Народны хор «Світанак» Шумілінскага РЦК спявае сэрцам ужо паўстагоддзя

Главное Культура Общество

Народны хор «Світанак» спявае сэрцам

Калі ў далёкім 1972 годзе пры Шумілінскім раённым цэнтры культуры з’явіўся новы хор, мала хто мог уявіць, што гэта пачатак вялікай і яркай гісторыі. Сёння народны хор народнай песні “Світанак” – сапраўдны культурны брэнд Шуміліншчыны, калектыў з унікальным почыркам, які ўжо больш за 50 гадоў дорыць слухачам радасць сустрэчы з музыкай.

Каля вытокаў стварэння калектыву стаяў Раман Гольдберг. Ён змог аб’яднаць таленавітых аматараў і запаліць у іх сэрцах агонь творчасці. Дзякуючы душэўнай атмасферы, багатаму рэпертуару і шчыраму прызнанню публікі, ужо ў 1988 годзе хору было прысвоена ганаровае званне “народны самадзейны калектыў”. Гэты высокі статус артысты і зараз пацвярджаюць кожным сваім выхадам на сцэну.

За паўстагоддзя мянялася многае: кіраўнікі, удзельнікі, песні. Шмат гадоў лідарам калектыву была Ларыса Дземідовіч, якая і зараз, перадаўшы эстафету маладой змене, з’яўляецца часткай «Світанка»: «Кіраваць народным хорам – не проста запіс у працоўнай кніжцы, гэта вялікая і змястоўная частка майго жыцця. Я памятаю ўсё: кожную вывучаную партытуру, кожную рэпетыцыю, гастрольныя паездкі і агульныя перамогі. Мы адна вялікая, дружная і згуртаваная сям’я. Пайшоўшы на   заслужаны адпачынак, я не змагла проста зачыніць за сабой дзверы. Маё сэрца і думкі засталіся са «Світанкам». Менавіта таму сёння я з вялікай радасцю працягваю дапамагаць новаму кіраўніку Святлане Марціненкавай: перадаю вопыт, падтрымліваю ідэі і задумкі. Я рада бачыць, што родны хор жыве, развіваецца і па-ранейшаму сагравае душы людзей».

Сёння «Світанак» – гэта 16 адданых сваёй справе артыстаў. На рахунку таленавітых шумілінцаў – каля 40 канцэртаў у год. Галоўнай місіяй, якую калектыў нясе праз дзесяцігоддзі, застаецца адраджэнне і прапаганда нацыянальнай песеннай культуры Беларусі. Рэпертуар хору надзвычай шырокі. Артыстам удаецца па-майстэрску выконваць глыбокія і кранальныя народныя спевы, магутныя героіка-патрыятычныя творы і сучасныя эстрадныя кампазіцыі (іх з бляскам выконвае вакальная група, якая працуе ў складзе хору).

Адной з самых адданых удзельніц хору шмат гадоў з’яўляецца Таццяна Іваноўская: «Для мяне гэта не проста захапленне, гэта паветра, якім я дыхаю! Я проста не ўяўляю свайго жыцця без песні, нашых рэпетыцый і жывых выступленняў перад гледачамі. Але самае галоўнае ў нашым творчым жыцці – гэта людзі. Тыя, хто стаяў ля вытокаў, ствараючы традыцыі, і тыя, хто спявае ў калектыве сёння, прыносячы новую энергію. У нас няма выпадковых людзей: я глыбока пераканана, што ў нашай прафесіі немагчыма працаваць напаўсілы. Сваёй справай трэба гарэць, аддаваць часцінку сваёй душы. Так калісьці рабіла мая мама, а зараз па яе слядах з вялікім задавальненнем іду і я».

Наватарства і вернасць караням прыносяць плён. Сёлета яркай старонкай у творчай біяграфіі хору стаў удзел у Міжнародным свяце традыцыйных культур «Браслаўскія зарніцы». Выступленне на абласной харавой асамблеі стала трыумфальным: «Світанак» заваяваў Дыплом лаўрэата І ступені.

Шумілінскі калектыў ведаюць і любяць далёка за межамі роднага раёна. Ён актыўна скарае не толькі рэгіянальныя, але і абласныя пляцоўкі. Платныя канцэртныя праграмы хору карыстаюцца вялікім попытам у адпачывальнікаў славутых віцебскіх здраўніц – санаторыяў «Лётцы» і «Чыгуначнік».

Зараз у артыстаў гарачая пара. Летні сезон заўсёды вельмі насычаны выступленнямі. Сёння за плячыма ў «Світанка» ўдзел ва ўрачыстасцях да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, выязное выступленне на сустрэчы партызан і падпольшчыкаў «Курган Дружбы-2026» у Верхнядзвінску і каларытнае выкананне на народным гулянні «Купалле» ў Шуміліне.

Наступны выхад на сцэну міжнароднага маштабу запланаваны на знакамітым фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Дзякуючы працавітасці і душэўнай шчодрасці кожнага ўдзельніка, хор «Світанак» застаецца на вяршыні культурнага жыцця. Яны не проста спяваюць – яны захоўваюць код беларускай нацыі, пацвярджаючы: пакуль гучыць народная песня, жыве і наша спадчына.

Дар’я ЧАПУРНОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *