20 гадоў у страі – афіцэрскі гонар не старэе
6 чэрвеня Шумілінская раённая арганізацыя Беларускага саюза афіцэраў адзначыла свой 20-гадовы юбілей – дату, якая аб’яднала людзей, для якіх словы «гонар», «Радзіма», «служба» і «абавязак» заўсёды былі часткай жыцця, а не проста паняццямі. Святочную клубную сустрэчу падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры, і фае РЦК літаральна ззяла ад зорак на пагонах і медалёў на грудзях гасцей.
Падтрымаць юбіляраў прыйшлі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ірына Шалахава, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускага саюза афіцэраў» капітан II рангу Сяргей Дзянісаў, намеснік ваеннага камісара вобласці палкоўнік Павел Максіменка.
Старшыня раённай арганізацыі БСА Валерый Жандараў адзначыў, што два дзесяцігоддзі – гэта час, калі фарміруюцца традыцыі, мацнее братэрства і перадаецца вопыт тым, хто сёння працягвае справу абароны краіны. Ён падкрэсліў актыўную пазіцыю членаў арганізацыі і іх уклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Валерый Іванавіч павіншаваў прысутных і ўручыў Падзякі калектывам і арганізацыям, якія шмат гадоў дапамагаюць у патрыятычнай і духоўнай рабоце з жыхарамі раёна, аказваюць плённае садзейнічанне ў рашэнні задач па забеспячэнні нацыянальнай і ваеннай бяспекі краіны.
У сваім віншаванні старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч падкрэсліў, што «20 гадоў – сур’ёзны тэрмін для арганізацыі, члены якой кожны дзень сваім вобразам жыцця, сваёй працай уносяць уклад у развіццё патрыятычнага руху, 20 гадоў – салідны шлях для арганізацыі, якая стала прыкладам адвагі, грамадзянскага доўгу і надзейнай апорай дзяржавы». Мікалай Аляксеевіч уручыў Ганаровую грамату райвыканкама старшыні арганізацыі Валерыю Жандараву, Падзяку старшыні райвыканкама атрымаў Васіль Карпушэнка, Падзяку старшыні раённага Савета дэпутатаў – Вячаслаў Канашэнка. Кіраўнік раёна атрымаў ганаровы юбілейны знак «20 год Шумілінскай раённай арганізацыі БСА» з рук Валерыя Жандарава.
Сяргей Дзянісаў уручыў граматы абласной арганізацыі падпалкоўніку ў адстаўцы Мікалаю Жукаву, палкоўніку ў адстаўцы першаму старшыні раённай грамадскай арганізацыі Генадзю Шынкевічу, падпалкоўніку ў адстаўцы Вячаславу Канашэнку і капітану II рангу Віктару Прыходзьку.
Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі абласнога ваенкамата, «Беларускага фонду міру», раённай ветэранскай арганізацыі і ветэранскай арганізацыі РАУС, «Пагранічнікаў Шуміліна», гісторыка-краязнаўчага музея. Пасля адбылася цырымонія ўзнагароджання актывістаў – ім уручылі памятныя і нагрудныя знакі, граматы і юбілейныя адзнакі.
Памяць шасці членаў арганізацыі, якія пайшлі з жыцця за гэтыя гады, ушанавалі хвілінай маўчання.
Асобныя словы прагучалі і ў адрас жанчын – тых, хто побач з афіцэрамі ва ўсе часы. Ад іх імя выступіла прапаршчык у адстаўцы Зінаіда Жандарава, падкрэсліўшы, што жонкі афіцэраў – гэта надзейны тыл, апора і тая цішыня, у якую хочацца вяртацца пасля самых складаных дзён.
Кульмінацыяй вечара стаў афіцэрскі вальс – сімвал мірнага жыцця, дзеля якога служаць абаронцы Айчыны. Мелодыя нагадала пра дом, каханне і тую ціхую радасць, што натхняе на службу і подзвігі.
Свята прайшло ў цёплай, па-сямейнаму ўтульнай атмасферы, якая падкрэсліла пераемнасць пакаленняў і павагу да тых, хто стаяў ля вытокаў арганізацыі і хто працягвае яе традыцыі сёння.
20 гадоў – гэта гісторыя, напісаная людзьмі ў пагонах і тымі, хто захаваў афіцэрскі характар у мірным жыцці. Гэта прыклад вернасці прысязе, грамадзянскай актыўнасці і сапраўднага служэння Радзіме. Няхай наперадзе ў Шумілінскай раённай арганізацыі БСА будзе яшчэ больш добрых спраў, моцнага адзінства і новых ініцыятыў на карысць раёна і краіны!
Алена КАРПУШЭНКА









