Ад навядзення парадку да якасці вады
Дзень работы з насельніцтвам – дзейсная форма работы, якая даўно прыжылася ў раёне і дае прадстаўнікам улады магчымасць пабачыць, чым жывуць вяскоўцы, вырашыць пытанні жыццезабеспячэння.
Прыгажосцю півоняў, пахам свежаскошанай травы і спевам салаўёў сустрэлі населеныя пункты Дабейскага сельсавета. На мінулым тыдні тут прайшоў Дзень работы з насельніцтвам. Рабочую групу, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама, РАНС, РАУС, УП ЖКГ, ДРБУ‑204, узначаліла намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі Інга Пілюгіна.
Даволі шматлюдна было на сустрэчы ў в. Прыазёрная. Вяскоўцы на чале са старэйшынам Канстанцінам Попелавым выказалі пажаданне ў пачатку вёскі мець асвятленне на слупе, прасілі ўстанавіць павільён для чакання школьнага аўтобуса. Адзін жыхар запытаўся, якім чынам падключыць ваду ў кватэру. Старшыня Дабейскага сельсавета Аляксей Іспянькоў запэўніў, што дапаможа разабрацца.
Узнятае пытанне наконт лядашчага дома ўжо вырашаецца – яго пачынаюць разбіраць. Было агучана пытанне пра адсутнасць смеццевых кантэйнераў, якія стаялі каля будынка былога магазіна – і яно ўзята на кантроль.
Агульная праблема жыхароў вёсак Прыазёрная і Дабея – дрэнная якасць вады. Адпаведная заяўка перададзена ў Полацкі водаканал. Вельмі непакоіць людзей тое, што ў гаспадарчых пабудовах будзе адключана электрычнасць. Дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў патлумачыў, што ў сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве прадпрыемства не мае права прадаваць электрычнасць. Уладальнік гаспадарчай пабудовы за кропкай уліку павінен звярнуцца з заявай у РЭС. Праўда, перад гэтым, магчыма, некаторым прыйдзецца аформіць зямлю і пабудову – гаспадарчыя пабудовы ўзведзены яшчэ ў савецкі час без афіцыйных дакументаў. Кожная заяўка будзе разглядацца індывідуальна, раённыя ўлады і сельвыканкам гатовы дапамагаць, запэўніла Інга Пілюгіна. Сёння трэба ўсвядоміць і прыняць, што законы мяняюцца, і трэба іх выконваць.
Дабейцы выказалі пажаданні ўстанавіць лавачкі каля шматпавярховых дамоў. Гэта будзе зроблена. Цікавіліся, дзе купіць сена – з гэтым пытаннем трэба звяртацца ў мясцовае сельгаспрадпрыемства.
У в. Непароты падзякавалі раёну электрасетак за асвятленне. Звярнулі ўвагу на тое, што на станцыі абезжалезвання трэба памяняць фільтры.
У в. Гародна папрасілі дарожныя службы пакласці па вёсцы ляжачыя паліцэйскія, каб аўтамабілісты не ганялі.
Такую ж просьбу мелі і жыхары аг. Амбросавічы. Разам з гэтым мясцовыя людзі падзякавалі за клопат работнікам сельвыканкама і ДРБУ-204 за тое, што даведзена да ладу дарога да мясцовых могілак. Хочацца адзначыць, што і самі жыхары стараюцца – многія абкошваюць не толькі каля сваіх падворкаў. Напрыклад, Уладзімір Карнілаў паклапаціўся пра абкос каля крыжа пры ўездзе ў населены пункт. А Аляксандр Пясецкі папрасіў прывезці да мясцовага клуба недастаючыя бардзюры – абяцаў іх устанавіць самастойна.
У Ляжнях старэйшына Надзея Лазука ад імя вяскоўцаў прасіла падзякаваць за добрае медабслугоўванне памочніку ўрача Светласельскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ганне Сушанавай. Пыталася таксама, ці ёсць у раёне спецыялісты, каб пачысціць калодзеж з драўляным зрубам.
Апошняй на шляху вёска Лялюгі сустрэла цішынёй і гасціннасцю. Тут людзі не прывыклі скардзіцца і прасіць – робяць усё самі, што ў іх сілах, прыцягваюць да работы дзяцей і ўнукаў. Падзякавалі работнікам ДРБУ-204 за падсыпку дарогі, старшыні сельвыканкама – за абкос нежылых сядзіб.
Рабочая група даводзіла вяскоўцам, каб займаліся добраўпарадкаваннем каля сваіх дамоў, абкосам тэрыторый. Начальнік РАНС Дзмітрый Гушчын акцэнтаваў увагу на пажарнай бяспецы, рэкамендаваў устанавіць у спальных пакоях аўтаномны пажарны апавяшчальнік, старшы ўчастковы інспектар РАУС Віктар Галуза расказаў, наколькі важна быць асцярожнымі, калі тэлефануюць незнаёмцы і папярэдзіў не паведамляць нікому свае асабістыя дадзеныя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.







