Адпрацавалі сучасныя баявыя прыёмы і формы
3 чэрвеня ў Лепельскім раёне прайшоў збор па тэрытарыяльнай абароне з кіруючым складам органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны Віцебскай вобласці.
Сярод удзельнікаў збору былі начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл – першы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь Павел Муравейка,
намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Пётр Бялусь, ваенны камісар вобласці Сяргей Кунахавец, прадстаўнікі Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, старшыні гар – і райвыканкамаў. У зборы браў удзел старшыня Шумілінскага райвыканкама Мікалай Будневіч.
Мэта збору – павысіць узровень ведаў старшынь райвыканкамаў, іх намеснікаў, службовых асоб, якія адказваюць за пытанні тэрабароны, ваенных камісараў раёнаў у пытаннях выкарыстання сіл тэрытарыяльнай абароны згодна з прызначэннем.
Ваенны камісар вобласці палкоўнік Сяргей Кунахавец выступіў з дакладам
аб ваенна-палітычнай абстаноўцы ў свеце і вакол краіны.
На практычных занятках былі прадэманстраваны парадак арганізацыі работы і інжынернага абсталявання КПП, месцаў размяшчэння тэрытарыяльных
войск, абарона асабовага складу ад уздзеяння беспілотных лятальных апаратаў, арганізацыя і вядзенне засадных дзеянняў падраздзяленнямі, парадак устаноўкі выбуховых і невыбуховых загарод.
Намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Бялусь падкрэсліў, што вучэнні прайшлі на парадак вышэй папярэдніх, больш арганізавана.
– У цэлым хочацца адзначыць вялікую падрыхтоўчую работу Лепельскага і Чашніцкага раёнаў, – сказаў Пётр Бялусь. – Колькасць
вучэнняў трэба павялічваць, бо практычныя веды ляжаць у розных
плоскасцях з тэарэтычнымі. Як кажуць, порах трэба трымаць сухім, і набытыя навыкі павінны выконвацца на аўтамаце ў любы час дня і ночы.
Таксама на палігоне “Лепельскі” прайшло першынство па стральбе сярод службовых асоб з пісталетаў ТТ, ПМ і аўтамата АК-74.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Мікалай Будневіч (у цэнтры) з калегамі на зборы

