Люди звонят — власть отвечает и помогает. Итоги «прямой линии» председателя райисполкома Николая Будневича

Власть Главное Общество

Людзі тэлефануюць – улада адказвае і дапамагае

Дзевяць званкоў паступіла на «прамую лінію» да старшыні райвыканкама Мікалая Будневіча ў суботу, 25 красавіка. Людзі тэлефанавалі з самымі рознымі пытаннямі – ад арэнднага жылля і водаадвядзення да добраўпарадкавання і працаўладкавання.

Звароты паступалі з Шуміліна, Обалі, Амбросавіч, Светласельскага і Башней.

Жыхар аграгарадка Светласельскі ўзняў тэму арэнднага жылля былога райаграсэрвісу. Пасля ліквідацыі прадпрыемства юрыдычныя адносіны скончыліся, і людзі занепакоены магчымым высяленнем. Мікалай Будневіч супакоіў: нікога на вуліцу не выганяць, дагаворы па жыллёвых адносінах будуць падоўжаны з жыхарамі з улікам іх працы на дзяржаўных прадпрыемствах.

Шумілінцу, праз участак якога праходзіць каналізацыйная труба, што перыядычна псуецца, кіраўнік раёна паабяцаў разабрацца разам з «Водаканалам».

Жыхарка райцэнтра паведаміла, што не можа дамовіцца з камунгасам наконт замены каналізацыйнай трубы ў кватэры. Старшыня райвыканкама адзначыў, што жанчыне прапанаваны некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. На момант выхаду газеты ў друк УП ЖКХ паведаміла, што заяўка выканана.

Яшчэ аднаго шумілінца хвалюе прасеўшы грунт пасля пракладкі кабеля РЭС у лістападзе. Начальнік раёна электрычных сетак паабяцаў ліквідаваць недахоп у найбліжэйшы час.

Тры званкі паступілі з Обалі, дзе цяпер ідуць маштабныя работы па добраўпарадкаванні. Адна з абальчанак пацікавілася, ці будзе асфальтаваная вуліца Камсамольская. Мікалай Будневіч пацвердзіў: работы запланаваны, дарожнікі ўжо пачалі асфальтаванне ў пасёлку.

Другая жыхарка пыталася пра магчымасць афармлення працоўных адносін на некалькі гадзін у дзень для дачкі. Старшыня райвыканкама растлумачыў алгарытм і параіў звярнуцца за кансультацыяй ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Абальчане ўзнялі праблему адключэння электраэнергіі ў гаражах, якія не ўзаконены і маюць парушэнні пажарнай бяспекі. Заяўніку патлумачылі, што трэба зрабіць для вырашэння сітуацыі.

Папрасіла парады жыхарка Амбросавіч: што рабіць, калі суседзі не чысцяць калодзеж лакальнай каналізацыі. Старшыня райвыканкама адзначыў, што сітуацыю вывучаць і пры неабходнасці падключаць санітарную службу. У той жа дзень работы былі праведзены.

Апошні званок паступіў з аграгарадка Башні – мужчына спытаў пра высечку аварыйных дрэў на могілках. Дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў запэўніў, што работы правядуць у маі.

У выніку «прамая лінія» яшчэ раз паказала: людзі актыўна карыстаюцца магчымасцю напрамую звярнуцца да кіраўніка раёна. Усе агучаныя пытанні ўзяты на кантроль і будуць адпрацаваны ў вызначаныя тэрміны.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *