Сям’я – гэта адзінае месца на зямлі, дзе цябе любяць любым. Без усялякіх умоўнасцей. Сям’я – гэта ціхі вечар, калі за сталом збіраецца не адно пакаленне і бабуліны пірагі пахнуць дзяцінствам, гэта бацькава рука на плячы сына, гэта мама, якая заўсёды даруе і падтрымае.

15 мая ў Шумілінскім РЦК прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года». У фае цэнтра культуры была арганізавана выстава «Сямейныя захапленні», дзе можна было пабачыць вырабы з фаамірану, паперы, дрэва, мыла. Такую прыгажосць падрыхтавалі сем’і Андрэевых з Обалі, Белавусавых з Кардона, Сабалеўскіх, Рыцаравых, Сарокіных і Кучко з Шуміліна.

«Праводзячы конкурс “Сям’я года”, мы падтрымліваем векавыя традыцыі беражлівых і ўважлівых адносін да сям’і, – адзначыў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. – Дзень сям’і – гэта нагода сказаць словы ўдзячнасці родным, бацькам, дзецям і яшчэ раз усвядоміць, наколькі сям’я важная для кожнага чалавека».

У конкурсе прымалі ўдзел чатыры сям’і: Наталля і Генадзь Сабалеўскія з дзецьмі Сяргеем, Станіславам, Мікітам і Ксеніяй; Анастасія і Васіль Рыцаравы і іх дзеці Ангеліна, Мікіта, Глеб і Арсеній; Кацярына і Іван Андрэевы з дзецьмі Алінай, Святаславам і Сафіяй; Вольга і Уладзімір Белавусавы з Аляксандрам, Марыяй і Златай.

Арганізатары конкурсу – ТЦСАН і РЦК – падрыхтавалі нямала выпрабаванняў. Канкурсанты прадстаўлялі яркія прэзентацыі сваіх сем’яў і відэаролікі; праяўлялі эрудыцыю ў выпрабаванні «Вялікая сямейная гісторыя», абаранялі сацыяльныя праекты, прысвечаныя Году беларускай жанчыны.

Выступленне кожнай з сем’яў было адметным, дарослыя і дзеці здзіўлялі сваёй знаходлівасцю і творчым падыходам. Белавусавы праз песню расказалі пра сваё любімае свята Ражаства, пра заняткі спортам і догляд за падсобнай гаспадаркай. Андрэевы, дзе маці кіруе не толькі «Фордам», але і МАЗам, вельмі дружныя – разам за прыгатаваннем піцы, за вырабам букетаў з мыла, а таксама на моры. Сабалеўскія любяць прыроду, працаваць на агародзе, выязджаць на лыжныя прагулкі і шашлыкі, а маці ў дадатак вышывае прыгожыя ўзоры на ручніках. Галоўная суперсіла Рыцаравых – аптымізм. Яны ўпэўнены, што разам можна перамагчы любыя цяжкасці.

Ганаровае званне «Сям’я года» атрымала сям’я Белавусавых. У намінацыі «Самая дружная сям’я» перамаглі Андрэевы, «Самай творчай» стала сям’я Сабалеўскія, а «Самай мэтанакіраванай» – сям’я Рыцаравых.
Па выніках смс-галасавання прыз сімпатый гледачоў аддадзены сям’і Андрэевых. Дыпломамі і падарункамі сем’і ўзнагародзілі Міхаіл Вішнявецкі, старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Слова – сям’і Белавусавых:
– У конкурсе ўдзельнічаем упершыню, усё спадабалася. Падрыхтоўка і непасрэдна ўдзел яшчэ больш аб’яднала сям’ю. Перамозе вельмі рады. Дыплом, салодкі падарунак і сертыфікат у магазін «Твой эксперт» на 800 рублёў – гэта здорава. Што купім, яшчэ не думалі. Будзем вырашаць на сямейнай нарадзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

