У новы год з новымі планамі і новым бюджэтам

Актуалии Президент Экономика

У новы год з новымі планамі і новым бюджэтам

22 снежня прайшла чарговая 45-ая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, якую правяла старшыня Савета Ірына Новікава.

У рабоце сесіі браў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мірош. На пасяджэнне былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. На абмеркаванне дэпутатаў  былі вынесены пытанні аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2017 годзе, прагнозных паказчыках і раённым бюджэце на 2018 год, іншыя пытанні.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў прадставіў дэпутатам падрабязны аналіз сітуацыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы  раёна, расказаў пра асноўныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. “З трынаццаці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў раёне выкананы сем, і такі вынік не можа задавальняць, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – А значыць у наступным годзе трэба працаваць вельмі напружана, каб выканаць устаноўленыя параметры развіцця Шумілінскага раёна”. Ён вызначыў прычыны пралікаў 2017 года, назваў асноўныя захады па выпраўленні становішча.
Зыходзячы з той эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў раёне, а таксама з прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і вобласці дэпутатам былі прапанаваны на зацвярджэнне асноўныя паказчыкі развіцця раёна ў 2018 годзе.
У 2018 годзе прадугледжана далейшае развіццё прамысловых прадпрыемстваў раёна, мадэрнізацыя існуючых, адкрыццё новых вытворчасцяў.
Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў 2018 годзе складзе: цэглы будаўнічай 33 900 тысяч шт. ці 111% да 2017 г.;  цеплавой энергіі – 71000 Гкал ці 105,7%; індэкс прамысловай вытворчасці складзе 100,5% да узроўню 2017 г.; зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасці прадукцыі мінус 4,1%;
У сельскай гаспадарцы трэба выйсці на тэмп росту валавой прадукцыі – 110%, узровень рэнтабельнасці продаж – 4,7%. У 2018 годзе плануецца пасеяць 12217 га зерневых і зернебабовых пры ўраджайнасці не менш за 24 ц/га, забяспечыць валавы збор 27 тысяч тон, у тым ліку рапсу не менш за 3100 т, бульбы не менш за 3600 т, гародніны – не менш 375 т. Прадоўжыцца рэалізацыя мерапрыемстваў па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый і далейшае развіццё інтэграванай структуры.
У наступным годзе запланавана будаўніцтва і рэканструкцыі значных сацыяльных аб’ектаў у раёне: капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка раённага цэнтра культуры і Обальскай сярэдняй школы, будаўніцтва 32-кватэрнага жылога дома ў г. п. Шуміліна.
Выкананне намечаных задач па экспарце тавараў і паслуг плануецца за кошт павелічэння экспарту цэглы, гатовых вырабаў з драўніны, алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, транспартных, турыстычных і паляўнічых паслуг. Тэмп росту экспарту тавараў складзе 105,3%, паслуг – 106,2% да ўзроўню 2017 года.
Для выканання паказчыкаў па рознічным тавараабароце патрабуецца прыцягненне ў раён буйных гандлёвых сетак і дыскаўнтараў. Плануецца будаўніцтва ў аграгарадку Светласельскі магазіна агульнай плошчай 400 кв. м ТАА “Санта Рытэйл”. У 2018 годзе рост рознічнага тавараабароту запланаваны не ніжэй 106%, тавараабароту грамадскага харчавання не ніжэй за 106,5% да мінулага года.
Далейшаму развіццю малога і сярэдняга бізнесу павінны паспрыяць дэкрэты і ўказы, падпісаныя кіраўніком дзяржавы ў апошнія месяцы.
У мэтах далейшага развіцця рынку працы плануецца працаўладкаваць на новыя працоўныя месцы 65 чалавек. Узровень налічанай зарплаты складзе 680 рублёў.
Выкананне прагнозных паказчыкаў дазволіць забяспечыць напаўненне раённага бюджэту і неабходнае развіццё сацыяльнай сферы, паляпшэнне ўзроўню жыцця і дабрабыту насельніцтва раёна, падсумаваў старшыня райвыканкама.
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама дэпутат раённага Савета Алена Сідарэнка прадставіла на зацвярджэнне раённы бюджэт на 2018 год. Бюджэт збалансаваны па даходах і расходах. Плануецца, што сума даходаў складзе 28 562,5 тысячы рублёў. Асноўныя крыніцы напаўнення бюджэту – гэта падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на дабаўленую вартасць, маёмасныя падаткі. Асноўнымі падаткаплацельшчыкамі, як і ў мінулыя гады, будуць такія арганізацыі, як УП ЖКГ, ПМК-70, “Славянскі прадукт”, ОКЗ, ДРБУ-204, “Вітконпрадукт”. Істотную долю плацяжоў уносяць і прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу.
У наступным годзе бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць, і асноўныя выдаткі (74% ці 21 219 тысяч рублёў) будуць накіраваны ў сацыяльную сферу: 42% выдаткаў пойдуць на сістэму адукацыі, 19,4% – на сістэму аховы здароўя, 5,6% – на сацыяльную абарону насельніцтва, 5,5% – на культуру, 1,8% – на фізічную культуру і спорт.
“Уласнымі даходамі будзе забяспечана 40,1% выдаткаў, 59,9% скла-дзе датацыя з вышэйстаячага бюджэту, – адзначыла дакладчык. – Наогул, напаўненне бюджэту будзе залежыць ад эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі, ад росту вытворчасці працы і заработнай платы работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна”.
З садакладам выступіў Павел Манак, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця, які расказаў пра абмеркаванне праекта бюджэту ў пастаянных камісіях раённага Савета дэпутатаў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.
На сесіі выступілі кіраўнікі шэрага арганізацый раёна: начальнік ДРБУ-204 Руслан Насцюшкін, дырэктар ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” Аляксандр Лабынцаў, начальнік цэха Шуміліна СТАА “Вітконпрадукт” Павел Шустроў, якія расказалі пра вынікі работы сваіх прадпрыемстваў, пра задачы, што стаяць перад імі на наступны год.
Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, выступоўцы – прадстаўнікі найбольш эфектыўных прадпрыемстваў раёна, у якіх выпрацоўка на аднаго работніка складае ад 42 да 66 тысяч рублёў, пры сярэднераённым паказчыку 17 тысяч.
Сацыяльную сферу прадставілі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова і галоўны ўрач раённай бальніцы Канстанцін Баканаў. Яны расказалі пра дзейнасць падначаленых устаноў, пра эканомію бюджэтных сродкаў у выніку аптымізацыі, пра вынікі развіцця адукацыі і аховы здароўя ў 2017 годзе, пра планы на 2018 год.
Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў зацвердзілі прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, а таксама раённы бюджэт на 2018 год.
Па прапанове начальніка фінансавага аддзела райвыканкама дэпутата раённага Савета Алены Сідарэнкі былі ўнесены змяненні ў бягучы раённы бюджэт: даходная частка была павялічана за кошт датацыі і пераразмеркавання грашовых сродкаў, дадатковыя грошы былі накіраваны, у тым ліку, на датацыю па аплаце насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг, патанненне цвёрдага паліва для насельніцтва і іншае.
Таксама былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў шэраг мясцовых нарматыўных актаў, што былі прыняты раней.
Па прапанове Ірыны Новікавай быў зацверджаны план работы раённага Савета дэпутатаў на 1 квартал 2018 года. Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў, план работы раённага Савета на астатні перыяд будуць прымаць ужо дэпутаты раённага Савета дваццаць восьмага склікання.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



1 комментарий по теме “У новы год з новымі планамі і новым бюджэтам

  1. …Ён вызначыў прычыны пралікаў 2017 года…
    Не помешало бы более подробно об этом. Но видно не судьба.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *