Працаваць у камандзе, каб рухаць рэгіён уперад
Абласны адукацыйны форум працуючай моладзі “Перспектыва” сабраў у турысцка-аздараўленчым комплексе “Лосвіда” ў Гарадоцкім раёне больш за 100 прадстаўнікоў моладзі з усёй Віцебшчыны.
Шумілінскую моладзь на форуме прадстаўлялі Любоў Архіпава (дзіцячы сад № 4), Паліна Горбава (РЦДМ) і Анастасія Літвінава (Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый).
– Я ўдзельнічала ў форуме ўпершыню, і мне вельмі спадабалася. Арганізатары прапанавалі насычаную і цікавую праграму. Перад намі выступілі спікеры, якія расказалі пра тэхналогіі штучнага інтэлекту і іх выкарыстанне, падзяліліся тэхнікамі ўзаемін, – падзялілася ўражаннямі Любоў Архіпава. – Мы разбіліся на групы і распрацоўвалі праекты, якія можна рэалізаваць на месцах. Мы мелі магчымасць даведацца пра жыццё і дзейнасць моладзі ў іншых раёнах вобласці, абмяняцца вопытам. Да канца форуму мы стаміліся, але гэтая стомленасць несла задавальненне.
Спадабаўся форум і Анастасіі Літвінавай: “Галоўнай задачай форуму было згуртаваць моладзь, каб яна магла прасоўваць свае рэгіёны. Гэта быў цудоўны вопыт знаёмства з людзьмі. Было цікава паслухаць спікераў. Атрымалі шмат карыснай інфармацыі”.
Анастасія расказала пра праект «Шумілінская Варта», які група з яе ўдзелам распрацавала для раёна:
– Трэба было за 2 гадзіны стварыць праект для свайго рэгіёна. Мы прапанавалі канцэпцыю інтэрактыўнага фестывалю “Шумілінская Варта”, які мяркуе акунуць яго гасцей у гістарычную эпоху. Разглядалі XVI стагоддзе, як найбольш відовішчнае: яркія касцюмы, рэканструкцыя баёў на мячах, палаткі рамеснікаў з традыцыйнымі народнымі вырабамі з керамікі, скуры, тэкстылю, дрэва, абавязковы гастрафэст са стравамі таго часу. Дарэчы, па меры развіцця фестывалю можна дадаваць іншыя эпохі, пайсці як у глыб стагоддзяў, так і бліжэй да сучаснасці.
Такі фестываль прыцягне не толькі жыхароў раёна, але і шматлікіх гасцей, што, на думку распрацоўшчыкаў праекта, паспрыяе як развіццю турызму ў нашым раёне, так і гарадскога пасёлка.
“Зразумела, што за дзве гадзіны мы змаглі прапанаваць толькі ідэю, для практычнай рэалізацыі яшчэ трэба шмат працаваць, – дадала АнастасіяЛітвінава. – Але гэта дала вопыт работы ў камандзе, вопыт сумеснай дзейнасці, які пры неабходнасці можна выкарыстоўваць у рабоце і жыцці”.
Таксама ўпершыню была на форуме Паліна Горбава: “Мяне зацікавілі выступленні спікераў, з задавальненнем паўдзельнічала ў розных мерапрыемствах, пазнаёмілася з рабятамі з іншых раёнаў і гарадоў вобласці. Карысным для мяне было выступленне спікера, які расказваў пра валанцёрства і валанцёрскі рух. Спадабаўся музычны квіз, які, на маю думку, аб’ядноўваў нас у спробах адгадаць песню ці мелодыю. З задавальненнем паўдзельнічала б у такім форуме яшчэ раз”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

