Рыхтуемся да зімы і аналізуем вынікі работы за першы квартал
Падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду 2026/2027 года, інфармацыйна-тлумачальная работа ў працоўных калектывах і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першы квартал – гэтыя ключавыя тэмы абмеркавалі на адкрытым пасяджэнні райвыканкама. Пасяджэнне правёў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. Удзел у рабоце прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук.
Ацяпляльны сезон
Як адзначыў у дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, работы, праведзеныя ў 2025 годзе, – рамонт цеплатэхнічнага абсталявання, замена цеплавых і водаправодных сетак, аднаўленне дахаў жылфонду – дазволілі забяспечыць раён устойлівым цеплазабеспячэннем. Аднак не менш маштабны фронт работ чакае напярэдадні зімы 2026/2027 года. Сярод асноўных задач: рамонт стыкаў сценавых панэляў – 0,3 тыс. пагонных метраў; рамонт дахаў – 1740 кв. м; перакладка цеплавых сетак з выкарыстаннем ПІ-труб – 0,1 км; рамонт і прамыўка цеплаабменнікаў – 64 адзінкі; прафілактычны рамонт індывідуальных цеплапунктаў – 246 адзінак; ізаляцыя трубаправодаў – 1070 м; стварэнне запасаў паліва: 47 тыс. м3 дроў, 48 тыс. м3 шчапы. Агульная патрэба УП ЖКГ у фінансаванні падрыхтоўчых работ складае 1,648 млн. рублёў.
Руслан Насцюшкін таксама звярнуў увагу на праблему запазычанасці на сельніцтва і асобных арганізацый за камунальныя паслугі. Паводле яго слоў, гэтыя сродкі маглі б істотна паскорыць падрыхтоўку да зімы.
У абмеркаванні пытання выступілі дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў, старшы інспектар Энергагазаінспекцыі Андрэй Захаранка і кіраўнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Ларыса Маладзечкіна. Па выніках дыскусіі праект рашэння вырашылі дапрацаваць.
Інфармацыйная работа і вынікі развіцця раёна
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шаўнёва дала ацэнку інфармацыйна-тлумачальнай рабоце ў працоўных калектывах у адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта №12.
Пра сацыяльна-эканамічныя вынікі за першы квартал года паведаміла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Галіна Калыхан. Па яе словах, з 12 асноўных прагнозных паказчыкаў выканана 5, у тым ліку адзін мэтавы. Сярод станоўчых вынікаў: рост намінальнай зарплаты – 119,5% пры заданні 112,5%; рост вытворчасці сельгаспрадукцыі – 164,6% (пры плане 102,3%); рост рознічнага тавараабароту – 105,8% (102,5%); рост экспарту тавараў – 215% (105%); рост аб’ёмаў паслуг – 226% (105%). Разам з тым не выкананы паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал, будаўніча-мантажных і падрадных работах, турыстычных паслугах, а таксама па зніжэнні выдаткаў і павышэнні рэнтабельнасці. Дакладчык падкрэсліла: кіраўнікам арганізацый неабходна тэрмінова прыняць меры для ліквідацыі адставанняў і павышэння эфектыўнасці.
Па абмяркоўваемым пытанні заслухалі справаздачы кіраўнікоў Шумілінскага лясгаса Віталя Судакова, ААТ «Обальскі керамічны завод» Сяргея Ляўшова і СУП «Лаўжанскае» Яўгена Дзятлоўскага.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

