Мабільныя фельчары – побач

Здароўе – самае дарагое ў жыцці. Яго самае дарагое ў жыцці. Яго захаванне з’яўляецца стратэгічнай задачай для медыцынскіх работнікаў.
Калі да раённай бальніцы дзясяткі кіламетраў, а на вёсцы застаюцца кіламетраў, а на вёсцы застаюцца пераважна сталыя людзі, менавіта фельчар становіцца галоўным чалавекам, гатовым прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну. Сёння ў Шумілінскім раёне паспяхова функцыянуюць два перасоўныя фельчарска-акушэрскія пункты, якія штодня знаходзяцца ў руху, каб якасная медыцына была даступная кожнаму. І працуюць на іх Дар’я МАЛАТКОВА і Ганна ЛІСЕЙЦАВА – маладыя ўніверсальныя спецыялісты, якія вызначаюцца высокай дысцыплінай, адданасцю прафесіі, шчырымі сэрцамі.
Трэці год загадчыцай мабільнага ФАПа № 1 з’яўляецца Дар’я Малаткова. Яе працоўны дзень распісаны па хвілінах, а геаграфіі паездак пазайздросціць любы падарожнік па родным краі: Сіроціна, Слабада, Крывое Сяло, Полькавічы, Башні, Язвіна, Амбросавічы і прылеглыя да іх больш дробныя вёскі. І ў кожным з гэтых населеных пунктаў Дар’ю чакаюць дзясяткі людзей. Максімальная колькасць пацыентаў за дзень складала 63 чалавекі.
Нягледзячы на свой малады ўзрост, 23-гадовая памочніца ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе ўмее аператыўна ацаніць сітуацыю, правесці планавы агляд, вымераць ціск ці накіраваць на далейшае лячэнне ў ЦРБ. Аднойчы па прыбыцці ў адзін з пунктаў прызначэння Дар’ю чакаў пацыент, які моцна парэзаў руку балгаркай. «Я наклала яму павязку і ўгаварыла паехаць у бальніцу. У выніку яму дасталі асколкі з раны і зашылі яе.
Калі я сустрэла мужчыну ў прыёмным пакоі, пачула ў свой адрас шмат слоў падзякі. Гэта самае прыемнае ў нашай рабоце – разумець, што твая дапамога патрэбна людзям», – падзялілася Дар’я Малаткова. На ўсё жыццё запомніла яна гісторыю пра адданасць сабакі да сваёй гаспадыні. На прыём у ФАП прыйшла жанчына, а яе сабака застаўся чакаць на вуліцы. Але смірна сядзець у жывёлы не атрымалася, яна скуголіла і рвалася ў машыну. Абследаванне пацыенткі прадоўжылі «пад аховай». Пераканаўшыся, што з гаспадыняй усё добра, сабака лёг побач і назіраў за працэсам.
Першы год новым мабільным ФАПам загадвае Ганна Лісейцава. Яна абслугоўвае другое крыло раёна. Яе перасоўны медыцынскі комплекс у гэтым месяцы чакаюць у Добрыне, Лявонаве, Грудзінаве, Ерашове, Кардоне, Сураўнях, Казьянах, Ляжнях, Цаўях, Мішкавічах і іншай сельскай мясцовасці. А таксама на прадпрыемствах раёна: у ААТ «АграБаравінка» і КУСГП «Ульскі».
Нагрузка на перасоўны ФАП каласальная. У мабільным комплексе Ганна аказвае неадкладную медыцынскую дапамогу, робіць забор аналізаў, электракардыяграфію, праводзіць жаночы акушэрскі агляд і ажыццяўляе продаж лекавых сродкаў.
«Наша работа вельмі цікавая, кожны дзень адбываецца нешта новае. У асноўным маімі пацыентамі з’яўляюцца пажылыя людзі з добрым сэрцам, якія акрамя ўдзячных слоў за нашу працу любяць пачаставаць дамашнімі нарыхтоўкамі і духмянымі кампотамі», – падзялілася Ганна Лісейцава.
Праца на перасоўным ФАПе патрабуе не толькі глыбокіх медыцынскіх ведаў, але і велізарнай вынослівасці, бо працаваць даводзіцца ў любое надвор’е. Але ні зімовыя завеі, ні летняя спёка не могуць спыніць гэтых дзяўчат, таму што яны ведаюць: іх чакаюць людзі. Галоўны ўрач Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Лінкевіч ганарыцца сваімі мабільнымі работнікамі: «Супрацоўніцы нашых ФАПаў – гэта ўнікальныя спецыялісты, у якіх найвышэйшы прафесіяналізм і строгая самадысцыпліна спалучаюцца з неверагодным душэўным цяплом. Іх шчырая любоў да сваёй справы дазваляюць сельскім жыхарам давяраць ім сваё здароўе і адчуваць сябе ў поўнай бяспецы».
Дар’я ЧАПУРНОВА.
