Обольский керамический завод: горный цех

Экономика

Нялёгкі клопат – выцягнуць самы магутны экскаватар ЭКГ-5. Экскаватар праваліўся ў дрыгву некалькі месяцаў таму, дастаць яго адразу не паспелі, ён і ўмерзнуў.

Тут пачынаецца цэгла
Напэўна, кожны ведае, што для атрымання цэглы патрэбна гліна. Радовішча гліны “Заполле” размешчана ў 15 км ад Обальскага керамічнага завода. Разведаных запасаў хопіць для работы завода на 80 гадоў. Іх плошча – 360 га, магутнасць адкладаў карыснага выкапню дасягае 11 метраў, сыравіна ідэальна падыходзіць для вытворчасці цэглы паўсухім метадам. Праўда, на заводзе вырабляюць цэглу па дзвюх тэхналогіях, і для пластычнага спосабу гліну прыходзіцца папярэдне рыхтаваць.
Гліняны кар’ер — горны цэх – адзін з галоўных вытворчых цэхаў прадпрыемства.
– На кар’еры вельмі складанае геалагічная становішча,– тлумачыць намеснік дырэктара па вытворчасці і тэхналогіі В. А. Аксёнава. – Шмат клопатаў, каб раскрыць гліняны слой, бо  покрыва дасягае трох метраў. Да таго, кар’ер моцна абводнены — у тоўшчы гліны некалькі ваданосных гарызонтаў…
Таму цяжкая тэхніка часам правальваецца, нібы ў дрыгву. Тэхніка – экскаватары і МАЗы – важыць некалькі дзесяткаў тон, а вялікі экскаватар – і ўсе 200. У кар’еры працуюць два экскаватары Э-2503 з аб’ёмам каўша 2,5 м3 і экскаватар ЭКГ-5 з аб’ёмам каўша 5 м3.
Заводу штодзень патрабуецца больш за 1000 тон сыравіны. Хаця ў лепшыя часы перапрацоўвалі да 2,5 тысячы тон. Забяспечыць неабходныя аб’ёмы паспяваюць, працуючы ў дзве змены. Працаваць прыхо-дзіцца ў складаных умовах, праехаць у кар’еры магчыма толькі па бетонных плітах. Нават экскаватар сам сабе пракладае дарогу, падцягваючы наперад пліты.
Наогул гаспадарка ў горным цэху даволі шырокая і складаная: тут шмат труба-праводаў і помпаў, што адводзяць ваду з кар’ера, магутная энергетычная гаспадарка, якая забяспечвае электраэнэргіяй экскаватары, помпы, асвятленне. Ёсць тут і свае прафесіянальныя сакрэты і хітрыкі. Перад калектывам цэха (тут працуе 21 чалавек) галоўная задача – забяспечыць бесперабойную работу завода.
Пасля выпрацоўкі ўчастка радовішча праводзяць яго рэкультывацыю – плошчу выроўніваюць, разраўноўваюць верхні (зняты пры ўскрыцці) слой глебы, пакідаюць вадаёмы і перадаюць плошчы лясгасу. Так што на месцы былых кар’ераў хутка будуць прыгожыя лясы і азёры. Дарэчы, вадаёмы ў кар’еры ўжо карыстаюцца папулярнасцю ў мясцовых рыбакоў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №19 ад 15.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *