Шумилинцы назвали самых значимых в своей жизни учителей

Образование Общество

Памятаю цябе, Настаўнік
Напярэдадні Дня настаўніка мы пацікавіліся ў нашых чытачоў, ці сустрэўся на іх шляху настаўнік, які асабліва паўплываў на іх жыццё, светапогляд, якога яны ўспамінаюць і сёння?
Ілья Навіцкі, Шуміліна:
– А я наогул толькі адну настаўніцу і памятаю – першую. Алена Уладзіміраўна прыйшла да нас адразу пасля ўніверсітэта і вучыла ўсе чатыры гады пачатковай школы. Памятаю яе слёзы, калі мы пераходзілі ў пяты клас.
Яшчэ не магу не сказаць пра Т. У. Сінякову. Таццяна Уладзіміраўна хоць і не была маёй настаўніцай, але вельмі дапамагла мне пры паступленні атрымаць 10. Ніколі не чуў, каб матэматыку даводзілі на такой даступнай мове.
Галіна Мікалаеўна Белагалоўка, Слабада:
– Канешне, я памятаю сваю першую настаўніцу Ефрасінню Садоўскую. На жаль, яе ўжо няма з намі. Настаўніца часта запрашала нас у госці, частавала. Мы ў Мішневічах жылі па-суседству. Самыя цёплыя ўспаміны, звязаныя з дзяцінствам, у мяне дзякуючы дабрыні і прыветнасці  настаўніцы.
Таццяна Дарошчанка, Добрына:
– Літаральна некалькі ўрокаў у нашай Нікрапольскай школе правяла Святлана Валяр’янаўна. Але яе смех, яе непаўторную ўсмешку я памятаю і зараз. Прозвішча забыла – а гэтую ўсмешку ва ўсе зубы памятаю.
Марына Малініна, Шуміліна:
– У нас быў выдатны настаўнік па фізіцы – Ігар Аляксеевіч Савіцкі. Ён быў адным з нямногіх настаўнікаў-мужчын і запомніўся б нават толькі гэтым. Тады я яшчэ не ведала, што такое харызма, а сёння ўжо дакладна магу сказаць, што гэта была менавіта яна. Праўда, я не магу пахваліцца, што гэта неяк матывавала мяне ўглыбіцца ў вывучэнне фізікі. Затое ў падсвядомасці сфарміравалася дакладнае ўяўленне пра тое, якім павінен быць мужчына.
Уладзімір Ушал, г. п. Шуміліна:
–  Мяне настаўніца суправаджае ўсё жыццё. Справа ў тым, што мая маці, Раіса Францаўна, працавала ў Мікалаеўскай школе. Выкладала біялогію. Як настаўніца і маці, яна навучыла мяне быць уседлівым, шчырым, паважліва адносіцца да людзей. Цяпер гэтаму ж самаму маці вучыць сваіх унукаў.
Мікалай Прымак, г. п. Шуміліна:
–  І ў мяне ёсць настаўнік, памяць пра якога я пранёс праз усё жыццё.  Гэта ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Міхайлавіч Лемех, які выкладаў у нас гісторыю. Ён вярнуўся з фронту без адной нагі, на яго пінжаку было некалькі ордэнаў і медалёў. Настаўнік не проста выкладаў урокі. Ён вучыў нас мужнасці, стойкасці, вучыў любіць сваю радзіму і быць гатовымі яе абараняць. Усе хлопцы з нашага класа хацелі быць падобным на яго.
Леаніда Кухно, Сіроціна:
–  Калі я вучылася ў Сіроцінскай школе, рускую мову і літаратуру ў нас выкладала Аліна Макараўна Мядзведская. Гэта была жанчына добрай душы. Яна часта паўтарала, што галоўнае ў жыцці – стаць Чалавекам. Яна вучыла нас дабрыні і многа разоў гаварыла: “Не трэба помсты, калі нехта зрабіў вам дрэннае. У адказ зрабіце некалькі добрых учынкаў. І ад гэтага свет стане дабрэйшым”.
Уладзімір Болсун, в. Зямцы:
– Заканчваў школу ў вёсцы Палессе, што на Гомельшчыне.  Мне падабаўся прынцып навучання настаўніка Корхава. Прабачце, прайшло больш за паўсотню гадоў, ягонае імя запамятаваў. Настаўнік гаварыў: “Хто хоча вучыцца – я навучу. А гультаям свой розум не аддасі”. Чым больш я станавіўся дарослым, тым больш разумеў сэнс гэтых слоў. Напэўна, і матэматыку палюбіў дзякуючы гэтаму настаўніку, які навучыў разважаць і мысліць.
Андрэй Талпегін, г. п. Шуміліна:
Маёй любімай настаўніцай была Галіна Міхайлаўна Масюкова. Яна навучыла любіць беларускую мову. І хоць я не быў выдатнікам, але беларускую мову разумею добра. З задавальненнем чытаю раённую газету і кнігі на беларускай мове. Дзіўлюся з людзей, якія закончылі школу і не ведаюць беларускіх слоў.
Надрукавана ў №76 ад 03.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *