Пачалі з паражэння
У нядзелю, 10 мая, на стадыёнах Віцебшчыны стартаваў рэгіянальны этап чэмпіянату Беларусі па футболе другой лігі. ФК «Шуміліна», які гуляе ў групе С, дома прымаў «Дзвіну» (Бешанковічы).
Першы тайм атрымаўся хвалямі: то шумілінскія футбалісты атакавалі, то бешанковіцкія. Галявыя моманты былі як у гаспадароў, так і ў гасцей. Але скарыстацца магчымасцямі не ўдалося. У першыя 45 хвілін лік так і не быў адкрыты.
Усе асноўныя моманты адбыліся ў сярэдзіне другога тайма. Спачатку госці выйшлі наперад, праз некалькі хвілін лік зраўняў Ягор Крыгін. Здавалася, што гульня супакоілася і каманды былі не супраць нічыйнага выніку. Але ў адзін з момантаў нашы абаронцы заблыталіся з адным бешанковіцкім нападаючым, і суддзя паказаў на кропку: «Дзвіна» рэалізавала пенальці. 1-2 – сустрэча так і закончылася.
Другія сустрэчы ў групе закончыліся так: «Лёзна» – «Партызан» (Ушачы) – 3:2, «Лепель» – «Днепр» (Дуброўна) – 3:1, «Дрывяціч» (Браслаў) – «Расоны» – 4:0.
Наступны матч ФК «Шуміліна» правядзе 16 мая дома супраць браслаўскага «Дрывяціча».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

