Госавтоинспекции Беларуси — 90 лет. На страже безопасности шумилинских дорог

Безопасность Закон Общество

ДЗЯРЖАЎТАІНСПЕКЦЫІ  БЕЛАРУСІ  –  90  ГОД

На варце бяспекі шумілінскіх дарог

3 ліпеня Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі адзначае 90 год з дня ўтварэння. Гэта дата аб’ядноўвае тых, хто штодзень забяспечвае бяспеку дарожнага руху, прадухіляе аварыі, служыць прыкладам прафесіяналізму.

У Шумілінскай дзяржаўтаінспекцыі дружны і дзеяздольны калектыў. Гэта адна з ключавых службаў раёна, якая займаецца забеспячэннем бяспекі дарожнага руху і прафілактыкай. Самы вопытны тут кіраўнік, падпалкоўнік міліцыі Мікалай Гаралевіч, які нясе службу ў ДАІ з 2000 года. Пачынаў з інспектара ДПС, апошнія паўтара дзясятка гадоў ўзначальвае калектыў. Дзякуючы зладжанай рабоце, за студзень-май уліковых ДТЗ з удзелам вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення, не маючых права кіравання транспартнымі сродкамі, а таксама з удзелам дзяржаўнага транспарту, не дапушчана.

Правая рука начальніка – маёр міліцыі Віктар Бурлакоў, які знаходзіцца на варце дарог 19 гадоў і лічыць сваю службу вельмі патрэбнай. Яму ўласціва ўважлівасць, дапытлівасць, веданне справы. Усвядомлена выбіраў прафесію старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы ДАІ маёр міліцыі Аляксандр Багданаў. Ён не толькі вядзе дакументацыю, аналізуе статыстыку бяспекі дарожнага руху ў раёне, але і выязджае на здарэнні. Восем гадоў працуе ў ДАІ маёр міліцыі Яўген Сташонак, на год менш – капітан міліцыі Дзмітрый Шуміла. Ім даспадобы служба строга па раскладзе.

Поплеч з вопытнымі супрацоўнікамі ў ДАІ працуюць і тыя, у каго стаж службы невялікі. Так, старшы лейтэнант Павел Пучкоў знаходзіцца на пасадзе інспектара ДПС пяць гадоў і з’яўляецца прадаўжальнікам міліцэйскай дынастыі (бацька працаваў у Шумілінскім РАУС). Самы малады інспектар ДПС – лейтэнант міліцыі Дзяніс Кухто – пасля заканчэння Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь прыйшоў працаваць у ДАІ ў мінулым годзе.

Такім чынам у Шумілінскай ДАІ спалучаюцца вопыт і энергія маладосці. Тут ёсць на каго раўняцца і чый вопыт пераймаць. Служба ДАІ не ведае выхадных і святаў, патрабуе пастаяннай сабранасці, дысцыпліны, фізічнай падрыхтоўкі. У дапамогу – тры службовыя аўтамабілі, радары, жэзлы, свісткі, электронныя планшэты, вымяральнікі хуткасці «Бінар». А яшчэ – адчуванне сяброўскага пляча калег, якія выручаць у любы момант.

Работнікі раённай дзяржаўтаінспекцыі заўсёды на пасту. І ў сваё прафесійнае свята, якое супадае з Днём Незалежнасці, яны будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме, будуць забяспечваць парадак на дарогах. «Жадаю калектыву лёгкіх дзяжурстваў, законапаслухмяных вадзіцеляў, пешаходаў і веласіпедыстаў, а таксама здароўя і дабрабыту», – пажадаў калегам Мікалай Гаралевіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *