«Трыумф працы»: Шуміліншчына ўшаноўвае сваіх герояў!
Сёння, 30 красавіка, напярэдадні Першамая па добрай традыцыі ў Шуміліне прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя Святу працы. Ключавым і доўгачаканым момантам стала адкрыццё абноўленай раённай Дошкі гонару. Гэта падзея не проста афіцыйная працэдура, гэта прызнанне заслуг кожнага работніка і кожнага калектыву.
Словы ўдзячнасці ў гэты дзень гучалі ў адрас тых, хто сваім розумам, талентам і мазольнымі рукамі стварае будучыню нашага краю: перадавікоў вытворчасці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у 2025 годзе; актывістаў прафсаюзнага руху, якія стаяць на варце інтарэсаў чалавека працы; ветэранаў працы — тых, хто заклаў моцны падмурак для нашых сённяшніх перамог.
У фае раённага цэнтра культуры гасцей свята сустракала маштабная прэзентацыя-выстава арганізацый і прадпрыемстваў, чые поспехі і дасягненні за мінулы год дазволілі ім заняць заслужанае месца на Дошцы гонару.
Клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка» прапаноўваў усім смачныя пачастункі — іх выстава-продаж сваім каларытам і водарам стварала атмасферу працавітасці і багацця нашай радзімы.
Усіх жыхароў Шуміліншчыны са Святам вясны і працы павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. Асаблівыя словы падзякі за работу кіраўнік раёна сказаў тым, хто па праву заняў сваё заслужанае месца на раённай Дошцы гонару: «Сёння напярэдадні свята 1 Мая мы ўшаноўваем людзей розных прафесій, але якіх аб’ядноўвае адно — устойлівы бачны вынік. Сваёй працай яны даказалі, што прафесіяналізм — гэта не абстрактнае паняцце, а штодзённая дысцыпліна, увага да дэталяў, павага да калег і дакладнае разуменне таго, дзе яны працуюць».
Ва ўрачыстай абстаноўцы Мікалай Аляксеевіч уручыў лаўрэатам дыпломы і асабіста павіншаваў кожнага.
Яркім падарункам для ўсіх прысутных стаў святочны канцэрт, насычаная праграма якога змяшчала ў сабе мора энергіі і драйву. Сучасныя аранжыроўкі старых добрых хітоў публіка ўспрымала гучнымі апладысментамі, так што цяжка было усядзець на адным месцы.
Фотарэпаратаж Алены КАРПУШЭНКА і Дар’і ЧАПУРНОВАЙ.



























