Да юбілею СШ №1 г. п. Шуміліна: 100 год па дарозе асветы

Актуалии Образование Общество

Да юбілею СШ №1 г. п. Шуміліна: 100 год па дарозе асветы

СШ №1 г. п. Шуміліна стаіць па парозе адметнай юбілейнай даты – у студзені 2018 года яна адзначыць сваё 100-годдзе. Слаўны шлях за плячыма навучальнай установы, кожная вяха якога адзначана стараннай працай настаўнікаў і вучняў, дасягненнямі і поспехамі. Мы адкрываем юбілейную рубрыку архіўнымі матэрыяламі, прадстаўленымі рэдакцыі газеты школьным музеем.
Студзень 1918 года. Да рэвалюцыі ў Шуміліне не было ніводнай нават пачатковай школы. Дзеці жыхароў Шуміліна хадзілі ў школы, якія знаходзіліся Ў вёсках Гарбузы, Засіннікі, Саломенка.
І вось у студзені 1918 года пры станцыі Сіроціна па хадайніцтву мясцовых чыгуначнікаў была адкрыта пачатковая школа. Месцілася яна ў маленькім двухпакаёвым будынку. У двух класах гэтай школы займалася ўсяго 80 вучняў пры двух настаўніках. Першым настаўнікам гэтай школы быў Акім Несцеравіч Салоха.
Акім Несцеравіч Салоха – Заслужаны настаўнік БССР, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, за яго плячыма 50 год педагагічнага стажу.
Неўзабаве двухкласная пачатковая школа была пераўтворана ў адзіную працоўную школу I ступені з пяцігадовым тэрмінам навучання. У сувязі з гэтым у школу прыйшлі новыя настаўнікі: Соф’я Сцяпанаўна Арлоўская і Вольга Канстанцінаўна Баброва.
Працаваць даводзілася ў цяжкіх умовах Грамадзянскай вайны і разрухі. Не было вучэбных дапаможнікаў, кніг, сшыткаў, дроў для ацяплення. Але дзеці рэгулярна наведвалі школу, імкнуліся да пісьменнасці. Яны сядзелі за прымітыўнымі чатырохмеснымі партамі, прагна лавілі кожнае слова настаўніка, акуратна выконвалі ўсе заданні.
Настаўнікі школы праводзілі вялікую грамадскую работу, займаліся ліквідацыяй непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, арганізоўвалі мастацкую самадзейнасць
1923 год. Пры школе створаны першы піянерскі атрад, важатай якога стала настаўніца камсамолка Яўгенія Кухарэнка.
1925 год. Шумілінская пачатковая школа набыла статус сямігодкі. Галоўнай задачай школы, як і ўсёй сістэмы адукацыі таго часу, было навучанне дзяцей грамаце, ліквідацыя непісьменнасці сярод насельніцтва, выхаванне падрастаючага пакалення на аснове камуністычных ідэй.
Школа і сёння захоўвае светлую памяць пра першых сваіх настаўнікаў: Уладзіміра Іванавіча Фёдарава, Розу Самуілаўну Эйдліну, Міхаіла Міхайлавіча Архіменку, Рамана Філіпавіча Воранава, Ніну Суровую, Мікалая Фаміча Лосева, Фёдара Івавнавіча Семчанку, Рыгора Іосіфавіча Будневіча.
1935 год. Школа вырасла да сярэдняй. Навучанне ў школе дапаўнялася вытворчай працай і грамадскай работай.
1935 – 1941 гады. Адбылося 5 выпускаў 10-х класаў. Першыя два выпускі – па аднаму класу, а ў наступныя – па два дзясятых класы. Усяго звыш 200 чалавек атрымалі сярэднюю адукацыю.
1941 – 1945 гады. У гады Вялікай Айчыннай вайны педагогі школы і яе выпускнікі паўсталі на абарону сваёй Радзімы. Многія з іх не вярнуліся ў родны дом. Былыя вучні школы Дзмітрый Мінчугоў і Пётр Акуцыёнак, якія загінулі ў баях з фашысцкімі акупантамі, былі ўдастоены высокага звання Герой Савецкага Саюза.

З кнігі “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна”:
Дзмітрый Міхайлавіч Мінчугоў. Закончыў школу ваенных лётчыкаў. У Чырвонай Арміі з 1932 г. На фронце з 1941 г. Камандзір эскадрыллі маёр Д. М. Мінчугоў здзейсніў 118 баявых вылетаў, з іх 41 ноччу. Эскадрылля бамбіла караблі, камунікацыі, войскі і тэхніку на адэскім, перакопскім, севастопальскім і каўказскім участках фронту, ваенныя аб’екты Бухарэста, знішчыла 15 варожых батарэй, 11 катараў, 15 самалётаў, 250 чыгуначных вагонаў, 148 аўтамашын. Д. М. Мінчугоў загінуў у баі 14.5.1943 г. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.7.1943 г. Яго імем названа вуліца ў г. п. Шуміліна.

Пётр Антонавіч Акуцыёнак. З ліпеня 1941 года ў складзе знішчальнага атрада ўдзельнічаў у барацьбе з фашысцкімі лазутчыкамі і дыверсантамі, на фронце з 1942 года. Удзельнік Курскай бітвы. Камандзір стралковага ўзводу малодшы лейтэнант П. А. Акуцыёнак адзначыўся ў кастрычніку 1943 года пры фарсіраванні Дняпра каля г. п. Лоеў Гомельскай вобласці. Байцы яго ўзводу пад моцным агнём праціўніка першымі пераадолелі раку і захапілі плацдарм. Выконваючы задачу расшырыць захоплены плацдарм і прарвацца ў глыбіню абароны ворага, узвод выбіў праціўніка з траншэі. П. А. Акуцыёнак на захопленай вышыні ўзняў чырвоны сцяг. Загінуў у баі 15.10.1943 г. Пахаваны ў Лоеве. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 30.10.1943 г. Імем П. А. Акуцыёнка названы вуліцы ў Лоеве і Шуміліне, школа №1 у Шуміліне. П. А. Акуцыёнак занесены ў Кнігу народнай славы Шумілінскага раёна. Навечна залічаны ў спісы воінскай часці.
Сапраўднымі героямі паказалі сябе на вайне настаўнікі школы:
Мікалай Фаміч Лосеў – удзельнік Сталінградскай бітвы, штурму Берліна. Маёр у адстаўцы. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, шматлікімі медалямі.
Аляксей Анісімавіч Калкоў – узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём “За адвагу”.
Фёдар Іванавіч Семчанка – узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у вайне 1941-1945 гадоў” і іншымі.
Іван Фёдаравіч Сініцкі – узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За баявыя заслугі”.
Макар Гаўрылавіч Магучы – узнагароджаны медалямі “За абарону Каўказа”, “За баявыя заслугі”.
Іван Трафімавіч Зазыбаў – узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Славы III ступені, медалём “За адвагу” і іншымі.
Ефрасіння Сямёнаўна Бяляева – удзельнік партызанскага руху, узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За адвагу” і іншымі.
Ганна Герасімаўна Васільева – удзельнік партызанскага руху, узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За баявыя заслугі” і іншымі.
Валянціна Фадзееўна Шылава (Гарцава) – узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй у вайне 1941-1945 гадоў”.
Андрэй Іосіфавіч Кузін.
Рыгор Іосіфавіч Будневіч.
Іван Харытонавіч Грыбаў.
Аляксандр Васільевіч Матушкоў.
Аляксандр Сокалаў.
Іван Мінаевіч Бяляеў.
Пётр Фёдаравіч Градоўкін.
Васіль Міхайлавіч Кузьмін.
Леаніна Сямёнаўна Храмцова.
З вайны не вярнуліся:
Сяргей Панцеляймонавіч Барабанаў (прапаў без вестак).
Уладзімір Іванавіч Фёдараў, у даваенныя гады працаваў дырэктарам школы (расстраляны фашыстамі).
Роза Самуілаўна Эйдліна (расстраляна фашыстамі разам з трохгадовым сынам).
Аляксандр Іванавіч Трутнёў, дырэктар школы з 1935 па 1939 год.
Леанід Ільіч Ліпскі.
Арлоў, у даваенныя гады быў дырэктарам школы.
Дзмітрый Васільевіч Пятроў, быў дырэктарам школы да 1935 года.
Іосіф Ісакавіч Шапялевіч, працаваў дырэктарам школы з 1940 па 1941 год (прапаў без вестак).
За незалежнасць і гонар Радзімы аддалі свае маладыя жыцці ў гады вайны былыя вучні Е. А. Паташкоў, Мікалай Дзёмінаў, В. Л. Каштанаў, І. Н. Шчарбакоў, В. І. Лашкоў, Н. М. Казакова і многія іншыя.
У гады вайны была разбурана і абрабавана школа. Частка школьных будынкаў была спалена, мураваны будынак старой школы фашысты пераўтварылі ў канюшню. Да канца вайны ад будынка засталіся толькі сцены.

1 верасня 1944 года аднавіліся заняткі ў СШ №1 г. п. Шуміліна.

Адзін з будынкаў, адведзеных пад школу ў пасляваенныя гады.

У школе не было парт, абсталявання, сшыткаў, кніг, наглядных дапаможнікаў. Але дзеці, якія ў ваеннае ліхалецце рана пасталелі, прагна цягнуліся да ведаў. Пісалі на газетах, на старых шпалерах чарніламі, зробленымі з ракетных зарадаў. І, нягледзячы на гэта, атрымлівалі добрыя веды. Захаваліся табелі пасляваенных выпускнікоў, у якіх пераважаюць адзнакі “4” і “5”. Амаль усе вучні першых пяці пасляваенных выпускаў СШ №1 закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Цяжка было і настаўнікам пасля вайны, яны былі перагружаны, вялі па 50-60 гадзін. Але з часам ВНУ далі папаўненне, цяжкасці паступова пераадольваліся і школа прыступіла да нармальнай работы.
У пасляваенныя гады работа школ была накіравана на выкананне Закона аб усеагульнай сямігадовай адукацыі, ажыццяўляўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі (дзесяцігодкі) і політэхнічнага навучання ў сярэдняй школе.
Адчуваўся недахоп вучэбных памяшканняў, і школа ўвяла навучанне ў дзве змены. З-за перабояў у забеспячэнні электраэнергіяй другой змене нярэдка даводзілася займацца пры газавых лямпах. Ацяпленне ў школе было пячное, таму на зіму рыхтавалі паліва. Не было кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, пад спартыўную залу прыстасавалі адзін з класных пакояў.
У 1953-1954 навучальным годзе ў 14 школьных пакоях СШ №1 навучаліся 28 класаў – 827 вучняў 1–10 класаў. На чале 40 настаўнікаў стаяў дырэктар школы Мікалай Фаміч Лосеў.
Мікалай Фаміч Лосеў працаваў у СШ №1 34 гады, з 1935 па 1939 год – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, з 1946 па 1952 год – завучам, з 1952 па 1966 год – дырэктарам школы, з 1966 па 1977 год – зноў настаўнікам. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалём “За працоўную адзнаку”, у 1976 годзе Мікалаю Фамічу Лосеву прысвоена званне заслужанага настаўніка БССР. (Пра ваенныя ўзнагароды Мікалая Фаміча мы пісалі вышэй – аўт.)
У пяцідзясятыя гады работа школы была накіравана на ўмацаванне сувязі тэорыі з практыкай, стаяла задача даць вучням прафесійную падрыхтоўку для работы ў галінах народнай гаспадаркі.
У навучальны час вучні 5-10 класаў працавалі па 2-3 тыдні ў калгасах на ўборцы ўраджаю.
Пастаянна праводзіліся экскурсіі: на вадакачку, лесапілку, авечкаферму, трусаферму, у РТС, друкарню, швейную майстэрню, на пошту, будаўнічыя пляцоўкі, у сасновы бор, у аддзяленне “Сельгастэхнікі”, у Обальскі музей юных мсціўцаў і інш. Пасля экскурсій праводзіліся прадметныя ўрокі. Матэрыялы экскурсій выкарыстоўваліся таксама на ўроках арыфметыкі, беларускай і рускай моў, вяліся календары прыроды і працы.
Уся дзейнасць школы была прасякнута ідэйна-палітычным, атэістычным, эстэтычным і працоўным выхаваннем. Працавалі камсамольская і піянерская арганізацыі, дзейнічаў вучнёўскі камітэт.
Былі створаны абаронна-спартыўныя гурткі, якія вёў выкладчык фізкультуры Андрэй Іосіфавіч Кузін.
1959-1960 навучальны год стаў першым годам вялікай праграмы па перабудове школы (“Закон аб умацаванні школы з жыццём”).
Сіламі вучняў і настаўнікаў пад кіраўніцтвам Івана Фёдаравіча Сініцкага быў абсталяваны кабінет хіміі. Пад кіраўніцтвам Івана Ягора-віча Дзёмінава створаны кабінет чарчэння.
Абсталяваны кабінет фізікі. Набылі першы ў школе кінаапарат, які выкарыстоўваўся для дэманстрацыі вучэбных фільмаў.
Пад кіраўніцтвам А. М. Семчанкі ў 1955 годзе была абсталявана геаграфічная пляцоўка, якая ўмела выкарыстоўвалася на ўроках у 5-7 класах.
Калі не хапала наглядных дапаможнікаў, рабілі самі. У гэтым дапамагала вучэбная майстэрня. Школьнікі самі рабілі рэйкі для табліц, майстравалі чарцёжныя дошкі, рэйсшыны, шархебелі, інструментальныя скрыні, паўфуганкі, рубанкі, рэйсмусы, табурэты, клеткі для трусоў, кіянкі, рашоткі для чысткі абутку, граблі, рамантавалі парты. Сіламі майстэрні быў абсталяваны школьны трусятнік і многае іншае.
Уведзена грамадска-карысная праца. Школьны двор пераўтварыўся ў вялікі кветнік, які падтрымліваўся ва ўзорным парадку. На зіму нарыхтоўвалі корм для трусоў. Штодзённа рабілі вільготную ўборку класных пакояў. Настаўніца М. С. Канстанцінава навучыла дзяцей рабіць папяровыя кветкі для ўпрыгожвання першамайскай калоны, а таксама самаробныя цацкі для навагодняй ёлкі. Дзяцей вучылі ўсяму, што можа спатрэбіцца ў жыцці. Напрыклад, вырабляць чарнілы, мыць дробныя пафарбаваныя рэчы. Добра была пастаўлены шэфская работа. Шэфствавалі над брацкімі могілкамі, над школьнай і дзіцячай бібліятэкамі, над дзіцячым садам.
Асаблівае месца адводзілася вучэбна-вопытнаму ўчастку.  У СШ №1 вучэбна-вопытны ўчастак займаў два гектары, з іх 1,7 га былі размешчаны на адлегласці аднаго кіламетра ад школы. На ўчастку быў сад, канвеер-гадавальнік пладовых дрэў, які налічваў каля 3000 сеянцаў, участкі пачатковых класаў, кветнікі, пітомнік дэкаратыўных дрэў і кустоў, летні клас, кладоўка. Тут вывучалася агратэхніка вырошчвання сельгаскультур, прыёмы апрацоўкі глебы, тэрміны і нормы ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў і г. д. Вырошчвалі кукурузу, бульбу, кармавыя буракі, капусту. Ставілі самыя сапраўдныя навуковыя вопыты. Ураджай з прышкольнага ўчастка рэалізоўвалі насельніцтву, тым самым школа зарабляла грошы на свае патрэбы.
У 1957 годзе з вучняў 8-9 класаў была створана вучнёўская вытворчая брыгада. У 1959 годзе ў ёй налічвалася 75 вучняў. На землях калгаса імя Леніна (10 га) брыгада вырошчвала кукурузу, лён, бульбу, цукровыя буракі, грэчку, кармавыя бабы, проса, кузіку, лубін, мальву. Зімой члены брыгады займаліся вывазам арганікі, вывучалі агратэхніку вырошчвання культур. Для забеспячэння вытворчай практыкі школа атрымала ад калгаса імя Леніна колавы трактар “ДТ-14”, а пазней яшчэ два – МТЗ-2 і ДТ-54. Займаліся пастаноўкай вопытаў:
уплыў вапнавання глебы на ўраджай кукурузы;
як уплываюць на рост і развіццё кукурузы, цукровых буракоў і бабовых раслін розныя дрэнажы (глыбіня, накірунак і размер дрэн);
утрыманне элементаў сілкавання ў глебе (фосфару, калію, азоту) на дрэнажных землях у розныя тэрміны вегетацыйнага перыяду развіцця раслін;
сумесны пасеў кукурузы і бабоў у адно гняздо і інш.
Вопыты ставіліся па заданні навукова-даследчага інстытута меліярацыі і воднай гаспадаркі Акадэміі навук БССР. Брыгада не аднойчы ўзнагароджвалася граматамі і каштоўнымі падарункамі. За працоўныя справы ў 1959-1960 навучальным годзе СШ №1 заняла першае месца ў раёне і атрымала пераходны сцяг ад Сіроцінскага РК ЛКСМБ. У 1964 го-дзе вучнёўская вытворчая брыгада атрымала граматы абласнога ад-дзела народнай адукацыі, ЦК ЛКСМБ, дыплом 1 ступені Міністэрства адукацыі БССР і тэлерадыёлу “Беларусь-110”.
Цікавымі і папулярнымі былі гурткі. Гурток юнатаў пад кіраўніцтвам П. Ф. Яўсеевай займаўся развядзеннем трусоў. Радыётэхнічны гурток, кіраўніком якога быў Н. Г. Васілевіч, быў адказны за трансляцыйную лінію школьнага радыёвузла. Арганізаваны быў і гурток аўтасправы, пасля заканчэння якога здаваліся экзамены і прысвойваліся правы разраду аматараў. Для гэтага школа набыла неабходныя наглядныя дапаможнікі і нават аўтамашыну. Заняткі ў гуртку аўтасправы вёў Л. І. Ляснічы. А гурток юных кветкаводаў за добрую работу быў узнагароджаны граматай і бібліятэчкай газеты “Піянер Беларусі”.
У 1960 годзе школа стала даваць прафесійную падрыхтоўку навучэнцам па спецыяльнасцях:
механізатар шырокага профілю; сястра-выхавальніца дашкольных устаноў; работнік гандлю (прадавец).
З’явіліся і іншыя спецыяльнасці: трактарыст-машыніст III разраду;
медсястра;  лабарант сельскагаспадарчай вытворчасці.
Вялікае месца ў жыцці кожнага школьніка таго часу займалі піянерская і камсамольская арганізацыі. Дэвіз піянераў і камсамольцаў “Вучыцца, жыць і працаваць па-ленінску” аб’ядноўваў дзяцей у працоўных дэсантах, шэфскіх памкненнях, конкурсах рэвалюцыйна-ваеннай песні, спартыўных спаборніцтвах, ваенізаваных гульнях і многіх іншых справах.

Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №№ 91,92,94 ад 28.11.2017 г.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *