Праздник великой гордости, радости и надежды. Как Шумилинщина праздновала День Победы

Главное Край шумілінскі Общество

Свята вялікага  гонару, радасці і надзеі!

Дзень Перамогі – адно з нямногіх святаў, якое праходзіць праз сэрца. Яно аб’ядноўвае пакаленні, вяртае да светлай памяці, прымушае зноў і зноў адчуваць бясконцую ўдзячнасць і гонар за тых, хто падарыў нам мірнае неба. Беларусы з асаблівым трапятаннем і сардэчнасцю адзначаюць гэты дзень. Так было, так ёсць і так будзе заўжды.

І на Шуміліншчыне, нават пад халодным дажджом, 81-я гадавіна Перамогі гучала паасабліваму моцна. Людзі ішлі да мемарыялаў і воінскіх пахаванняў, каб пакланіцца героям, спыніцца ў хвіліне маўчання, прайсці ў шэсці з партрэтамі тых, хто набліжаў Перамогу. Па традыцыі ўвечары на брацкіх могілках у райцэнтры моладзь запальвала свячу памяці, гучала легендарная «Дзень Перамогі», а начное неба расквітнела шыкоўным салютам – як сімвал таго, што памяць жыве ў кожным з нас.

«Народнае ўскладанне»

З мітынгаў памяці акцыі «Народнае ўскладанне» на воінскіх пахаваннях, помніках усіх сельсаветаў з удзелам кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў пачаліся святкаванні Дня Перамогі ў Шумілінскім раёне.

У г. п. Обаль у мітынгу на воінскім пахаванні прыняў удзел старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. Кіраўнік раёна павіншаваў усіх прысутных з вялікім Святам Перамогі. На мітынгу выступілі старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў і настаяцель Ануфрыеўскага храма Уладзімір Пучынскі.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых за нашу свабоду і незалежнасць, на воінскае пахаванне ляглі кветкі ад удзячных нашчадкаў.

«Беларусь помніць. Помнім кожнага»

З раніцы на шумілінскіх вуліцах гучалі ваенныя маршы і песні – пад іх гукі па вуліцах Кароткіна-Луначарскага-Ленінская-Валадарскага-Сіпко прайшла святочная калона. У першых радах – кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком.

У парадным страі – супрацоўнікі РАНС, удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец» СШ № 1 г. п. Шуміліна, члены грамадскіх аб’яднанняў ветэранаў Узброеных Сіл і органаў унутраных спраў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Многія жыхары раёна з гонарам пранеслі па вуліцах райцэнтра партрэты сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся з фашызмам.

З удзячнай памяццю

Урачысты тэатралізаваны мітынг да Дня Перамогі прайшоў на брацкіх могілках у Шуміліне – месцы, дзе асабліва востра адчуваецца цану міру.

З 81-й гадавінай Перамогі жыхароў і гасцей раёна павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч.

«Свята Перамогі – свята гонару за мінулыя гераічныя падзеі. Свята радасці за свабоднае і светлае цяперашняе жыццё. Свята надзеі на шчаслівую будучыню. На жаль, няма сёння з намі ў страі ветэранаў, але мы будзем вечна памятаць іх подзвіг і заслугі», – адзначыў Мікалай Аляксеевіч, віншуючы ўсіх прысутных з вялікім Святам Перамогі.

Цёплыя словы прагучалі і ад госця Шуміліна – вучонага-краязнаўцы, члена Саюза пісьменнікаў РФ Уладзіміра Аляксеева, аўтара кнігі «Палкавая разведка: вайна за лініяй фронту». Ён прыязджае да нас на свята ўжо некалькі гадоў запар.

Са святым для ўсіх нас днём прысутных павіншавала начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў маёр Наталля Банцэр.

Удзельнікі ўрачыстага мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. У знак павагі і смутку да мемарыяльных пліт ляглі кветкі і вянкі.

Памяць жывая, пакуль мы прыходзім да гэтых мясцін і кажам «Дзякуй за перамогу! Дзякуй за мір!».

«Дзякуй за перамогу! Дзякуй за мір!»

9 Мая цёплыя словы падзякі і павагі прагучалі ў адрас нашага адзінага ветэрана вайны Мікалая Мікалаевіча Чапурнова, якому ў гэты дзень споўнілася 100 гадоў.

Николая Чепурнова поздравляет Алексей Гуйда.

Да былога франтавіка-кулямётчыка прыехалі шаноўныя госці – намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Гуйда і кіраўніцтва раёна, каб асабіста павіншаваць са знамянальнай датай, уручыць новы пашпарт, падарункі і сказаць самае галоўнае «дзякуй» – за мір, мужнасць і гераізм, за тое, што мы можам жыць, выхоўваць дзяцей і сустракаць май пад мірным небам.

Мікалай Мікалаевіч прымаў віншаванні з той дзіўнай унутранай сілай, якая ёсць толькі ў людзей пакалення Перамогі. У яго доме гучалі цёплыя словы ад раённай ветэранскай арганізацыі, прадстаўнікоў Міністэрства лясной гаспадаркі і Шумілінскага лясгаса, родных і блізкіх, пажаданні здароўя і светлых радасных дзён.

А пад акном гучала легендарная і славутая «Дзень Перамогі». Дарэчы, «Парад пад акном» у гэтыя дні прагучаў у Шуміліне, Обалі і аграгарадку Слабада – школьнікі спявалі «Дзень Перамогі» для вязняў і пацярпелых у час вайны.

Салдацкая каша, майстар-класы і шчырыя ўсмешкі

Вялікаму святу дождж не перашкода! Пасля ўрачыстага мітынгу святкаванне прадоўжылася ў раённым цэнтры культуры. Гасціннае фае ператварыліся ў адну вялікую інтэрактыўную зону. Установы падрыхтавалі лакацыі, якія сталі сапраўдным астраўком цяпла і творчасці, дзе знайшоўся занятак для кожнага – ад малога да вялікага.

Галоўным цэнтрам прыцягнення, вядома, стала палявая кухня. Духмяная салдацкая каша і традыцыйная наварыстая юшка сагравалі ў гэты дажджлівы майскі дзень усіх жадаючых. А тых, хто хацеў чагосьці дамашняга, частавалі свежымі блінамі – іх гатавалі прама на вачах у гледачоў!

Пакуль адны частаваліся, другія маглі праверыць свае веды ў гісторыі ці, напрыклад, стварыць паветранага змея сваімі рукамі. А на тварах дзяцей і моладзі расцвіталі сімвалы свята – яблыневыя кветкі, зробленыя аквагрымам.

Канцэрт ад наследнікаў Перамогі

Яркім акордам дня стала канцэртная праграма «Наследнікі Перамогі», кая аб’яднала ветэранаў, моладзь і ўсіх тых, каму дарагая памяць пра подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Гледачы ўбачылі па-сапраўднаму запамінальныя, глыбокія і кранальныя умары. Са цэны гучалі гісторыі пра мужнасць салдат, пра вялікую сілу жанчыны, на чые плечы ляглі нягоды тылу, пра непарушнае сяброўства Беларусі і Расіі. Разам з вядомымі шумілінскімі артыстамі на вялікую сцэну ўпершыню выйшлі дзеці, выхаванцы дзіцячых садоў. Кожны нумар, танец і песня былі не проста творчасцю, а шчырай падзякай за Вялікую Перамогу.

«Мы – годныя наследнікі тых, хто падарыў нам жыццё», – гэтая фраза ад вядучых Цімафея Судзько і Вікторыі Ляўшовай стала лейтматывам дня. Яна нагадала кожнаму з нас, што быць наследнікамі Перамогі – гэта не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць за захаванне міру і  працвітанне роднай зямлі.

Агні, якія не згасаюць ніколі!

Калі на горад апусціўся змрок, адным з самых пранікнёных момантаў святкавання 9 Мая стала маладзёжная акцыя «Свечка памяці». У самым сэрцы Шуміліна – на Брацкіх могілках у гарадскім парку – сабраліся тыя, для каго слова Перамога напоўнена святым сэнсам.

Дзясяткі жывых агеньчыкаў запаліліся ў руках людзей і асвяцілі мемарыяльныя пліты. У гэтай цішыні, якая перарывалася толькі мігаценнем свечак, адчувалася непарыўная сувязь часоў. Кожнае полымя – гэта сімвал нашай падзякі тым, хто не вярнуўся з бою, хто выстаяў у нечалавечых выпрабаваннях і падарыў нам права на мірнае жыццё.

Неба святкавала разам з намі

81-я гадавіна Вялікай Перамогі ў нашым раёне завяршылася моцна і прыгожа. Фінальная кропка была пастаўлена там, дзе яе ўсе чакалі – у начным небе над Шумілінам. Перад тым, як прагрымелі першыя залпы, па добрай шматгадовай традыцыі жыхары і госці раёна ў адзін голас выканалі легендарную песню «Дзень Перамогі». У гэты момант кожны яшчэ раз адчуў гонар за сваю краіну і бясконцую падзяку героям.

А затым начное неба расквецілася тысячамі агнёў. Гэта быў салют у гонар міру, жыцця і нашай агульнай памяці. Неба 9 мая 2026 года сапраўды святкавала разам з намі гэтую Вялікую Перамогу!

Фотарэпартаж падрыхтавалі Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА  і Дар’я ЧАПУРНОВА.

Майскі вальс:  праз гады і пакаленні

Напярэдадні 9 Мая зала чакання чыгуначнага вакзала ў Шуміліне ператварылася ў сапраўдную танцавальную пляцоўку. Там прайшла кранальная акцыя «Вальс Перамогі», арганізаваная Шумілінскай раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь».

Увечары 8 мая, калі на станцыі Шуміліна сустракаюцца два цягнікі, з гучнагаварыцеля гучалі легендарныя мелодыі ваенных гадоў. Яны імгненна перанеслі ўсіх прысутных у той памятны май 1945-га. А пары на чале са старшынёй арганізацыі Ірынай Шалахавай закружыліся ў танцы, нагадваючы нам пра самае галоўнае: радасць мірнага неба, сілу нашай памяці і пераемнасць пакаленняў.

Акцыя аб’яднала моладзь і старэйшае пакаленне Шуміліншчыны, прыкавала ўвагу тых, хто чакаў свой цягнік ці сыходзіў з перона, і падарыла святочны настрой.

Гэта быў не проста танец – гэта было наша агульнае «Помнім! Ганарымся!». Чыгуначны вакзал у Шуміліне – месца сімвалічнае. Гэта адзіны будынак, які захаваўся практычна некранутым пасля вайны.

Дар’я ЧАПУРНОВА.

Аўтапрабег «Дарогамі Перамогі»

8 мая прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў раёна накіраваліся ў аўтапрабег па маршруце Шуміліна-Тропіна да воінскага мемарыяла, дзе пахаваны амаль дзве тысячы савецкіх салдат і афіцэраў, якія загінулі падчас вызвалення шумілінскай зямлі ад ворагаў у 1943-1944 гадах.

Тропіна. Высокая стэла з зоркай, якая сімвалізуе вайсковы сцяг. Суровыя твары танкіста, лётчыка, пехацінцаў, высечаныя ў бетоне, глядзяць на нас – нашчадкаў.

Воинский мемориал в д. Тропино Шумилинского района.

— Штогод напярэдадні ўрачыстай даты – Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – мы збіраемся на гэтым святым месцы і шануем памяць усіх, хто аддаў свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Як сказаў наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, мы ніколі не забудзем салдат, партызан, мірных жыхароў, — тых, хто загінуў у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, — сказаў у сваёй прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук.

Удзельнікі аўтапрабега ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыяльных пліт з імёнамі воінаў-вызваліцеляў.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *