Как живётся, молодёжь? — интересуется профсоюзный лидер Шумилинского района Василий Юхновец

Актуалии Общество Экономика

Як жывецца, што на абед?
Клопат прафсаюза –  абарона прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў чалавека, ажыццяўленне кантролю за працоўным заканадаўствам, работа з моладдзю і ветэранамі.
У якіх умовах працуюць механізатары, як арганізавана іх харчаванне, якія створаны ўмовы для работы і жыцця маладых спецыялістаў – вось што мелі на мэце паглядзець у час чарговага аб’езду гаспадарак старшыня Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец і старшыня прафсаюза работнікаў АПК А. В. Аляксеенка.
Летась у ААТ “АграБаравінка” прыехалі працаваць маладыя спецыялісты: бухгалтары, інжынер-механік, эканаміст, механізатары. На рабочым месцы засталі Святлану Дыдык і Вольгу Куваеву (на здымку). Абедзве палачанкі, яны вывучыліся ў аграрным каледжы на бухгалтараў. Святлане даверылі пасаду галоўнага бухгалтара.
Прафсаюзныя лідары  пацікавіліся ўмовамі жылля дзяўчат. “Жывём у кватэры з усімі зручнасцямі, –  расказалі Вольга і Святлана. – Як маладым спецыялістам нам даплачваюць штомесяц да акладу па дзве тарыфныя стаўкі  першага разраду”. У гаспадарцы ім выплацілі пад’ёмныя – прыкладна па пяць мільёнаў рублёў кожнай.
В. В. Юхнавец і А. В. Аляксеенка пацікавіліся ўмовамі работы механізатараў. Мужчыны расказалі, што прэтэнзій няма, што абеды прывозяць на поле са сталовай “Дабееўскі мох” райспажыўтаварыства. Пры гэтым з механізатараў вылічваюць 20% кошту абедаў. “Так, кожны дзень заказваем па 16-18 абедаў, –   кажа старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “АграБаравінка” А. В. Міраненка. – Адзін абед для механізатара абыходзіцца каля васьмі тысяч рублёў. Згодна з калектыўным дагаворам за работу звыш нормы  для механізатараў прадугледжаны даплаты.  Акрамя гэтага, работнікі гаспадаркі маюць права бясплатна карыстацца трактарам, каб, напрыклад, прывезці дровы ці будаўнічыя матэрыялы”.
В. В. Юхнавец параіў заахвочваць лепшых механізатараў  не толькі грашыма, але і сельгаспрадукцыяй. “Асабліва руплівым можна і бычка падарыць за добрую работу, – кажа Васіль Васільевіч. – Так робяць у многіх гаспадарках вобласці, дык чаму б нам не пераняць такі вопыт?”
У КУСГП “Мішневічы” абеды для механізатараў гатуюць ва ўласнай сталоўцы. Мясцовыя работнікі хвалілі повара Яўгенію Кірыкаву і яе памочніцу Антаніну Сціхіну за добрую работу. Механізатары расказалі пра свае абеды, што іх кошт больш танны, чым у “АграБаравінцы”. Усё ж ад уласнай сталоўкі ёсць плюсы – няма транспартных выдаткаў. Мішневіцкія повары і сваіх механізатараў кормяць, і з суседняй гаспадаркі – КУСГП “Сіроцінскі”.
Свая сталовая і ў ААТ “Лаўжанскае”. Кіраўніцтва гаспадаркі падышло да яе падрыхтоўкі перад пасяўной сур’ёзна: памяшканне адпавядае ўсім санітарным нормам. У гэтым вялікая заслуга і загадчыцы  Святланы Духовіч, і старшыні прафкама гаспадаркі Людмілы Купрыянавай.
Пасля аб’езду гаспадарак склалася прыемнае ўражанне пра работу пяр-вічных прафсаюзных арганізацый. Зразумела, ёсць і недапрацоўкі, але ж прафкамы нацэлены на галоўнае – клапаціцца пра людзей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *