100-й день рождения празднует сегодня ветеран Великой Отечественной войны Николай Чепурнов из Шумилино

Беларусь помніць Главное Край шумілінскі Людзі і лёсы Общество

Сто вёснаў Мікалая Чапурнова

 

Час няўмольны. На жаль, ад нас адыходзяць у нябыт ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. 81-шы пераможны май сустракае ў раёне адзіны ветэран вайны Мікалай Мікалаевіч ЧАПУРНОЎ – жыхар райцэнтра, франтавік, гвардыі радавы, кулямётчык першага гвардзейскага мотастралковага батальёна чацвёртай гвардзейскай мотастралковай Смаленскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава брыгады. І заўтра, 9 мая, ён адзначыць двайное свята – сто гадоў з дня нараджэння!

Падчас вайны сям’я Чапурновых жыла на Казьяншчыне. Непадалёк у лесе стаяў партызанскі атрад, і маці Мікалая з іншымі вяскоўцамі выпякала хлеб для партызан. У 1944 годзе Мікалай Чапурноў быў прызваны на тэрміновую ваенную службу.

Пасля абучэння быў другім нумарам кулямётнага разліку. Спачатку трапіў на 1-ы Прыбалтыйскі фронт, потым – на 3-ці Беларускі. Вызваляў Пскоў, Талін, ваяваў ва Усходняй Прусіі, дайшоў да Кёнігсберга. Ветэран і сёння можа расказаць пра некаторыя баі – кажа, што такое не забываецца. Часта згадвае пра баявыя дзеянні ў Эстоніі, жорсткія баі пад Талінам. Калі атакавалі адзін з хутароў, шквальны агонь скасіў амаль увесь батальён. Жывымі засталіся толькі некалькі чалавек, у тым ліку і Мікалай Чапурноў. Разам з капітанам мінамётнай роты ён вынес з поля бою кулямёт таварыша. Сам Мікалай атрымаў сур’ёзнае раненне ў нагу і лячыўся ў шпіталі. Ва Усходняй Прусіі каля горада Гумбінен атрымаў яшчэ адно раненне – у плячо. У трэці раз варожая куля насцігла за некалькі тыдняў да Перамогі над фашысцкай Германіяй. 9 мая сустракаў у шпіталі.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, Мікалай Чапурноў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу» і «За ўзяцце Кёнігсберга», падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Пасля Перамогі Мікалай Чапурноў не адразу вярнуўся дадому, ён знішчаў бандыцкія фарміраванні на тэрыторыі Прыбалтыкі. Праз некалькі месяцаў яго мотастралковую часць перакінулі ў Пскоў. Адсюль 14 снежня 1946 года М. М. Чапурноў быў дэмабілізаваны.

Пасля вайны Мікалай Мікалаевіч працаваў у Шумілінскім лясгасе. Зараз жыве ў райцэнтры, яго даглядаюць дочкі, ёсць двое ўнукаў, трое праўнукаў і адзін прапраўнук.

З юбілеем, Мікалай Мікалаевіч! Дзякуй за Перамогу! Здароўя вам, сіл і светлых дзён.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *