Набат памяти не смолкнет никогда

85 лет Витебской области Беларусь помніць Общество

Набат памяці не змоўкне ніколі

У Шуміліне на брацкай магіле яўрэяў-жыхароў райцэнтра, расстраляных нямецка-фашысцкім захопнікамі 19 лістапада 1941 года, адбыўся мітынг-рэквіем «Набат памяці». Прадстаўнікі ўлады, арганізацый і насельніцтва раённага цэнтра, школьнікі сабраліся, каб згадаць даўнія жахлівыя падзеі, ушанаваць памяць загінуўшых.

163 населеныя пункты нашага раёна паўтарылі лёс Хатыні, 24 не адрадзіліся пасля вайны. Назвы васьмі ўвекавечаны на сімвалічных могілках вёсак у мемарыяльным комплексе «Хатынь», – сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – Сёння, у дзень Хатынскай трагедыі, мы сабраліся, каб успомніць нявінных ахвяр фашысцкіх карнікаў, нагадаць жахі, якія нясе вайна. Задача нашага і ўсіх наступных пакаленняў – помніць пра подзвіг і ахвяры беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і берагчы мір.

Памочнік пракурора Шумілінскага раёна Аляксей Шчарбакоў адзначыў, што расследаванне генацыду беларускага народа ў гады вайны нават праз дзесяцігоддзі выявіла новыя факты знішчэння мірных людзей, цэлых населеных пунктаў. «Расследаванне працягваецца. Больш за 10 тысяч населеных пунктаў, каля 3 мільёнаў чалавек знішчылі нацысцкія захопнікі і іх памагатыя ў Беларусі. Не забываць пра гэта і перадаць памяць нашым нашчадкам, каб такое ніколі не паўтарылася – наш абавязак», – сказаў прадстаўнік пракуратуры.

Чатыры постаці з жоўтымі латамі на грудзях сімвалізуюць вязняў шумілінскага гета. Яны расказалі пра тое, як парушылася мірнае жыццё, як фашысты, якія прыйшлі на нашу зямлю, стварылі гета, куды загналі на смерць мірных шумілінцаў, чыя віна была толькі ў тым, што у іх была іншая нацыянальнасць. 18 лістапада былі расстраляны вязні гета ў Сіроціне, а 19 лістапада на ўскраіну пасёлка торфазавода з Шуміліна фашысты і паліцаі павялі вялікую калону шумілінцаў…

«Ахвярам нацызму. Тут 19 лістапада 1941 года былі па-зверску расстраляны 376 яўрэяў мястэчка Шуміліна» – на беларускай, англійскай і яўрэйскай (іўрыце) мовах напісана на абеліску, устаноўленым на брацкай магіле.

Хвілінай маўчання шумілінцы ўшанавалі памяць землякоў. Да падножжа каменю кладзецца гірлянда з яловых галін, пунсовыя гваздзікі.

Набат памяці ніколі не змоўкне ў нашых сэрцах.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Даведка ГП

Гета ў Шуміліне

Шуміліна было захоплена нямецкімі войскамі 8 ліпеня 1941 года. У канцы ліпеня – пачатку жніўня 1941 года, рэалізуючы праграму знішчэння яўрэяў, гітлераўцы арганізавалі ў мястэчку гета, куды сагналі і яўрэяў з навакольных вёсак. Пад гета выдзелілі дзесяць дамоў на вул. Паштовай (зараз Піянерская), з якіх выселілі гаспадароў-неяўрэяў. Тэрыторыя гета была агароджана калючым дротам, на вышцы сядзеў паліцэйскі з кулямётам і страляў у кожнага, хто падыходзіў да агароджы. На адзенне загадалі нашыць жоўтыя латы (шасціканцовыя зоркі). Ежы жыхарам не давалі. Людзі былі вымушаны абменьваць рэчы на ежу. Некаторыя паліцаі з мясцовых бралі золата за тое, што дазвалялі абмен. Мужчын ганялі на прымусовыя работы – разгружаць вагоны на станцыі.

У сярэдзіне лістапада стала зразумела, што хутка ўсіх знішчаць. Паліцаі адкрыта гаварылі пра масавае забойства. Двое старых павесіліся ад бязвыхаднасці і немагчымасці дапамагчы дзецям і ўнукам.

19 лістапада 1941 года ўсіх вязняў гета выгналі з дамоў і загналі ў ільносклад (быў на скрыжаванні завулка Паштовы і вул. Шумілінская). Туды ж пачалі звозіць яўрэяў з блізкіх вёсак Полацкага і Бешанковіцкага раёнаў. У канцы дня яўрэяў павялі да пасёлка торфабрыкетнага завода «Дабееўскі мох». Над калонай стаяў плач і крыкі. Уздоўж дарогі стаялі і глядзелі мясцовыя жыхары. Ззаду калоны ішлі немцы з сабакамі.

На месцы расстрэлу прымусілі вырыць вялізарную яму і ўсіх расстралялі. Калі людзей падвялі да ямы некалькі маладых яўрэяў заспявалі «Інтэрнацыянал». Немцы і паліцаі пачалі збіваць іх пугамі, цкаваць сабакамі. Пасля «акцыі» паліцаі яшчэ раз прачасалі мястэчка і расстралялі некалькі знойдзеных яўрэяў, якія хаваліся.

Шумілінцы-яўрэі змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах. Моладзь спрабавала арганізаваць супраціўленне ў гета, але безвынікова. Спачатку ў падполлі, затым у партызанскім атрадзе ваявала Наталля Герман, сакратар падпольнага райкама ЛКСМБ. Збегла з гета і ваявала ў партызанскім атрадзе Ася Пятроўская. Выратавалася падчас расстрэлу Раіса Татарская – лёгка параненая, яна прыкінулася мёртвай, ноччу выбралася з ямы, пазней ваявала ў партызанах.

Падлетак Якаў Магільніцкі адсутнічаў у гэты дзень у гета, затым яго выратавалі сям’я Куценка з вёскі Пятніцкае. Імёны беларускіх сялян занесены ў спіс «праведнікаў народаў свету» ў ізраільскім мемарыяльным комплексе «Яд Вашэм».

Пасля вайны на месцы расстрэлу сваякі, якія вярнуліся з арміі і эвакуацыі паставілі драўляны абеліск, пазней быў устаноўлены каменны помнік. Сучасны помнік пастаўлены ў 2015 годзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *