Ад брыгадзіра да кіраўніка калгаса
Няхай у сэрцы заўсёды гарыць агонь, у душы жывуць мары і не падводзіць здароўе – такія пажаданні гучалі ў адрас Уладзіміра Пятровіча ДОЛГАГА з аграгарадка Светласельскі, які на днях адзначыў 80 год з дня нараджэння. Да віншаванняў далучыўся і в. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Афанасьеў.
«Знаёмы з вамі са студэнцкіх гадоў. У свой час у калгасе імя Леніна быў на практыцы ветэрынарам, – згадаў Юрый Афанасьеў, віншуючы юбіляра. – Мне тады запомнілася дзелавітасць, сур’ёзнае стаўленне да справы старшыні калгаса, уважлівыя адносіны да людзей».
Уладзімір Долгі родам з Чашніцкага раёна, прыехаў у Шуміліна па размеркаванні і застаўся тут на ўсё жыццё. Па спецыяльнасці аграном, ён «вырас» ад брыгадзіра да кіраўніка сельгаспрадпрыемства – 24 гады ўзначальваў калгас імя Леніна. У 70-ыя гады на асобных палетках ураджай зерневых дасягаў 50 цэнтнераў з гектара. Гэта быў поспех. За важкія працоўныя вынікі Уладзімір Долгі быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу».
У 80-ыя гады сельгаспрадпрыемства было мільянерам – гэта гордасць кіраўніка і дасягненне ўсяго калектыву.
Апошнія 18 гадоў Уладзімір Пятровіч адпрацаваў майстрам у забойным цэху ТАА «Вітконпрадукт», дзе калегі пра яго таксама кажуць як пра талковага гаспадарніка і добрага сябра. Сёння У. П. Долгі на заслужаным адпачынку. Самае дарагое для яго – сям’я: жонка Зінаіда Пятроўна, з якой разам пражылі 55 гадоў, двое сыноў, трое ўнукаў, два праўнукі, якіх ён вельмі любіць і якімі ганарыцца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

