Юныя баяністы – на пераможным п’едэстале
15 красавіка ў Віцебскім музычным каледжы імя І. І. Салярцінскага прайшоў III Адкрыты абласны конкурс выканаўцаў на народных інструментах. Гэта свята віртуознасці сабрала лепшых юных музыкантаў з усёй Віцебшчыны, якія бліскуча іграюць на баянах і акардэонах, домрах і гітарах, балалайках і цымбалах.
Ярчэй за ўсіх на баянным аддзяленні ў сваёй узроставай групе заззяў вучань Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Захар Голубеў. Вучань Віктара Скорынава пакарыў прафесійнае журы бездакорнай тэхнікай і артыстызмам і стаў дыпламантам I ступені.
На высокім узроўні выступілі і юныя выканаўцы ДШМ Ганна Жыжова і Яна Багданава. Кожная ў сваім выступленні даказала, што баян гучыць трапятліва, але магутна. Вучаніцы Аксаны Ільінец і Ганны Багданавай сталі дыпламантамі II ступені.
Віншуем нашых зорачак і іх настаўнікаў з перамогай! Шумілінская ДШМ зноў пацвердзіла свой высокі адукацыйны ўзровень і даказала, што народныя
традыцыі тут берагуць і ўзводзяць на пастамент.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

