Не замоўчваць праблему, а біць трывогу
Звычайна на гэту тэму гавораць ціха ці рэдка, або зусім замоўчваюць. Але маўчаць не трэба, перакананы супрацоўнікі РАУС. Толькі так можна змагацца і перамагаць.
«У інспекцыю па справах непаўналетніх РАУС звярнулася сваячка непаўналетніх дзяцей і папрасіла пагаварыць з імі, – расказала старшы інспектар інспекцыі Дар’я Трафімава. – Жанчына падазравала і сумнявалася адначасова, што над трыма дзецьмі іх дзядуля здзяйсняе сексуальнае насілле. У ходзе спецыяльна праведзеных мерапрыемстваў трывогі пацвердзіліся. Высветлілася, што дзеці нічога не прыдумалі, калі скардзіліся на дзядулю. Ён сапраўды аказаўся педафілам». Па дадзеным факце праводзіцца праверка, падрабязнасці высвятляюцца. Сталаму чалавеку пагражае пазбаўленне волі ад 8 да 15 гадоў.
У апошнім час нярэдкія выпадкі, калі педафілы знаёміліся са сваімі ахвярамі ў сацыяльных сетках. А ў час гутаркі ўгаворвалі іх займацца сексуальным самазадавальненнем – усё гэта запісвалася на камеру…
Варта адзначыць, што камп’ютарныя тэхналогіі аблегчылі выяўленне злачынстваў супраць палавой свабоды. Так, шумілінскія міліцыянеры з лёгкасцю выявілі незаконную перасылку ў тэлеграм-канале парнаграфічных фота – адзін непаўналетні перасылаў другому.
Падлетку, які не дасягнуў 16-гадовага ўзросту, вынесена папярэджанне. Калі б яму было 16+, пагражаў бы штраф да 30 БВ.
Парады ад старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дар’і ТРАФІМАВАЙ:
– Бацькам трэба часцей цікавіцца сваімі дзецьмі, ведаць пра іх знаёмствы ў рэальным і віртуальным жыцці, сачыць за магчымымі змяненнямі псіхафізічнага стану. Варта тлумачыць дзецям, што нельга хадзіць да незнаёмых людзей «паглядзець жывёл ці ўзяць пачастунак», забараняецца садзіцца ў чужыя аўто. Па любых праблемах, звязаных з дзецьмі, можна звярнуцца ў навучальную ўстанову, да ўчастковага інспектара РАУС.
Людміла ЗУЙКОВА

