Свет сяброўства і спорту
Гарадскі стадыён у Шуміліне ў суботні дзень ператварыўся ў сапраўдную тэрыторыю радасці без межаў і без бар’ераў. Галоўнымі героямі раённага свята «Спартыўным сяброўствам мы моцныя» сталі 27 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Юныя спартсмены, іх бацькі, педагогі і валанцёры з шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2 разам стварылі атмасферу, у якой не было месца няўпэўненасці. Самае цікавае чакала ўдзельнікаў на спартыўна-забаўляльных этапах. Тут было ўсё: імправізаваныя баскетбол і футбол, дзе дзеці з азартам забівалі мячы ў незвычайныя кольцы і вароты; гіганцкі «тэтрыс», які запатрабаваў лагічнага спрыту; вясёлая «мышалоўка», якая правярала рэакцыю і выклікала смех.
На «ўра» прыйшліся летнія лыжы – незвычайны атракцыён, калі ўдзельнікі станавіліся на доўгія мяккія «лыжы» і стараліся рухацца ў адным рытме. Тут спрабавалі сябе не толькі дзеці, але і дарослыя, якія з задавальненнем уключаліся ў каманду.
Яркімі фарбамі свята дапоўнілі спартыўна-танцавальныя флэшмобы. Усё, што адбывалася на стадыёне, не вымяралася секундамерам. Тут панавалі ўзаемная падтрымка, шчырыя дзіцячыя ўсмешкі і тое самае каманднае сяброўства, якое робіць чалавека мацней за любыя выпрабаванні.
Падарункі для ўдзельнікаў падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённага цэнтра дзяцей і моладзі і фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, а таксама раённыя арганізацыі «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» і «Беларускі фонд міру». Кожны юны герой атрымаў свой сюрпрыз – і гэта стала прыемным фінальным акордам.
«Атрымалася на ўсе сто! – упэўнена адзначыла дырэктар ЦКРНіР Алёна Шашкова. – Галоўнае сведчанне таму – шчаслівыя твары дзяцей і зарад пазітыву, якога хапіла на ўсіх гледачоў».
Свята скончылася, але яго цяпло застанецца надоўга.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



