Галоўнае – маладосць у душы
Цудоўны падарунак на Дзень моладзі шумілінцам зрабіла рок-студыя “Эксперымент-12” раённага цэнтра культуры, прадставіўшы новы праект “Двойчы”.
Адкрываючы канцэрт, кіраўнік студыі Максім Крыгін пажартаваў: “Эксперымент-12” выступаў ў розных складах. Сёння мы выступаем у вельмі вузкім складзе – ўдваіх, з Дзмітрыем Пракопчыкам. Таму і праект называецца “Двойчы”. І хаця нам на дваіх больш за 90, мы застаемся маладымі ў душы, як і нашы прыхільнікі”.
І сапраўды на пляцоўцы каля эстрады ў парку сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў: і равеснікі музыкантаў – тыя, хто ведаюць “Эксперымент-12” з моманту стварэння, і школьнікі-падлеткі, якія любяць рок-музыку. Усе горача падтрымлівалі музыкаў, падпявалі разам з імі, дзякавалі апладысментамі. А са сцэны гучалі песні “пра каханне і сяброўства, самалёты і рознае такое…”. Гэта былі як новыя кампазіцыі, так і добра вядомыя і любімыя гледачамі. А песню пра Пецярбург наогул выконвалі ўсе разам.
Так што ўсім, хто прыйшоў у чэрвеньскі нядзельны вечар на канцэрт любімай групы, музыкі падарылі добры настрой і маладосць сваёй душы.
Фіналам па просьбе Максіма Крыгіна стала сэлфі музыкаў з усімі прыхільнікамі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ

