Рэалізаваць патэнцыял, які маецца на Шуміліншчыне

Прамысловы турызм – напрамак, які актыўна і дынамічна развіваецца ў апошнія дзесяцігоддзі ва ўсім свеце.
Людзей заўжды цікавіла пытанне “Як гэта робіцца?”. Невыпадкова тэлеперадачы ці YouTube-ролікі гэтай тэматыкі набіраюць мільёны праглядаў. А ўбачыць, як вырабляюцца тыя ці іншыя рэчы ўжывую – асабліва цікава. Буйныя карпарацыі і маленькія фірмы ахвотна задавальняюць цікаўнасць, бо гэта найлепшая рэклама. А для дзяцей і падлеткаў экскурсіі на вытворчасць служаць добрым арыенцірам у выбары будучай прафесіі.
Шумілінскі раён мае багаты патэнцыял для развіцця прамысловага турызму. Школьнікі ахвотна наведваюць Обальскі керамічны завод, шумілінскі цэх ААТ “Верхнядзвінскі масласырзавод”, Шумілінскі лясгас, ТАА “Альянспластрэсурс”, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Ёсць таксама ТАА “ВЕЖА”, Обальскі ўчастак па здабычы і перапрацоўцы торфу і іншыя прадпрыемствы.
Аб перспектывах развіцця прамысловага турызму ў Шумілінскім раёне расказвае дырэктар Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна Ірына Кулікава:
– Сапраўды, патэнцыял нашага раёна для развіцця прамысловага турызму вялікі. Але выкарыстоўваецца ён пакуль што толькі для прафарыентацыйных экскурсій школьнікаў па дамоўленасці ўстаноў адукацыі з кіраўніцтвам прадпрыемстваў.
Для таго, каб арганізоўваць пастаянныя візіты турыстаў, трэба правесці значную арганізацыйную работу з распрацоўкай экскурсій, уключэннем іх у турыстычныя маршруты, забеспячэннем бяспекі наведвальнікаў, магчымасцю набываць прадукцыю і інш. Гэта ў першую чаргу работа саміх арганізацый.
Станоўчы вопыт арганізацыі экскурсій дэманструюць кандытарская фабрыка “Камунарка”, машынабудаўнічыя прадпрыемствы “БЕЛАЗ” і “МТЗ”. Жадаючых столькі, што, каб трапіць туды на экскурсію, трэба дачакацца сваёй чаргі.
Самым перспектыўным праектам лічу комплексную экскурсію з умоўнай назвай “Чатыры смакі Шуміліна”, якая ўключае наведванне вытворчасці з дэгустацыяй прадукцыі. Яна павінна аб’яднаць цэх “Верхнядзвінскага масласырзавода” з дэгустацыяй сыроў, “ВЕЖУ” з магчымасцю пачаставацца напіткамі з натуральных сокаў, перапрацоўчы цэх “Вітконпрадукта” з дэгустацыяй мясных вырабаў і наведванне прыватнай вытворчасці хлеба-булачных вырабаў.
Цікавай могуць стаць экскурсіі па Обальскім керамічным заводзе, дзе ёсць магчымасць убачыць рабатызаваную вытворчую лінію, і на торфаўчастак з паездкай па вузкакалейнай чыгунцы. Прычым тут да вытворчай часткі можна дадаць экалагічную – наведаць выпрацаваныя ўчасткі торфараспрацовак, на якіх праведзена рэкультывацыя і адраджаецца балотная экасістэма. Таксама экалагічны складнік у выглядзе дэндрапарка можа дапоўніць экскурсію на вытворчыя аб’екты ў лясгасе.
Што перашкаджае развіццю прамысловага турызму ў раёне? Арганізацыя прыёму турыстаў патрабуе, па-першае, жадання, па-другое, вялікай арганізацыйнай работы. На жаль, у кіраўнікоў арганізацый не хапае часу для гэтага, адсутнічаюць і спецыялісты. Захоўваючы аптымізм, наш цэнтр вядзе перамовы з арганізацыямі раёна па развіцці прамысловага турызму, правядзенні экскурсій на вытворчых аб’ектах. Тым больш, што Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады ў ліку прыярытэтаў бягучай пяцігодкі прадугледжана развіццё турыстычнага патэнцыялу нашай краіны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ
