В Никитихинской СШ укрепляют территорию здоровья

Новости Образование

Тут школу лічаць тэрыторыяй здароўя

Здароўе – залог добрага настрою, актыўнасці і паспяховасці вучня, перакананы ў Мікіціхінскай школе, таму і выбралі для сябе творчы праект «Школа – тэрыторыя здароўя». Праект разлічаны на 2020–2023 гады, і многія ідэі тут паспелі рэалізаваць.


Удзельнікі метадычнага аб’яднання дырэктараў на мінулым тыдні пабывалі ў Мікіцісе і на свае вочы мелі магчымасць убачыць, як ідзе яго ўвасабленне ў жыццё. Пераканаліся, што праект аб’ядноўвае літаральна ўсіх: вучняў, настаўнікаў, тэхнічных работнікаў, бацькоў. Ён вызначаецца шматграннасцю, ахоплівае ўсе складаемыя здароўя: фізічнае самаадчуванне, псіхічнае, маральнае, сацыяльнае, эмацыянальнае, эстэтычнае, улічвае і індывідуальныя асаблівасці кожнага.
Як гэта працуе на практыцы? Калі ласка, глядзіце і далучайцеся, сказалі гасцям і запрасілі на інтэрактыўны дынамічны перапынак з «падлогавымі гульнямі», намаляванымі прама ў калідорах, прапанавалі паўдзельнічаць у спартландыі, майстар-класе і педагагічным квэсце, у дадатак пачаставалі гасцей беларускай бабкай і журавінавым морсам.
Галоўнымі героямі ва ўсіх справах, вядома ж, выступалі дзеці. Яны з радасцю дэманстравалі свае спартыўныя ўменні і дасягненні, здзіўлялі прысутных фактамі пра асаблівасці здаровага ладу жыцця Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна, Івана Крылова, Уладзіміра Маякоўскага і іншых вядомых пісьменнікаў і паэтаў, выступалі на сцэне разам з дырэктарам В. М. Асташонак і нават працавалі афіцыянтамі.
– Узяць на ўзбраенне праект «Школа – тэрыторыя здароўя» дыктуе само жыццё, – кажа Вольга Мікалаеўна Асташонак, – маларухомасць сучасных дзяцей, захопленасць камп’ютарамі і смартфонамі, праблемы з постаццю, зрокам, лішняй вагой падштурхоўваюць да гэтага. Работы мы пачалі яшчэ ў мінулым годзе, папрацавалі над інтэр’ерам класаў, дапоўнілі іх спецыяльнымі табліцамі для трэніроўкі вачэй, потым стварылі дынамічныя перапынкі з «падлогавымі гульнямі», якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзяцей. Актывізаваліся педагогі: настаўнік фізічнай культуры А. Я. Асташонак увёў на ўроках «кругавую трэніроўку»; настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н. І. Муцюк асвоіла квэст-гульню па зберажэнні здароўя, якую можна прымяніць на любым уроку; настаўніца пачатковых класаў А. А. Літвінава праводзіць майстар-клас па прафілактыцы эмацыянальнага выгарання педагогаў. І гэта дарэчы, улічваючы, што ўзрост нашага педагагічнага калектыву даволі сталы.
Яшчэ адным штуршком да абранага праекта, па словах дырэктара, сталі спартыўныя дасягненні школы, якія хочацца пацвярджаць і мацаваць. Тое ж першае месца ў спартакіядзе сярод школ раёна не хочацца аддаваць нікому.
Мікіціхінская СШ прадэманстравала вельмі высокі ўзровень у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства, якое годна абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню, тут сапраўды вя-дзецца сур’ёзная работа па ўмацаванні здароўя і дзяцей, і дарослых, – такую адзнаку дала намеснік начальніка ад-дзела па адукацыі райвыканкама Іна Чарнічэнка, дарэчы, былая выпускніца гэтай школы.
А панарама інавацыйнага педагагічнага вопыту «Установа адукацыі XXI стагоддзя» папоўнілася новымі багатымі фарбамі.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіва школы.
Апублікавана ў №33 ад 30.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *