Куплялі для дачы, а будуць жыць пастаянна
Гадоў пяць таму гэты дом на завулку Палявым у райцэнтры не прыцягваў погляды, быў звычайны драўляны домік з пашкоджаным дахам. Сёння мае абноўлены выгляд, рэканструяваны, весела ўсміхаецца сваёй прывабнасцю.
Вядома, працавітыя рукі прыклалі гаспадары, жыхары райцэнтра Святлана і Віктар Галузы. Дом яны куплялі для дачы амаль сем гадоў таму. Ён быў зарослы лазняком, пустазеллем і хмелем. Першае, што трэба было зрабіць – ратаваць пабудову з джунгляў, усміхаюцца Галузы. Таму ўзяліся за сякеру і пілу, спатрэбілася ўкласці нямала сіл і цярпення.
Потым узяліся за рэканструкцыю дома. Ніжнія гнілыя вянцы прыбралі, замест іх уставілі газасілікатныя блокі. Стары дах замянілі на металачарапі
цу. У доме забетаніравалі падлогу, паклалі ў пакоі ламінат, а ў прыхожай – плітку, уставілі пластыкавыя вокны, новыя дзверы. Нядаўна абклалі дом сайдынгам.
«Рамонтам дома займаліся практычна з таго моманту, як яго купілі, – расказалі Святлана і Віктар Галузы. – Абнаўленне ішло марудна, бо практычна ўсё рабілі самі па меры збору грошай. Працавалі ў выхадныя,
можна сказаць, з ранку да цёмнага. Навялі парадак і на падворку: тэрыторыю падсыпалі, пабудавалі навес для аўтамабіля, усталявалі альтанку, распрацавалі ўчастак для агарода, пасадзілі ягадныя кусты, ёсць таксама і два парнікі. Цяпер нам дом падабаецца, думаем жыць тут пастаянна».
Галузы правялі ў дом электраацяпленне, водаправод і каналізацыю, уладкавалі туалет. У планах – пабудаваць лазню і невялікую гаспадарчую пабудову для жыўнасці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

