Тэма тыдня: Уступная кампанія — 2015

Тема недели

Тэма тыдня: Уступная кампанія — 2015

Анлайн-канферэнцыя «Уступная кампанія — 2015» з удзелам міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова і спецыялістаў ведамства прайшла 16 красавіка на сайце БЕЛТА.


На бюджэтныя месцы ў 2015 годзе плануецца прыняць у ВНУ Беларусі 27,9 тыс. абітурыентаў, у ССНУ — 40,5 тыс., у ПТВ — 34,4 тыс.

«У бягучым годзе маем намер прыняць на ўзровень вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту — 27,9 тыс. абітурыентаў, што на 1 тыс. месц менш адносна плана 2014 года, калі планавалася прыняць 28,9 тыс. абітурыентаў», — паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.
Пры гэтым плануецца павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму, што забяспечваюць патрэбнасць у кадрах, у тым ліку Мінабароны — на 254 месцы, МНС — на 21 месца; сельскагаспадарчай галіны — на 22 месцы; індустрыі спорту — на 30 месц. Разам з тым намячаецца скарачэнне бюджэтных месц на медыцынскія спецыяльнасці (па рашэнні Міністэрства аховы здароўя — на 85 месц), спецыяльнасці культуры і мастацтва (па рашэнні Мінкультуры — на 60 месц).
Дадатковы набор будзе ажыццяўляцца ў дзённай бюджэтнай форме з 26 па 29 ліпеня (для ВНУ «сілавога» блока — з 24 па 27 ліпеня, для «творчых» — з 30 ліпеня па 1 жніўня). Нездавальняючыя адзнакі па выніках ЦТ для асоб, якія паступаюць у асноўныя тэрміны ўступнай кампаніі, і для асоб, якія паступаюць па дадатковым наборы, прымаюцца ідэнтычнымі і змяншацца не будуць.
Прыём у 2015 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць ажыццяўляць 216 устаноў адукацыі. Умовы прыёму захаваны такія, як і ў 2014-м. Плануецца прыняць 40,5 тыс. чалавек. Асноўная структура прыёму захаваецца. Такія профілі адукацыі, як «тэхніка і тэхналогія», «архітэктура і будаўніцтва», «сельская і лясная гаспадарка», «ахова здароўя» ў агульным прыёме складуць 70 працэнтаў.
Міхаіл Жураўкоў расказаў, што гэтым летам прыём у ПТВ будуць праводзіць 185 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі амаль па 300 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будзе ажыццяўляць 31 установа адукацыі іншых узроўняў, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. З улікам патрэбнасці арганізацый галін эканомікі, дэмаграфічнай сітуацыі і вынікаў працаўладкавання выпускнікоў плануецца захаваць аб’ёмы і структуру прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі практычна на ўзроўні мінулага года і прыняць 34,8 тыс. чалавек, што складзе 100,8 працэнта, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 34,4 тыс. чалавек (100,5 працэнта).

Новыя спецыяльнасці і прафесіі ў інфармацыйнай сферы прапануюць у 2015 годзе ВНУ, ССНУ і ПТВ Беларусі

Як адзначыў міністр, зусім новых спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе няшмат. Так, абітурыенты змогуць паступаць на «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у харчовай прамысловасці)» — гэту спецыяльнасць упершыню прапануе Магілёўскі ўніверсітэт харчавання. Спецыяльнасць «нацыянальная эканоміка» адкрыта ў Беларускім эканамічным універсітэце, «геаінфармацыйныя сістэмы» — у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце. Ануляваны напрамак спецыяльнасці «геаграфія» — «геаінфармацыйныя сістэмы», паколькі адкрыта цэлая спецыяльнасць.
Набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзіцца па 172 спецыяльнасцях. Новымі для гэтага ўзроўню адукацыі (прыём пачаты ў апошнія два гады) з’яўляюцца спецыяльнасці: «абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў», «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы», «электроніка механічных транспартных сродкаў», «тэсціраванне праграмнага забеспячэння», «абсталяванне мэблевай вытворчасці», «мехатроніка» (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — «мехатронік 5 разраду (вытворчасць прадуктаў харчавання)», «мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)». Упершыню ў 2015 годзе будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі «праграмуемыя мабільныя сістэмы» ва ўстанове адукацыі «Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж». Пасля заканчэння навучання спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю «тэхнік-электронік».
«Акрамя таго, у гэтым годзе мы адкрылі падрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях рабочых у трох установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, па прафесіях машыніст горных вымальных машын, дзяжурны электраслесар (слесар) і па рамонце абсталявання — у Салігорскім горна-хімічным каледжы, электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі — у Віцебскім політэхнічным каледжы, слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў, машыніст самаходнага катка — у Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы», — сказаў міністр.
«У структуры прыёму плануецца захаваць тэндэнцыі мінулага года: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 80 працэнтаў», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў. У мэтах удасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам патрэбнасцей рэгіянальных рынкаў працы ў 2015 годзе плануецца спыніць прыём па 185 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 174 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Пры гэтым апошнія тры гады адкрыта падрыхтоўка па новых кваліфікацыях (па якіх раней падрыхтоўка не ажыццяўлялася): «аператар часальнага абсталявання», «аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу», «аператар аўтаматызаванага насцілачнага комплексу», «вырабляльнік марожанага», «аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў», «агент па арганізацыі абслугоўвання аўтамабільных перавозак».

Выпускнікі 11-х класаў у 2015 і 2016 гадах будуць здаваць толькі сучасную гісторыю Беларусі

«У 9-м класе гісторыя Беларусі заканчваецца 1917 годам, а сучасны этап вывучаюць у 10-11-х класах. Таму экзамен і перанесены на 11-ы клас, каб вучань здаў экзамен за ўвесь курс гісторыі. Гэта прафілізацыя па гісторыі ўведзена ў 2008 годзе. Тыя школьнікі, якія будуць у 2015 і 2016 годзе здаваць выпускныя экзамены, будуць здаваць гісторыю за 10-11-ы класы. Тое, што яны здалі ў 9-м класе, ім цяпер здаваць не трэба», — растлумачыў міністр.

У цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі ўключана кітайская мова

Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк.
Плануецца, што ЦТ будзе праводзіцца з 14 па 27 чэрвеня. Рэзервовы дзень — 2 ліпеня. Акрамя таго, у адзін дзень (27 чэрвеня) плануецца здача двух прадметаў — сусветнай гісторыі навейшага часу і геаграфіі.
Сяргей Раманюк паведаміў таксама, што па даручэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Мінадукацыі распрацаваны і ўнесены ў Савет Міністраў праект пастановы, дзе прадугледжана павелічэнне аплаты за рэгістрацыю на ЦТ. Аплата ўстанаўліваецца ў памеры 0,1 базавай велічыні (раней аплата рэгістрацыі не прывязвалася да базавай велічыні і складала Br10 тыс.).
Таксама ўводзіцца норма, якая дае магчымасць падаваць дакументы на рэгістрацыю, атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыентаў у выпадку адсутнасці па ўважлівай прычыне такой магчымасці ў саміх абітурыентаў (раней — толькі асабіста) і рэгламентаваны ўмовы і парадак выдачы Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў дублікатаў сертыфікатаў ЦТ.
Што датычыцца пытання аб адзнаках, прыраўноўваемых да нездавальняючых па выніках ЦТ, то гэты дакумент таксама распрацаваны, сказаў Сяргей Раманюк. У параўнанні з 2014 годам зменены падыход да вызначэння «ніжніх парогавых» балаў ЦТ. Ён дыферэнцыраваны адносна ўзроўню ведаў абітурыентаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць профільным іспытам — першаму і другому. Пры гэтым «ніжнія парогавыя» значэнні па першым профільным прадмеце пакінуты на ўзроўні 2014 года, а «ніжнія парогавыя» значэнні прахадных балаў па другім профільным прадмеце — на 5 балаў ніжэйшыя, чым у 2014 годзе. Напрыклад, па першым профільным прадмеце па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі — 15 балаў, а па другім профільным прадмеце па тых жа прадметах — 10 балаў.
Так, у 2015 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14, а па прадметах гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19. Па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14. Па рускай і беларускай мовах нездавальняючыя адзнакі — ад 0 да 10 балаў.
Так званыя парогавыя значэнні ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта; на ваенныя факультэты дзяржаўных ВНУ; у дзяржаўныя ВНУ па групах спецыяльнасцей «вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства», «сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый», «меліярацыя і водная гаспадарка», «аграінжынерыя» і ў ВНУ МУС на месцы дадатковага набору ўстаноўлены ад 0 да 4 балаo/

Мінадукацыі нагадвае аб змяненні пераліку профільных уступных іспытаў у ВНУ

З гэтым пералікам можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.
«Мы былі абавязаны на падставе Правіл прыёму вызначыць пералік груп спецыяльнасцей і адпаведных ім профільных іспытаў не пазней як за 10 месяцаў да пачатку рэгістрацыі на ЦТ. Пастанова Мінадукацыі нумар 91 аб уступных іспытах на 2015 год была зацверджана яшчэ 1 ліпеня 2014 года і шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Міністр нагадаў, што па некаторых спецыяльнасцях зменены профільныя іспыты, па некаторых — прыярытэты профільных экзаменаў. Напрыклад, асобы, якія паступаюць на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя», будуць здаваць біялогію (раней матэматыку), і гісторыю Беларусі, на групы спецыяльнасцей «права» — грамадазнаўства і замежную мову (раней матэматыку), на «грамадскае харчаванне» — хімію (раней фізіку) і матэматыку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *