«Наш дом — в Никитихе», — считает молодая семья Лисовых из агрогородка

2026 - Год белорусской женщины Молодёжь Общество Семья

«Задаволены, што жывём у Мікіцісе»

Алена Лісава з аграгарадка Мікіціха адвучылася па мэтавым накіраванні ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, вярнулася на радзіму, адпрацавала пяць гадоў і далейшае сваё жыццё звязвае з роднай старонкай. Тут сям’я: муж, маленькі сынок Марк, работа, жыллё.

Усё ў Алены Лісавай склалася па волі лёсу і зорках. «Калі паступала ў сельгасакадэмію на спецыяльнасць “эканоміка і арганізацыя ў галіне АПК”, узяла мэтавае накіраванне, – расказвае Алена Лісава. – Паміж мной, акадэміяй і СУП “Лаўжанскае” быў заключаны трохбаковы дагавор. Усведамляла, што пасля вучобы вярнуся дадому, і гэта мяне поўнасцю ўладкоўвала. Не хацела ехаць невядома куды на адпрацоўку. Бацькі падтрымалі».

У час вучобы у Алены з’явіўся малады чалавек. Таксама з Мікіціхі. З Аляксеем ажаніліся ў маі 2021 года, а ў ліпені Алена прыехала на сваё першае рабочае месца. Прынялі яе ў калектыве як сваю. Настаўнікам стала галоўны эканаміст гаспадаркі Наталля Рыбчанка, якая і навучыла нюансам работы.

Неўзабаве маладой сям’і Лісавых выдзелілі ад сельгаспрадпрыемства двухпакаёвую кватэру са зручнасцямі. Алена з Аляксеем давялі яе да ладу пад свой густ. З рамонтам дапамагаў брат Алены. Паступова закупілі мэблю. І цяпер у кватэры ўтульна і прыгожа.

Праз год у Лісавых нарадзіўся сынок. Даглядаць яго дапамагалі бацькі, таму Алена праз год ужо выйшла працаваць на палову стаўкі ў сельгаспрадпрыемства. Зараз Марк наведвае мясцовы дзіцячы сад.

«Мы задаволены, што жывём у Мікіцісе. Гэта родны край, тут побач нашы бацькі, – кажа Аляксей (ён працуе ў забойным цэху ТАА «Вітконпрадукт»). – Тут добрая інфраструктура – магазіны, клуб, школа, дзіцячы сад, амбулаторыя. Транспартныя зносіны зручныя – побач чыгуначны вакзал, можна да Полацка ці Віцебска і на аўтобусе даехаць. Да таго ж, маем уласны аўтамабіль».

Маладой сям’і дапамагаюць бацькі, з якімі разам працуюць на агародзе. Для душы ў Аляксея – футбол, у Алены – алмазная мазаіка. Разам любяць ездзяць у Смаленск да сястры Аляксея, наведваць атракцыёны у Віцебску, выязджаць на прыроду на шашлыкі. Сярод запаветных мар маладой сям’і Лісавых – з’ездзіць на адпачынак на мора. Яна абавязкова збудзецца, вось толькі Марк крыху падрасце.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *