У гонар прафесійнага свята – Дня медыцынскіх работнікаў – у раённым цэнтры культуры адбыліся святочныя ўрачыстасці. Галоўнымі героямі дня былі ўрачы, медсёстры, фельчары, санітаркі і, вядома, ветэраны аховы здароўя раёна. Са сцэны ў іх адрас гучалі самыя шчырыя словы ўдзячнасці за бясконцае цярпенне, чуласць, бяссонныя ночы і выратаваныя жыцці.
Першым віншавальныя словы медработнікам адрасаваў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч: «Сёння ў гэтай зале сабраліся не выпадковыя людзі, а тыя, хто гатовы ахвяраваць сваім часам і нават уласным здароўем дзеля таго, каб іншым было лепш. Дзякуючы вашаму прафесіяналізму, стойкасці і мужнасці, людзі давяраюць вам самае каштоўнае – сваё жыццё». Ганаровай граматай райвыканкама Мікалай Аляксеевіч узнагародзіў медыцынскую сястру псіхіятрычнага кабінета паліклінікі Шумілінскай ЦРБ Зінаіду Сцержанкову.
Ганаровую місію ўзнагароджання прадоўжыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў. «Ваша прафесія – гэта не проста праца, гэта прызванне, стан душы і штодзённы подзвіг, – звярнуўся Міхаіл Лявонцьевіч. – Дзень медыцынскіх работнікаў – выдатная магчымасць сказаць вам дзякуй за працу, якая патрабуе асаблівай адказнасці». Ганаровыя граматы Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі ўручыў старшай медсястры Але Барковай, медсястры аперацыйнахірургічнага аддзялення Алене Курчанавай і памочніку ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Мікіціхінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Аляксандру Шумілу.
Урачысты момант агульнага свята падтрымала галоўны ўрач ЦРБ Святлана Лінкевіч. З асаблівай цеплынёй Святлана Уладзіміраўна павіншавала калектыў, адзначыла важкі ўклад кожнага работніка ў здароўе землякоў. Шэраг лепшых спецыялістаў галіны атрымалі з яе рук граматы і падзякі. У знак глыбокай павагі і прызнання Святлана Лінкевіч падрыхтавала творчы аўтарскі падарунак – кранальны музычны відэакліп з фатаграфіямі, якія адлюстроўваюць будні медработнікаў. «Тэксты і вершы песень я пішу сама – гэта мой асабісты метад эмацыянальнай разгрузкі. Пры дапамозе штучнага інтэлекту я знайшла спосаб, як ствараць музыку: выбіраеш стыль, робіш аранжыроўку і атрымліваецца гатовы прадукт», – падзялілася галоўны ўрач.
Урачыстасці пакінулі светлыя і радасныя ўспаміны. Музычныя і гумарыстычныя нумары ад шумілінскіх артыстаў зрабілі атмасферу свята пасапраўднаму душэўнай, падарылі медыкам зарад выдатнага настрою, шчыры смех і адчуванне таго, як моцна іх цэняць дома.
Дар’я ЧАПУРНОВА.




