23.00. Дзеці дома?
З пачатку года супрацоўнікі РАУС зарэгістравалі тры выпадкі, калі падлеткі ў забаронены час знаходзіліся на вуліцы без суправаджэння дарослых.
У раёне Брыкета а дванаццатай гадзіне ночы міліцыянеры затрымалі дваіх навучэнцаў каледжаў. Як высветлілася, яны пасля распіцця піва накіроўваліся дадому. Паколькі аднаму падлетку было 15 гадоў, адміністрацыйны пратакол скла дзены на бацькоў. Ім пагражае штраф да 2 БВ. На 16-гадовага падлетка складзены пратакол за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане (пагражае штраф да 8 БВ).
«Хочацца нагадаць, што непаўналетнім ва ўзросце да 16 гадоў нельга знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых у перыяд з 23 гадзін да 6 гадзін раніцы, – кажа старшы ўчастковы інспектар РАУС Віктар Галуза. – Такія нормы накіраваны на тое, каб падлеткі і самі не былі ўцягнуты ў здзяйсненне незаконных спраў і супраць іх не былі ўчынены злачынствы».

