Дзеці, творчасць і бяспека – разам
Як адзначылі першы дзень лета ў Шуміліне
Вясёлымі песнямі, гарэзлівымі танцамі, яркімі фарбамі пачалося лета ў Шуміліне. Прырода падарыла сонечны цёплы дзень, што дадало настрою.
У гарадскім парку кожны змог знайсці сабе забаву для душы. Тут азгарнулася вялікая забаўляльная, пазнавальная і культурная праграма. Дзеці скакалі на батутах, каталіся на поні і невялікіх гоначных аўто. Працавала шмат тэматычных пляцовак.
На алеі дзіцячай творчасці «Дзіцячы Арбат» прапанавалі не толькі забавы, але і майстар-класы. Майстры народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Спадчына» вучылі плесці рэчы з саломы і вырабляць матылёў, работнікі бібліятэкі – рабіць закладкі, РЦДіМ – ствараць папяровых змеяў і іншыя падзелкі, ТЦСАН – значкі. Літаральна на кожнай лакацыі можна было паўдзельнічаць у віктарынах, конкурсах, бяспройгрышных латарэях. Інтэрактыўныя пляцоўкі падрыхтавалі таксама работнікі ФАЦа, райкама ГА БРСМ, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Падчас канікулаў нельга забываць і пра бяспеку, нагадалі работнікі РАНС і ўспомнілі разам з дзецьмі небяспечныя сітуацыі і як з імі справіцца. На сваю тэрыторыю запрасілі рабят работнікі РАУС і ДАІ і прапанавалі конкурсы, віктарыны на веданне правілаў дарожнага руху. А яшчэ да радасці дзяцей можна было пасядзець за рулём міліцэйскіх аўто, прымераць спецсродкі абароны.
Актыўна хлопчыкі і дзяўчынкі наведвалі пляцоўкі работнікаў раёна газазабеспячэння, раённага таварыства ратавання на водах, ЦРБ і РЦГЭ.
Усмешкі не сыходзілі з твараў дзяцей, а гэта значыць, што ў дарослых атрымалася зрабіць свята.
Ларыса ЗАЙЦАВА.





