Хочу в стройотряд. Где в Шумилинском районе могут работать подростки

Молодёжь Общество Экономика

Хачу ў студатрад!

Як расказала першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава, плануецца, што летам у студатрадах будзе працаваць 40 падлеткаў. Працаваць яны будуць у Шумілінскай ПМК‑70, Шумілінскім лясгасе і на Обальскім керамічным заводзе.

Фото из архива «Герой працы».

Як запісацца ў студатрад?

Крок 1. Звярнуцца ў райкам ГА БРСМ.

Крок 2. Табе прапануюць запоўніць анкету, дзе трэба пазначыць жаданы профіль студэнцкага атрада і заработную плату, якую хочаш атрымаць.

Крок 3. Будзь на сувязі. Зыходзячы з тваіх пажаданняў, табе прапануюць варыянты працаўладкавання.

Крок 4. Важны нюанс: калі табе не споўнілася 16 гадоў, разам з заявай трэба падаць пісьмовую згоду аднаго з законных прадстаўнікоў (бацькі, усынавіцелі, папячыцелі) пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў. А вось калі ты дасягнуў 16 гадоў, то падаеш заяву і медыцынскую даведку аб стане здароўя, якая пацвярджае адсутнасць супрацьпаказанняў.

Куды пайсці працаваць падлетку?

Многія прадпрыемствы і арганізацыі летам прапануюць індывідуальную працоўную занятасць. Гэта выгадная магчымасць для падлеткаў, бо можна адчуць сябе дарослым і самастойным, а таксама зарабіць грошай на сваю жаданую пакупку.

Куды можна пайсці працаваць?

Шумілінская ПМК‑70 бярэ на работу 30 чалавек, Обальскі керамічны завод – 15, Мікіціхінская СШ – 5 прыбіральшчыкаў памяшканняў, – расказала спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сямагіна. – Падчас жніва можна будзе ўладкавацца і ў сельгаспрадпрыемствы на зернесушылкі і зернесклады: ААТ «АграБаравінка» прапануе работу двум падлеткам, СУП «Лаўжанскае» – пецярым, ААТ «Ляжні» – чатыром, ААТ «Прыазёрны мір» і КУСГП «Ульскі» гатовы ўзяць на работу па трое непаўналетніх. Праўда, для іх ёсць абмежаванні – падлеткаў не дапусцяць да работы са шкоднымі рэчывамі і звязанымі з цяжкай фізічнай працай. Пад забаронай таксама начныя змены і работа ў выхадныя дні».

З якога ўзросту возьмуць на часовую працу?

Толькі з 14 год, не раней. У некаторых арганізацыях прадугледжана часовае працаўладкаванне для навучэнцаў каледжаў і студэнтаў ВНУ – тым, каму споўнілася 18 гадоў. Напрыклад, цэнтральная раённая бальніца прапануе чатыры вакансіі (прыбіральшчыкі памяшканняў, санітаркі). На ТАА «Вежа» рабочымі гатовы працаўладкаваць дваіх чалавек, у Мікіціхінскі і Обальскі дзіцячыя сады, у дзіцячы сад № 1 – па аднаму.

Працягласць работы.

Падлеткі 14‑16 гадоў працуюць 4 гадзіны 36 хвілін кожны дзень, для 16‑18 гадоў прадугледжаны рабочы час працягласцю 7 гадзін. Заробак пры скарочаным рабочым часе выплачваецца ў тым жа памеры, што і дарослым за поўную норму.

Якія дакументы патрэбны?

Для працаўладкавання трэба прыйсці ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з пашпартам і ўзяць накіраванне на работу. Потым трэба ісці ў выбраную арганізацыю, напісаць заяву на часовую работу. Там парэкамендуюць прайсці медагляд (павінен быць указаны допуск да выбранага віду работ). Потым заключаецца працоўны дагавор. Падлеткам да 16 гадоў трэба мець пісьмовую згоду бацькоў на працаўладкаванне.

Зробяць стэнды, адрамантуюць мэблю

– У нашай школе можна не толькі вучыцца, але летам папрацаваць, – расказаў 15‑гадовы Назар Клопаў з Обалі. – У мінулым годзе я ўпершыню працаваў у школе: навучыўся даглядаць за садам. Яшчэ мы рамантавалі кнігі ў бібліятэцы, даглядалі клумбы. На свой першы заробак купіў красоўкі, гадзіннік і штаны. Сёлета зноў буду працаваць у школе, будзем рамантаваць мэблю. Я хачу навучыцца гэта рабіць – у жыцці спатрэбіцца. А грошы буду адкладваць на новы тэлефон.

У раёне арганізавана часовая занятасць школьнікаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На гэтыя мэты выдзелена 35 тысяч рублёў, расказалі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

У турцэнтры ў студзені‑красавіку былі працаўладкаваны 13 падлеткаў. Яны выраблялі бутаньеркі, блакноты, значкі, падарункавыя пакеты, буклеты, джынсавыя сумкі. У школах раёна работа толькі пачынаецца. Напрыклад, у СШ № 1 працаўладкуюць 41 школьніка. Дзеці будуць займацца ламініраваннем друкаванай прадукцыі, рамонтам мэблі, вырабам падарункавых пакетаў, блакнотаў, бутаньерак. У Обальскай школе з чэрвеня пачне работу працоўны атрад у складзе дзесяці падлеткаў. Яны будуць займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, рамонтам мэблі. У СШ № 2 з ліпеня бу дуць працаваць 40 падлеткаў, іх асноўных клопатам стануць рамонт школьнай мэблі, замена дзвярных замкоў, выраб стэндаў. У Мікіціхінскай СШ на чэрвень‑ліпень працаўладкуюць восем школьнікаў. Яны будуць наводзіць парадак на прышкольнай тэрыторыі і выра бляць стэнды. У Кардонскую СШ вучнёўская падмога прыйдзе ў жніўні. План работы для дзяцей – выраб стэндаў і рамонт мэблі.

У рамках праекта «Час добрых спраў» у ТЦСАН будуць працаваць трое падлеткаў – іх навучаць шыць шторы і сурвэткі.

Сувенірныя блакноты сваімі рукамі

З учарашняга дня ў СШ № 1 г. п. Шуміліна стартавала другасная занятасць для вучняў 8‑9 класаў. Пад кіраўніцтвам загадчыцы бібліятэкі Вольгі Сарокінай падлеткі вырабляюць блакноты з эмблемай школы на вокладцы. Такія сувеніры спатрэбяцца навучальнай установе, напрыклад, для падарункаў гасцям. Дзеці ўладкаваліся працаваць у школу ў першы раз у жыцці. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Соф’я Цімашэнка, 9 клас:
– Я вызвалена ад экзаменаў, таму маю больш вольнага часу, чым мае аднакласнікі. Вось і вырашыла паспрабаваць  працаваць у школе. Гэта мой першы самастойны вопыт работы. Хочацца навучыцца новаму. Адчуваю задавальненне, што атрымліваецца вырабляць блакноты.

Эліна Пушнякова, 8 клас:
– Мне прапанавала папрацаваць у школе класны кіраўнік Святлана Уладзіміраўна Емяльянава. Я прыйшла сюды за вопытам,  думаю, што гэта добра, калі тваё першае рабочае месца ў школе. Тут усё знаёмае, няма хвалявання. Нават калі нешта не атрымаецца, то падкажуць, выправяць і навучаць.  Рабіць сувенірныя блакноты мне цікава.

Тэму вывучалі  Ларыса ЗАЙЦАВА  і Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *