпет – пустая кішэнь, Індыя – пустая кішэнь, Іспанія – пустая кішэнь… Думаю, што не на экскурсію члены гэтай маладой сям’і едуць, яны едуць пасмажыць свае “святыя мошчы” пад сонцам на Лазурным беразе, скажам, бліжэй да славутай французскай Ніццы. Яны любяць сваё “брендовое” цела…
Застаецца яшчэ адзін невялікі нюанс: тыя, у каго няма грошай на Лазурны бераг, нахвальваюць мясціну, дзе жывуць, а багатыя едуць за край свету, без шкадавання пакідаючы родны кут. Нашы пенсіянеры не едуць у Альпы, не дазваляюць сабе адпачыць, скажам, у Францыі. Яны проста не хочуць, не прывучаны быць багатымі, а значыць, Луўр для іх – нібы тая планета Марс, далёкая і недасягальная. А вось дзеці-ўнукі пра Луўр, пра Данію мараць.
І ў пенсіянераў ёсць свая радасць, хоць і не такая сусветная, затое ўсёпаглынальная: не пакідаць сам-насам з праблемамі сваіх дзяцей, дапамагаць ім – грашамі (пра суму не кажу), мудрай падтрымкай або пабыць, скажам, за няньку, пакуль дачка з’ездзіць у Віцебск.
Словам, некаму хочацца бачыць турэцкі бераг Чорнага мора, мець турэцкі загар, а мне хочацца, каб любілі свой край. “А за што яго любіць? – абураецца маладая жанчына. – За тое, што тут ні заробкаў, ні пенсіі людскай? Таму і едуць, таму і пакідаюць. А колькі вершаў – сапраўднай любові да радзімы –  нарадзілі  паэты?! І пішуць, і прызнаюцца, а воз і сёння там. Што ні кажы, калі чалавек пасмакаваў маннай кашы з маслам, на посны крупнік-кірзу і не паглядзіць…”.
Вось такія печкі-лавачкі. “Што тут не так? – здзіўлена запытае ў цябе тая ж маладая жанчына. – Паэты любяць сэрцам. А розум нам тады нашто?..”.
А што старэйшае і нават сярэдняе пакаленні? У іх не згубілася, у іх не знікла пачуццё любві да Бацькаўшчыны – любві нярэдка трапяткой і непадробленай. Але гэта не значыць, што ім не патрэбны прыстойныя заробкі. Яны не альтруісты, але яны патрыёты сваёй Айчыны.   Праўда, хочацца зараз ужо не сабе шчасця і светлай долі, хочацца ўсяго гэтага дзецям сваім і ўнукам.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *