Возрождение храма. Каждый может помочь святыне в деревне Победа Шумилинского района

Духоўнае Край шумілінскі Общество

АДРАДЖЭННЕ ХРАМА: кожны можа дапамагчы святыні ў вёсцы Пабеда

У Шумілінскім раёне працягваецца рэстаўрацыя ўнікальнага помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя – храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Пабеда. Пра тое, якія работы вядуцца зараз, хто дапамагае і якая падтрымка неабходная, даведаліся ў настаяцеля храма Вадзіма ЯСКО.

– Айцец Вадзім, гэты храм называюць жамчужынай нашага раёна. Раскажыце, у чым яго галоўная каштоўнасць і асаблівасць?

– Гэты храм, сапраўды, з’яўляецца вялікай каштоўнасцю. Яго ўнікальная архітэктура спалучае ў сабе элементы заходняга дойлідства з праваслаўнай традыцыяй. Такіх храмаў няма нідзе. Калі хтосьці ўбачыць – дайце ведаць.За сваю гісторыю будынак перажыў нямала ўзрушэнняў, у савецкія гады тут быў зернесклад. Сёння храм прыцягвае турыстаў, у ім адрадзілася царкоўнае жыццё і рэгулярна праходзяць набажэнствы.

– Якія работы па яго аднаўленні зараз стаяць на першым месцы?

– Будынак патрабуе рамонту, як знешняга, так і ўнутранага. Патрабуецца абнаўленне ўсіх драўляных канструкцый: вялікіх вокнаў, лесвіцы на званіцу, столі, падлогі ў алтары. Зараз шукаем спецыяліста, які хоча дапамагчы зрабіць лесвіцу, каб праводзіць далейшыя работы даху і званіцы. Матэрыял для яе будоўлі ў нас ёсць, з ім у свой час дапамог Шумілінскі лясгас.

– Рэстаўрацыя старадаўняга цаглянага будынка патрабуе велізарных выдаткаў. Плошча храма – 450 квадратных метраў. Дзе і ў каго вы шукаеце сродкі?

– У асноўным дапамагаюць нераўнадушныя людзі, праваслаўныя вернікі, індывідуальныя прадпрымальнікі і кіраўнікі некаторых арганізацый раёна. Дырэктар КУСГП «Ульскі» Уладзімір Касцюкоў аказвае актыўную дапамогу па добраўпарадкаванні храма, за што яму вялікі дзякуй. Аднавіць храм варта ў першую чаргу для захавання нашай багатай спадчыны. Вельмі хочацца, каб гэтае месца было цудоўным.

– Што б вы хацелі сказаць жыхарам і гасцям Шуміліншчыны, усім тым, хто задумваецца пра тое, каб унесці свой пасільны ўклад у аднаўленне царквы?

– Многія прывыклі захапляцца чымсьці чужым, адкрываць для сябе новыя месцы ў іншых гарадах і краінах. Пры гэтым забываюць, што ў нас саміх ёсць непаўторнае цудоўнае месца, за якое мы можам таксама адчуваць велізарнае пачуццё гонару. Варта толькі ўсім разам прыкласці для гэтага намаганні. У гэтым і ёсць клопат пра сваю спадчыну.

– Айцец Вадзім, давайце памарым: якім вы бачыце храм праз 10, 20, 30 гадоў?

– Хочацца, каб праз столькі гадоў ён быў поўнасцю ўладкаваны, прыгожым і поўным людзей, якія разумеюць, што без духоўнага жыцця чалавек не з’яўляецца чалавекам. Хочацца, каб людзі праз гэты храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Пабеда прыходзілі да Бога.

Дарагія браты і сёстры! Мы будзем удзячныя кожнаму, хто адгукнецца і дапаможа ў аднаўленні храма. Бо справы на славу Божую распасціраюцца ў стагоддзі і адбіваюцца не толькі на нас, але і на будучых пакаленнях сваіх угоднікаў. Мой тэлефон для кантактаў +375(29)894-87-37.

Рэквізіты:

УНП 300995022 Р/р: BY59AKBB30155022016980000000 (бел. рублі)
Банк: ЦБП 225 ААТ  «ААБ Беларусбанк» у г. п. Шуміліна
БИК AKBBBY2X
Прыход храма Успення Прасвятой Багародзіцы в. Пабеда Шумілінскага раёна Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Гутарыла Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *