29 узнагарод – у родных сценах
У нядзелю, 26 красавіка, у Шуміліне прайшоў адкрыты турнір па каратэ кіокушынкай «Залаты фенікс». Спаборніцтвы сабралі 90 удзельнікаў з Брэста, Віцебска, Баранавіч і гаспадароў пляцоўкі – шумілінскіх спартсменаў. Апошнія вырашылі не аддаваць перамогу гасцям: у агульнай капілцы – 11 залатых, 12 срэбраных і 6 бронзавых медалёў.
Павел Юрчанка падняўся на вышэйшую прыступку двойчы. Па два камплекты ўзнагарод таксама ў Ганны Клюевай (золата + бронза), Макара Ігольнікава (золата + срэбра), Сафіі Сцяпанавай (золата + срэбра), Уладзіслава Бяляева (золата + срэбра) і Харытона Сталярова (золата + срэбра). Данііл Асташонак заваяваў дзве бронзы.
У камандным выступленні першае месца занялі Сафія Сцяпанава, Аляксандр Макулькін і Харытон Сталяроў. Трэніруе шумілінскіх спартсменаў Аляксей Сталяроў.
Спаборніцтвы прайшлі ў напружанай барацьбе. Галоўны суддзя адзначыў высокую гатоўнасць шумілінцаў і тое, што «Залаты фенікс» стаў сапраўдным святам духу і волі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

