Кто и где строится в Шумилино

Общество

Не на балоце –  ля возера селіцца народ
Калі прыязджаю да брата ў Барысаў і іду па баравому ляску да яго сядзібы, цешуся мясцінай, дзе ён асеў. Побач лес, недалёка – рака Бярэзіна. І грыбы-ягады табе побач, і рыба.
Нашы продкі так сабе сталае селішча і выбіралі. Мала што змянілася праз стагоддзі, чалавек па-ранейшаму  хоча мець побач з сядзібай  і лес, і рэчку.
Такія думкі з’явіліся  пасля таго, як  пагаварыў па тэме ўзвядзення жылля з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедавай і галоўным спецыялістам землеўпарадкавальнай службы раёна З. Л. Гарэленкавай. Аказваецца, у раёне практыкуюць  продаж з аўкцыёнаў зямельных участкаў пад будаўніцтва ў Башнях, у вёсках Філіпенкі, Гародна – іншымі словамі, ля азёр. Попыт салідны. Адзін участак у Башнях прадалі за 4 мільёны рублёў, а вось другі каштаваў пакупніку пад 20 мільёнаў. Чаму такая прыкметная розніца? Ды на тое і аўкцыён – не ведаеш, як павернуцца таргі. А займаюць участкі пераважна шумілінцы, хаця ёсць ахвочыя да ўзбярэжжа і віцябчане.
Раз ёсць попыт, будзе і прапанова. Зямельная служба раёна наразае ў Башнях новыя ўчасткі для продажу праз аўкцыён. Па словах З. А. Мясаедавай, сродкі, атрыманыя ад продажу, можна будзе пусціць на паляпшэнне інфраструктуры Шуміліна і раёна. Недзе гады два назад  узнікла магчымасць чалавеку ўзводзіць жыллё ў квартале індывідуальнай забудовы ў мікрараёне СШ № 2. Там мясціны нізкія, забалочаныя, таму з самага пачатку быў пэўны скепсіс. Аднак ніхто не збіраўся адступаць ад ідэі ажыўлення мікрараёна. Знайшлі ў раёне  грошай для таго, каб пакласці асфальт па вуліцы Дабееўскай, спланаваць і падсыпаць дарогі. Работы выконвала ДРБУ-204. На большае, на жаль, грошай не хапіла. Разлічвалі на тое, што забудоўшчык сюды пойдзе.  Аднак ці то час прыйшоў іншы, калі самому будаваць стала нявыгадна і цяжка, а грошай не стае, ці то шукае чалавек сабе іншае жыллё, выязджае з Шуміліна, – як бы ні было, а ў квартале забудовы цішыня. Праўда, бачыў аднаго гаспадара па вуліцы Дабееўскай, які ў бур’яне капаў уручную траншэі для падмурка. Побач ляжалі некалькі жалезабетонных паляў і слупкоў – не новых, а якія пабылі ўжо ў карыстанні.
Што цяжка і досыць марудна будаваць дом самому, горш таго, калі без банкаўскіх крэдытаў і без грошай ад “маскоўскіх ваяжоў”,  зразумеў, калі   ўзводзіў ўласнае жыллё. Відаць, такіх жа “рамантыкаў” хапае і сёння, хаця бачыш, як сіратліва стаіць недавершаны асабняк год ці болей, і сумна становіцца. У людзей няма грошай закончыць пачатую справу. Такія дамы стаяць па вуліцы Луначарскага – адзін рассеўся  мажна, па-панску, другі больш сціплы, але таксама каштаваў гаспадару і грошай немалых, і здароўя. “З мазаля дом сёння не паставіш, – разважае той-сёй. – За рублём трэба ехаць у Расію…”.
Якраз тыя, хто прыязджае з заробкаў, і маюць магчымасць наняць брыгаду будаўнікоў. Яны не селяцца ў раёне СШ № 2, яны выкупляюць старэнькую хатку, зносяць яе і ставяць свой асабняк. Так зрабіў мой знаёмы, які заплаціў за трухляціну 3 тысячы “баксаў”. А пайшоў на такое, бо побач агарод, і месца недалёка ад цэнтра Шуміліна. Галоўны архітэктар раёна З. А. Мясаедава адзначае: самы паток заяў за дазволамі на будаўніцтва назіраўся ў 2010-ым. Затым пайшоў спад. Сёлета ўзяло дазвол 17 чалавек. Гэта ўлічваючы і тых, хто збіраўся  прывязаць да хаты, скажам, веранду, тэрасу ці яшчэ што. “Усё адно нядрэнна, – лічыць Зоя Анатольеўна. – Гадоў шэсць назад людзі практычна не будавалі свайго жылля. А сёння здалі ўжо адзінаццаць дамоў, да канца года будзе яшчэ некалькі”.
Не ўсім, хто бярэцца за ўзвядзенне свайго асабняка, шчасціць узвесці яго за два гады, як гэтага патрабуе закон. Дамы кансервуюцца, а гаспадары чакаюць тых часоў, калі пабагацеюць, калі з’явіцца лішняя капейка, якую можна пусціць у пачатую справу. Як кажуць: галоўнае – увязацца, а там з’явяцца варыянты, якія і выратуюць сітуацыю. Чалавек заўсёды верыў у лепшае, заўсёды жыў надзеяй. Бо яна памірала ў яго сэрцы апошняй.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №76 ад 25.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *