40 парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства выяўлена ў Шумілінскім раёне за 5 месяцаў бягучага года

Новости Экология

Прырода мае патрэбу ў абароне

З якімі парушэннямі прыродаахоўнага заканадаўства даводзіцца мець справы Шумілінскай раённай экалагічнай службе

Прырода мае патрэбу ў абароне. Як паказвае жыццё, парушальнікаў экалагічнай маралі ў нашым грамадстве менш не становіцца, а іх неразумныя адносіны да прыроды наносяць навакольнаму асяроддзю значную шкоду.
«40 парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства выяўлена ў нашым раёне за 5 месяцаў бягучага года і прыцягнута да адказнасці, – кажа начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч. – Пераважная большасць парушэнняў (11 парушальнікаў) здзейснена ў часці абыходжання з адходамі».
У першую чаргу размова пра несанкцыянаваныя звалкі. Нягледзячы на тое, што ў раёне многае робіцца ў гэтым накірунку: ідзе ўстаноўка кантэйнераў для збору смецця, наладжаны рэгулярны вываз смецця, аматараў выкінуць адходы дзе прыйдзецца хапае. І многія наіўна думаюць, што выкінутае ў кустах смецце не раскажа нічога пра сваіх гаспадароў. Але парушальнікі вышукваюцца і караюцца. У сярэднім фізічныя асобы атрымліваюць за свае нядобрасумленныя ўчынкі штрафы па 4-5 базавых велічынь (у сярэднім па 150 руб.). Хочацца верыць, што немалыя сумы штрафаў спыняць у наступны раз неадольнае жаданне дайсці з мяхом смецця да бліжэйшых кустоў.
Да слова. Паўгода таму аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў прадставіў УП ЖКГ 1750 кантэйнераў для збору смецця ў прыватным сектары Шуміліна і Обалі. Работы па іх устаноўцы на прыватных падворках грамадзян вядуцца, праўда, не так хутка, як хацелася б.
У гэтым годзе ў раёне праведзена рэкультывацыя трох міні-палігонаў (Боськава, Полькавічы, Бунцікі), яшчэ адна (Мікалаева) на стадыі заканчэння.
«На другім месцы сярод парушэнняў – нерацыянальнае выкарыстанне вады, – зазначае Генадзь Мікалаевіч. – Гэта цечы воданапорных вежаў. Самыя злосныя парушальнікі – КУСГП «Мішневічы», райаграсэрвіс і «Полацкводаканал». Хочацца пахваліць кіраўніцтва ААТ «АграБаравінка», якое ў апошні час многае зрабіла па ліквідацыі праблемы. Адміністрацыйная адказнасць за парушэнні прадугледжвае штрафы да 20 БВ на фізічных асоб, і да 200 БВ – на юрыдычных асоб».
Мела месца сёлета і самавольнае карыстанне нетрамі. Адно з шумілінскіх прадпрыемстваў самавольна здабывала пясок для ўласных патрэб на чужым кар’еры, за што было таксама пакарана раённай экалагічнай службай.
17 мая адбылася экалагічныя аварыя на вытворчым цэху ААТ «Малако» – здарыўся выкід недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у рэчку Чэрніца. Па дадзеным выпадку ідзе адміністрацыйны працэс, вінаватыя будуць пакараны.
Раённыя эколагі стаяць на варце прыроды, рашэнне экалагічных праблем для іх з’яўляецца сферай прафесійнай дзейнасці.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №42 ад 04.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *