В Шумилинском районе прошло перезахоронение останков неизвестных солдат Великой Отечественной войны

Актуалии

І толькі памяць – вечная


Гэтую магілу, у якой пахаваныя двое невядомых салдат, Ніна Рыгораўна Масько добра ведала яшчэ з дзяцінства. Калі матуля разам з суседкай адпраўлялася на могілкі, яна бегла следам за імі. Даглядалі магілы блізкіх, і гэту таксама. Як сваю. Думалася, а можа і да магілы роднага чалавека, без вестак прапаўшага на вайне, таксама нехта прыйдзе, прынясе кветкі, паплача… Так салдаты, што знайшлі апошні прытулак на дабейскай зямлі, заўжды адчувалі людскую ўдзячнасць і клопат.


Занямогшы, жанчыны свой абавязак даглядаць магілу невядомых салдат перадалі сваім дзецям як вялікі бацькоўскі наказ. І наказ гэты Ніна Рыгораўна Масько ніколі не парушыла. Але чым больш гадоў адлічвала жыццё, тым трывожней станавілася жанчыне: хто прыйдзе на магілу, калі яе не стане. Яна доўга думала, адважылася і пайшла ў ваенкамат…
І вось 22 чэрвеня 2017 года на брацкіх могілках у вёсцы Дабея прайшло ўрачыстае перапахаванне астанкаў савецкіх воінаў. З усімі ўшанаваннямі, згодна з хрысціянскай традыцыяй.
Колькі б гадоў ні прайшло пасля вайны, работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны ніколі не спыніцца, запэўніла, выступаючы на ўрачыстым мітынгу, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. У раён пастаянна прыходзяць лісты з розных куткоў былога Савецкага Саюза з просьбай дапамагчы ўстанавіць месца пахавання блізкіх людзей. А колькі іх, яшчэ не пахаваных, у нашай шматпакутнай зямлі… Але чалавечая памяць – вечная, трывалая, як камень. Калі бацька раскажа сыну пра дзеда-героя, пакажа яго медалі, калі прывядзе яго да магілы невядомага салдата, раскажа пра тое, што прыйшлося перажыць нашай краіне, і чаго каштавала Перамога. Тады забыццё немагчыма, тады нашы дзеці вырастуць з усведамленнем сілы і велічы свайго народа, важнасці сваёй гісторыі.
Мы не ведаем імёнаў гэтых двух салдат, але ведаем, што яны абаранялі сваю зямлю. І сёння яны далучыліся да сваіх аднапалчан, заўважыў выконваючы абавязкі начальніка адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага раённага ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Ігар Аляксееў. “Наша задача – падарыць ім жыццё. І яны жывыя, пакуль мы пра іх памятаем”, – сказаў ён.
“Усё, што ёсць дрэннага на зямлі, адбываецца на вайне, – гаварыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў. – Але менавіта з 22 чэрвеня, з самага першага выстралу можна адлічваць пачатак нашай Перамогі. Яна каштавала нам мільёны жыццяў, і мы не можам не памятаць пра гэта”.
Нарадзіўшыся ў 45-ым, Ніна Рыгораўна Масько перажыла цяжкія гады пасляваеннага аднаўлення. Гэта былі гады глыбокага смутку па загінуўшых, гады цяжкай працы і спадзяванняў на светлае будучае. Тады вайна была яшчэ зусім блізка, яшчэ ўчора, тады раны балелі яшчэ жывым свежым болем. А сёння жанчына адчувае вялікую палёгку. Цяпер яна дакладна ведае, што нават калі яе ўжо не стане, тыя двое салдацікаў, якія ішлі са шпіталю да магазіна ў Вялікія Ляжні і трапілі пад абстрэл, ніколі не згубяцца ў часе. На воінскія пахаванні ніколі не зарасце сцяжынка. Сюды абавязкова прыйдуць на 9 мая, каб пакланіцца памяці, сюды абавязкова прынясуць кветкі. Салдаты трапілі да сваіх. А яшчэ яна спадзяецца, што ўдасца вырваць у часу і іх імёны.

Пранікнёныя словы, салют у гонар памяці герояў, адпяванне згодна з хрысціянскай традыцыяй, вянкі і кветкі на свежай магіле – у Дабеі ў гэты дзень адбылася сапраўды важная падзея. Гэта ўсведамлялі самі вяскоўцы і шматлікія госці, што прыехалі на мерапрыемства, прадстаўляючы свае калектывы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №49 ад 27.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *