Чароўны свет музыкі – вялікая сіла. Гэта ў чарговы раз даказалі ўдзельнікі музычнай студыі «Музыкі святло» СШ № 1 г. п. Шуміліна на справаздачным канцэрце.
Кіраўнік музычнай студыі Алена Скорынава грала на цымбалах разам з выхаванцамі. Выступалі як пачынаючыя цымбалісты так і вопытныя – ансамбль «Магія гука». Гэты ансамбль у складзе Захара Голубева, Алены Асташонак, Карыны Юхнавец, Маргарыты Сысоевай, Марыі Хіцёвай і Марыі Шыёнак у мінулым годзе заваяваў 16 узнагарод на абласных, міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах.
Адна з самых значных – дыплом І ступені на XV Міжнародным конкурсе «Чароўная ліра» ў Маскве. Сёлета сталі такімі ж лаўрэатамі на XII Міжнародным фестывалі традыцыйнай культуры і народнай мастацкай творчасці «Этнамірыяда» (Казань).
Сваю музычную прэзентацыю падрыхтавалі ўдзельнікі вялікага хору чацвёртых класаў. Паглядзець выступленне дзяцей прыйшлі іх бацькі, сябры, настаўнікі.
«Ад імя бацькоў выказваем шчырае прызнанне кіраўніку музычнай студыі Алене Ігараўне Скорынавай, – сказалі Аляксей і Алена Голубевы. – Наш старэйшы сын Сцяпан іграў на цымбалах, а цяпер і малодшы сын Захар. Мы самі любім музыку, падтрымліваем сыноў у іх захапленнях».
Ларыса ЗАЙЦАВА.


