Пяць зорак над Шумілінам

У Шумілінскім раёне атэстат аб сярэдняй адукацыі сёння атрымаюць 93 выпускнікі. Пяць з іх – з залатым медалём. Усе – вучні СШ № 1 г. п. Шуміліна. Чатыры дзяўчыны і адзін хлопец.
Вы думаеце, залаты медаль – гэта гісторыя пра геніяў, якія вырашалі задачы ў сне? Гэта гісторыя пра тых, хто тры разы пісаў кантрольную па фізіцы з тэмпературай. Пра тых, хто хваляваўся перад кожнай кантрольнай, а потым супакойваўся і ўсміхаўся. Пра тых, хто мог сказаць «ды навошта мне гэта», але не сказаў.
Ганна Аглушэвіч, Кацярына Волкава, Уладзіслаў Донаў, Вераніка Ісакава і Соф’я Кучко не любяць слова «героі». Яны кажуць: «Мы проста рабілі сваю справу». Але калі пяцёра з аднаго класа бяруць медалі – гэта ўжо не «проста».
Ганна АГЛУШЭВІЧ атрымала 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове і збіраецца вучыцца на лагіста:
– Да 8-га класа я мела не вельмі высокі сярэдні бал. І мяне ўсё задавальняла. А потым настаўніца сказала: “Аня, ты магла б лепш. Ты проста баішся быць лепшай, – кажа дзяўчына. – Гэта мяне раззлавала. Стала справай прынцыпу. Я вырашыла даказаць, што змагу. У выніку ў першую чаргу даказала самой сабе. Хачу сказаць вялікі дзякуй Вользе Мікалаеўне Бяляевай, маёй класнай і настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая дала такія трывалыя веды, што я змагла здаць экзамен на 100 балаў.
Вераніка ІСАКАВА збіраецца паступаць у ВНУ эканамічнага профіля. Дзяўчына расказвае:
– Я добра вучуся з 4-га класа. Старалася рабіць усё, што гаварылі мне настаўнікі. Калі нешта не атрымлівалася, не псіхавала. Супакойвалася і спрабавала спачатку. Мой медаль – заслуга і бацькоў, і настаўнікаў, і мяне. Мы адно цэлае.
Паступаць на факультэт энергетычнага будаўніцтва БНТУ збіраецца Уладзіслаў ДОНАЎ:
– Я проста рабіў тое, што трэба. Кожны дзень. Проста сядаў і вучыўся, калі іншыя гулялі. Медаль – гэта адзнака таго, што ты не кінуў на паўдарозе. Калі рабіць патроху, але рэгулярна – вынік прыйдзе. І табе не будзе сорамна перад сабой, перад бацькамі, перад настаўнікамі.
Кацярына ВОЛКАВА абрала інжынерную спецыяльнасць і ўжо можа стаць студэнткай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, як пераможца ўніверсітэцкай алімпіяды. Кацярына кажа:
– Ведаеце, што мяне больш за ўсё бянтэжыць? Калі кажуць: “Яна разумная, у яе лёгка атрымліваецца”. Нічога не атрымліваецца лёгка. Медаль – гэта веды, да якіх ішлі 11 год.
Соф’я КУЧКО збіраецца паступаць на спецыяльнасць “графічны дызайн” у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт:
— У мяне ўсё няпроста. У пачатковай школе на першым месцы быў спорт, футбол. З 5 па 7 клас сядзела са сваёй сяброўкай Кацяй Волкавай, у яе і спісвала. Таму і адзнакі былі не благія. Але потым задала сабе пытанне: «А калі не будзе Каці. Што? Усё. Нуль». І пачала сама старацца. Пачало атрымлівацца. А далей ужо, як гаворыцца, спартыўны азарт і жаданне стаць лепшай. І вось ён фініш – залаты медаль.
Сёння мы не можам не ўзгадаць і выпускніка СШ № 1 г. п. Шуміліна Глеба ЛАЎРЫНЕНКУ, які здаў цэнтралізаваны экзамен па матэматыцы на 100 балаў.
– Найперш шчыры дзякуй хачу сказаць настаўніцы Паліне Аўдзееўне Кавалёвай. У 100 балах вялікая частка працы маёй настаўніцы матэматыкі, якая падбірала для мяне заданні, раіла, – кажа Глеб. – На экзамене вельмі хваляваўся, тым больш, што на рэпетыцыйным атрымліваў пад 90 балаў. Як ўбачыў заданні – супакоіўся, бо яны падаліся нескладанымі. Выканаў за 1,5 гадзіны, затым правяраў і пераправяраў. Крыху сумненні былі па трох пытаннях з 30. Калі прыйшла СМСка з вынікам, адрэагаваў спакойна – гэта вынік старанняў, ведаў і добры падмурак для далейшай вучобы.
Вось і ўсё. Ніякай магіі. Проста ўпартая праца. За кожным медалём стаяць дзясяткі недаспаных начэй, сотні перажыванняў і адно вялікае «не адступлю».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

