«БАШНЕВСКАЯ УХА»: вкус лета и традиций. Праздник-бренд Светлосельского сельсовета Шумилинского района

Главное Край шумілінскі Культура Мир увлечений Общество

Смак лета і традыцый –  «БАШНЕЎСКАЯ ЮШКА»

У мінулую суботу аграгарадок Башні ў пяты раз стаў смачнай сталіцай рэгіёна, дзе гарачая юшка – галоўны пачастунак свята. Брэндавае мерапрыемства Светласельскага сельсавета «Башнеўская юшка» сабрала да сябе як башнеўцаў, так і жыхароў іншых населеных пунктаў раёна.

Мерапрыемства пачалося а шостай гадзіне раніцы са спаборніцтваў «Лавіся, рыбка». На возеры Будавесць лавілі акунёў, шчупакоў, карасёў, лінёў і іншую рыбу, каб потым прыгатаваць з яе юшку для ўсіх прысутных. Сапраўдным аматарам-рыбакам і дождж быў не перашкода, бо калі клюе – то і душа пяе.

Юшку варылі не толькі мясцовыя жыхары, але і работнікі бібліятэк, клубаў раёна, сельсаветаў, прадпрыемстваў. У кожнай з іх – непаўторны смак, свой рэцэпт. А галоўны сакрэт усіх повараў – старанне, цеплыня душы, сяброўства, узаемавыручка, любоў да справы. Забягаючы наперад, адзначым, што ўсе 66 літраў юшкі разышліся на свяце.

КафэПірс «Башнеўская юшка» і гастрапікнік «Рыбны пірог», які разгарнуліся ў фае клуба, гасцінна запрашалі ўсіх да сябе.

Вельмі смачная была башнеўская юшка, наварыстая, рыбныя катлеты і пірагі – нарасхват. Можна было набыць свежую, вэнджаную і сушаную рыбу.

Дэвіз свята – рыба ўсяму галава. За юшку дзякавалі аматарам-рыбакам. Свае спрыт і ўменні паказалі жанчыны – пераможцам спаборніцтваў «Лавіся, рыбка!» стала Людміла Масько з Дабейскага сельсавета. Другое месца – у Алены Канінай, трэцяе – у Юрыя Каніна (гэта сямейная пара з Мішневіцкага сельсавета). Самую маленькую рыбіну (7 см) злавіў Андрэй Ляхновіч з Дабейскага сельсавета. Самым сталым рыбаком, які прадстаўляў Светласельскі сельсавет, стала Таццяна Карніловіч.

На свяце настрой стваралі роставыя лялькі, былі арганізаваны і выставы, самая арыгінальная з іх – «Фауна». Шмат ракушак і штучных рыбак сабралі работнікі Башнеўскага сельскага клуба і райкама ГА БРСМ – прыгожая калекцыя атрымалася. Былі і забавы для дзяцей: гульнявая пляцоўка «Малькі», «Бераг юных мастакоў. Майстар-клас на набойцы на сурвэтках і афармленню іх на святочным стале дарослым і дзецям прапанавалі работнікі Дома рамёстваў.

Башнеўцы і госці з розных населеных пунктаў раёна сабраліся на свяце для цёплых зносін, знаёмстваў і добрага настрою. А яго на свяце стваралі народны ансамбль песні «Гарэзнікі», артысты раённага цэнтра культуры.

«Міс Русалачка». Упершыню ў раёне падчас брэндавага мерапрыемства «Башнеўская юшка» прайшоў конкурс «Міс Русалачка». Гэта быў конкурс прыгажосці і таленту васьмі мораў. А правяла яго Марская Зорка. Восем русалачак прадстаўлялі свае візіткі, дэфіле і творчыя нумары. Знаёмцеся з непаўторнымі і абаяльнымі русалачкамі  ( ім па 8-13 гадоў). Ілона Нікуленка з аг. Башні адчувае сябе ў вадзе як рыба, здорава ганяе на веласіпедзе і мае мару –пакарыць дошку для скейтборда. Злата Асіпкова з аг. Амбросавічы – сапраўдная знаходка для сцэны і спартыўнай дарожкі, яна аднолькава віртуозна валодае пэндзлем і танцавальным крокам. Аліса Зелянкова з в. Пабеда жыве сцэнай – танцы, акардэон, сінтэзатар, і няма такога інструмента, які б ёй не пакарыўся. Еве Літоўка з Мікалаева падабаецца займацца рукадзеллем і ствараць прыгажосць сваімі рукамі, яе мара – прагуляцца па гарадах Бразіліі. Кацярына Баранава з г. п.Обаль – сапраўдная музычная душа, яна грае на фартэпіяна і займаецца вакалам, добра расказвае вершы. Анастасія Сталярова з аг. Мішневічы любіць жывёл, добра спявае, малюе і марыць стаць мастачкай. Мілана Міляк з Шуміліна (дарэчы, самая маленькая ўдзельніца, ёй восем гадоў) энергічная і вясёлая, не ўяўляе свайго жыцця без танцаў, спорту і песень. Ксенія Герцык з аг. Слабада – сапраўды энерджайзер на сцэне, яна спявае і танцуе з такой іскрынкай, што гледачы самі пускаюцца ў пляску.

Адзначым, што ўсе дзяўчынкі артыстычныя, актыўныя, жыццярадасныя. Яны  здзівілі гледачоў сваімі візіткамі, грацыёзна плылі па сцэне падчас дэфіле і з годнасцю трымаліся перад журы – Царом (ім быў старшыня Светласельскага сельвыканкама Валерый Шчамялёў) і ягонай світай. Пакарылі сваімі творчымі нумарамі і ўсмешкамі, якія асвятлялі залу, творчасцю, кемлівасцю і ўменнем здзіўляць. Дзяўчаты паказалі, што хаваецца за іх прыгажосцю – танец, вершы ці сапраўднае чараўніцтва. Свае хваляванні і энергію яны ператварылі ў магію на сцэне і падарылі гледачам падчас свайго выступлення шмат пазітыўных эмоцый. І журы было вельмі нялёгка вызначаць лепшую.

«Міс Русалачкай-2026» стала Аліса Зелянкова. «Міс Жамчужная грацыя» – Ксенія Герцык за каралеўскую постаць і яркасць выступлення, «Міс Каралавае ззянне» – Ілона Нікуленка за творчы вобраз, які немагчыма забыць, «Міс Русалчына захапленне» – Кацярына Баранава за старанне і часцінку марскога чараўніцтва, «Міс казачнае натхненне» – Ева Літоўка за вершы, якія кранулі да глыбіні душы, «Міс Ізумруднае зачараванне» – Злата Асіпкова, якая зачаравала ўсіх сваімі поглядам, усмешкай, рухамі, «Міс Лазурная пяшчота» – Анастасія Сталярова, чые мяккасць і цеплыня сагрэлі гледачоў, як мора ў цёплы дзень, «Міс Марская магія» – Мілана Міляк, у якой быў вельмі арыгінальны касцюм, зроблены з фантазіяй.«Міс Сімпатый гледачоў» стала Кацярына Баранава. Усе дзяўчынкі былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *