Потерпел от сильного ветра и Шумилинский район

Безопасность Общество

Дрэвы вырывала прама з коранем
У мінулыя выхадныя ўраган нарабіў шмат бяды. “У ноч з 6 на 7 кастрычніка пацярпелі дзесяць населеных пунктаў у шасці раёнах Віцебскай вобласці. Часова не было электраэнэргіі ў 1591 населеным пункце і  ў 163 сельгасбудынках,”  – расказала раённай газеце прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.
Пацярпеў ад моцнага ветру і Шумілінскі раён. Так, на ферме Башні парывістым ветрам пашкоджаны дах – сарвана больш за дзвесце лістоў шыферу. А на малочнатаварным комплексе  пашкоджаны тэнт на кормаскладзе. “Работнікі мінскай фірмы “СаюзІнвест” накрылі тэнт, а дзверы не зрабілі, – кажа дырэктар ААТ “АграБаравінка” А. І. Мясаедаў. –  Таму кормасклад і пашкоджаны. Паколькі ён гаспадаркай яшчэ не прыняты, новы тэнт будзе зроблены за кошт мінскай фірмы”.
Пагаспадарыў ураган і ў “Ульскім” – на дахах фермаў Кардон і Лявонава пашкоджаны па 20-40 лістоў шыферу, паведамілі нам у райаддзеле на надзвычайных сітуацыях.
Пацярпеў дах і на спартыўнай зале Башнёўскай школы. “Адарвана дзесяць лістоў сайдынгу і ад сцен школы, – расказала загадчыца гаспадаркі  Башнёўскай СШ Святлана Яўсейчык. – А ў цяпліцы разбіта шкло на большай яе палове”. Дарэчы,  раённай камісіяй па надзвычайных сітуацыях вырашаецца пытанне аб частковай кампенсацыі ўрону школе.
“У час стыхіі ў аўральным рэжыме працавалі і выратавальнікі, і электрыкі, і лясгасаўцы, – гаворыць начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў. – Дарожнікі ледзь паспявалі ўбіраць з праезных частак паваленыя дрэвы. Ад электраэнэргіі на некаторы час былі адключаны 92 населеныя пункты, 17 малочнатаварных фермаў. Але дзякуючы аператыўнасці спецыялістаў раёна электрасетак усё было хутка адрамантавана”.
Выратавальнікі па выкліку выязджалі і ў вёску Грабянцы Мішневіцкага сельсавета. Магутны дуб, які рос ля хаты, вецер вырваў прама з коранем. Дрэва ўпала на дах, пашкодзіла некалькі лістоў шыферу. Каб вызваліць дом “з палону”, за работу ўзяліся і выратавальнікі, і работнікі лясгасу, і спецыялісты ПМК-70.
“У Грабянцах усё абышлося добра – і дом застаўся цэлы, і ахвяр няма. А ўсё магло б быць намнога горш, – кажа Іван Аляксеевіч. – Таму гаспадарам прыватных дамоў варта загадзя паклапа-ціцца пра сваю бяспеку. А наконт таго, якім чынам можна спілаваць старое дрэва і ці патрэбны для гэтага спецыяльны дазвол, патлумачаць вяскоўцам ў сельвыканкамах раёна”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №81 ад 12.10.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *