Адкрывае для сябе новыя таленты
У школьныя гады Юлію Сямёнаву так захапілі ўрокі настаўнікаў СШ №1 г. п. Шуміліна, што яна абрала прафесію настаўніка і зараз сама перадае захапленне юным сэрцам. Юлія – настаўніца замежнай мовы Обальскай СШ, класны кіраўнік, актывістка, лаўрэат конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя».
Пасля таго, як атрымала дыплом з адзнакай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, перад Юліяй былі адкрыты ўсе дарогі, клікалі гарады і школы. Але выбрала малую радзіму – быццам магнітам, цягнула туды, дзе жывуць дзіцячыя ўспаміны, дзе адчуваеш сябе сваім, дзе лягчэй сябе праявіць.
Творчаму, мабільнаму і крэатыўнаму маладому спецыялісту акрамя ўрокаў даручылі весці школьны сайт, рабіць фотаздымкі ў тэлеграм-канал «Адукацыя Шуміліншчыны», яе кандыдатуру вылучылі на раённы конкурс «Настаўнік года», дзе яна перамагла ў намінацыі «Малады настаўнік». Юлія адкрыла ў сабе новыя таленты па стварэнні відэролікаў і напісанні эсэ, стала больш упэўненай і яшчэ раз пераканалася ў тым, што працаваць настаўнікам – значыць, гарэць.
«Маладым педагогам лягчэй працаваць у школе, бо яны лепш разумеюць інтарэсы дзяцей, – дадае Юлія Аляксандраўна. – Галоўнае – чуць іх, не выдаваць сакрэтаў і тайнаў, давяраць. Быць не толькі настаўнікам, але і старэйшым сябрам, псіхолагам і нават крыху акцёрам – ну, каб зацікавіць англійскай ці нямецкай мовамі».
Для маладой настаўніцы характэрна настойлівасць, цвёрды стрыжань характару – не дарэмна ёй блізкі вобраз Зіны Партновай. Любіць перачытваць «Ганну Карэніну» Льва Талстога, «Жыццё ў пазыку» Эрыха Марыі Рэмарка – рамана, пасля якога хочацца жыць ярка і цаніць кожны дзень. Юлія Сямёнава з задавальненнем прымае ўдзел у складзе каманды ў раённым інтэлектуальным турніры «Гульні розуму». За вялікую адказнасць і ініцыятыўнасць яе выбралі намеснікам старшыні Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў. Гэта ганаровая і адказная місія – быць голасам маладых. А яшчэ Юлія Аляксандраўна – член клуба маладых педагогаў Беларусі.
Малады спецыяліст стараецца паспяваць усюды – правесці пазакласныя мерапрыемствы, разам з дзецьмі наведаць ветэранаў працы, прыбраць каля памятных месцаў, паўдзельнічаць у абласным маладзёжным форуме, распрацаваць змястоўны план-канспект урока, які потым надрукуюць у часопісе, паслухаць любімыя рок-кампазіцыі, абмеркаваць з сябрамі трылеры і баевікі, модныя трэнды.
«Адной з важнейшых місій настаўніка лічу выхаваць сапраўдных патрыётаў, пасяліць у іх сэрцы ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца», – кажа Юлія. Яна сама падае сапраўдны прыклад, нікуды не збіраецца з’язджаць з роднага раёна і ўпэўнена, што праслаўляць радзіму можна не толькі гучнымі подзвігамі, але і штодзённай карпатлівай працай. Вельмі хоча, каб слова «Шуміліншчына» землякі вымаўлялі з гордасцю, бо тут жывуць працавітыя людзі і шмат прыгожых мясцін.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Бліц-апытанне
Самыя прыгожыя месцы – азёры ў аграгарадку Слабада, Вялікі камень у Горках.
Ідэальнае месца для спатканняў – Шумілінскае возера.
Ідэальны вольны час – актыўны: катанне на веласіпедзе, танцы.

