Как прошли выпускные вечера в школах района

Главное Молодёжь Образование Общество

Выпускны вечар – гэта заўжды асаблівая падзея, цёплая, радасная і крыху сумная. Хвалююцца бацькі, настаўнікі і самі выпускнікі, для якіх заканчваецца школьная пара і пачынаецца новае, пакуль невядомае дарослае жыццё. 12 чэрвеня 93 выпускнікі сярэдніх школ Шуміліншчыны атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі і развіталіся са школай, у якой прайшлі 11 год іх жыцця.

Наперадзе – цэлае жыццё!

У Мікіціхінскай СШ па шматгадовай традыцыі на апошняе школьнае мерапрыемства выпускнікоў заводзяць у школу бацькі. Але калі ў першы клас яны прыводзілі маленькіх, крыху напалоханых, дзетак, то зараз побач з імі прыгожыя, упэўненыя юнакі і дзяўчаты.

Менавіта яны займаюць у гэты вечар ганаровае месца на сцэне, да іх звернута ўвага прысутных, ім адрасаваны віншаванні і пажаданні.

Раздзяліць гэты важны момант з 8 выпускнікамі Мікіціхінскай СШ прыйшоў ганаровы госць – старшыня Шумілінскага райвыканкама Мікалай Будневіч. Звяртаючыся да віноўнікаў урачыстасцяў, педагогаў і бацькоў, Мікалай Аляксеевіч адзначыў асабліва цёплую атмасферу ўстановы адукацыі і сказаў рабятам шчырыя словы:

– Сёння вы атрымліваеце атэстаты – дакументальнае пацвярджэнне тых вялікіх намаганняў і ўпартай працы, якія вы ўклалі ў вучобу за гэтыя 11 год. Маючы такую базу, вы можаце ўпэўнена рухацца далей: асвойваць прафесіі, якія вам па душы, працягваць навучанне, дабівацца вынікаў. Як бы ні было складана, ніколі не спыняйцеся перад цяжкасцямі. Смела пераадольвайце любыя перашкоды! А калі раптам у вас апусцяцца рукі, проста ўспомніце гэты цудоўны вечар, і ў вас з’явіцца другое дыханне, вы пойдзеце далей. Помніце малую радзіму – Мікіціху, Шумілінскі раён і любіце нашу родную Беларусь.

З добрымі пажадннямі да выпускнікоў звярнулася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. Старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава пажадала выпускнікам заўжды імкнуцца да вяршынь. Маладых людзей віншавалі педагогі і бацькі. Усе выступоўцы падкрэслівалі, што выпускнікоў заўжды чакаюць у родным аграгарадку.

І вось надышоў самы важны момант свята. Дырэктар школы Таццяна Волкава ўручыла выпускнікам атэстаты, пахвальныя лісты за вывучэнне асобных прадметаў.

Выпускнікі шчыра дзякавалі педагогам, бацькам. Было усё: віншаванні, пажаданні, слёзы радасці і суму, падарункі, букеты… Развітальны вальс завяршыў выпускны вечар.

У добры шлях, нашы выпускнікі!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Ключы  ад  школы  застануцца  ў  сэрцы

З апошняга школьнага  вальса пачаўся выпускны вечар у СШ № 1 г. п. Шуміліна. Выпускнікі, іх бацькі і педагогі прайшлі па вуліцы Кароткіна да воінскага пахавання, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў і ўсклалі кветкі на пліты з імёнамі герояў.

Выпускны вечар прадоўжыўся ў актавай зале школы і стаў не проста святам, а сапраўдным жыццёвым парогам. 50 юнакоў і дзяўчат, 11 школьных гадоў, сотні ўспамінаў…

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Юлія Сцяпанава перадала віншаванні ад кіраўніцтва раёна: «Не здавайцеся і ідзіце наперад. Няхай на вашым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі, верныя сябры і цікавыя справы. Школа дала вам галоўнае – уменне вучыцца і заставацца чалавекам».

Ветэран педагагічнай працы Святлана Сільчанка пажадала выпускнікам заставацца сабой, ісці за марай і ніколі не шкадаваць пра выбраны шлях, а таксама заўсёды помніць тых, хто ўклаў душу і веды.

Асобны блок свята – словы ўдзячнасці класным кіраўнікам. Наталля Філіпава і Вольга Бяляева стаялі на сцэне, не хаваючы слёз. Да іх выходзілі выпускнікі з кветкамі, цёплымі абдымкамі, хтосьці чытаў вершы, хтосьці спяваў.

Выпускнікі танцавалі,  здзіўлялі музычнымі нумарамі і іранічнымі кампазіцыямі, мілымі жартамі і фотаздымкамі.

Калі дырэктар школы Вольга Далецкая пачала цырымонію ўручэння атэстатаў, у зале запанавала цішыня. Кожны выхад да мікрафона суправаджаўся авацыяй. З 50 атэстатаў асабліва вылучаліся пяць – з залатым цісненнем. Ганна Аглушэвіч, Вераніка Ісакава, Уладзіслаў Донаў, Кацярына Волкава, Соф’я Кучко разам з атэстатам атрымалі залатыя медалі.

Вольга Далецкая, якая адпраўляе ў дарослае жыццё не першы выпуск, на гэты раз была асабліва ўсхваляванай: «Дарагія нашы дарослыя дзеці! Заўсёды памятайце: вас чакаюць. Чакаюць бацькі, чакаюць настаўнікі. Вы скончылі СШ № 1 г. п. Шуміліна, а значыць – вы частка нашай гісторыі. Няхай у вас усё складзецца самым шчаслівым чынам. Жывіце смела, шукайце і знаходзьце, вяртайцеся часцей у школу. Гэта ваш дом. Назаўжды».

Пасля гэтых слоў у зале не засталося сухіх вачэй – ні ў выпускнікоў, ні ў дарослых.

50 сёлетніх яе выпускнікоў крочаць у вялікае жыццё. Вось толькі ключ ад роднай школы ў кожнага з іх у сэрцы застаўся назаўсёды.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Пуцёўка ў будучыню

Сярэдняя школа № 2 г. п. Шуміліна афіцыйна адправіла ў дарослае жыццё 25 выпускнікоў. Ужо ў гісторыі – адзінаццаць гадоў урокаў, званкоў і перапынкаў, наперадзе – нязведаны, але прывабны шлях.

У выпускны вечар строгую школьную форму дзяўчаты памянялі на ружовыя, белыя, бардовыя і бліскучыя вячэрнія сукенкі, а юнакі апранулі самыя прыгожыя касцюмы. Суправаджалі сваіх дарослых дзяцей у гэты важны момант не менш прыбраныя і шчаслівыя бацькі.

Урачыстая цырымонія ўручэння атэстатаў стала доўгачаканай падзеяй выпускнога вечара. Дырэктар Жанна Рагуновіч, уручаючы дзецям іх галоўныя школьныя дакументы і перадаючы падзякі бацькам, пажадала смеласці ў дасягненні мэт і рэалізацыі самых запаветных жаданняў і планаў. Звяртаючыся да бацькоў, Жанна Іванаўна падкрэсліла, наколькі важная для маладых людзей бацькоўская апора – уменне своечасова падтрымаць, накіраваць і даць правільную параду. Шыкоўныя букеты кветак, абдымкі і гучныя апладысменты сталі лепшымі падарункамі для выпускнікоў ад родных і сяброў.

Ад імя райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў віноўнікаў урачыстасцяў павіншаваў дэпутат раённага Савета дэпутатаў былы настаўнік гісторыі СШ № 2 Павел Гусакоў: «Сёння ў вас адказны і хвалюючы дзень – вы пераступаеце парог школы ў дарослае жыццё і працягваеце свой шлях у развіцці. Хай пастаўленыя мэты будуць вамі дасягнуты, бо дарогу здужае той, хто ідзе! Мы верым у вас і чакаем у нашым раёне».

Таксама ганаровым госцем на выпускным вечары была намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка.

Пасля афіцыйнай часткі выпускнікі, іх бацькі і настаўнікі нацешыліся апошнімі выступленнямі на школьнай сцэне. Сюрпрызы ў гэты вечар не заканчваліся. Дзеці здзіўлялі творчымі нумарамі бацькоў, а бацькі – дзяцей. На працягу свята ўвагу гасцей прыцягвалі загадкавыя падарункавыя пакеты з сімвалічным надпісам «Выпуск‑2026». Сакрэт раскрыўся, калі падарункі апынуліся ў руках уладальнікаў. Дырэктар школы падрыхтавала для кожнага выпускніка памятны падарунак – эксклюзіўную кружку з эмблемай школы, упрыгожаную яе асабістым аўтографам і добрым пажаданнем.

Па‑сапраўднаму феерычным фіналам свята стаў вальс выпускнікоў пад адкрытым начным небам. Спецэфекты ў выглязе дыму з мыльнымі бурбалкамі, халодныя фантаны бруістых іскраў, светлавая падсветка зрабілі гэты момант незабыўным.

Дар’я ЧАПУРНОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *