Усё пра банкаўскія дэпазіты
Сёння ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела рознічных продажаў ЦБП 204 г. п. Шуміліна РД па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Святланай ПІУЛЬСКАЙ мы гаворым на актуальную тэму дэпазітаў.
Эксперт у банкаўскай справе раскажа пра самыя важныя моманты: чаму варта адкрываць уклад у банку, калі ў вас ёсць свабодныя грошы, у якой валюце лепш гэта рабіць, на што звяртаць увагу пры выбары ўкладу.
– Святлана Пятроўна, навошта наогул адкрываць уклад?
– Уклад – гэта не проста «скарбонка». Гэта ваш фінансавы інструмент для вырашэння некалькіх задач адразу. Па-першае, гэта пасіўны прыбытак: вашы зберажэнні паступова павялічваюцца за кошт налічаных працэнтаў. Гэта надзейнасць, бо банк гарантуе захаванасць вашых сродкаў на ўвесь тэрмін дзеяння дагавора. Акрамя таго, уклад дапамагае мэтанакіравана збіраць на буйныя пакупкі, не паддаючыся спантаным марнаванням. Мы адчуваем сябе камфортней і больш упэўнена, калі ведаем, што ў нас ёсць некаторая сума «на ўсялякі выпадак». Лепш збіраць, адкладаючы невялікія сумы штомесяц.
У нашым банку шырокі выбар дэпазітных прадуктаў на любы густ і любыя мэты. Працэнтныя стаўкі гібкія, памер іх залежыць ад тэрмінаў укладу. Пры гэтым вы атрымаеце яшчэ большую суму, калі пакінеце налічаныя працэнты ў банку. У такім выпадку яны будуць дадавацца да сумы вашых зберажэнняў і ўжо пры наступным налічэнні працэнтаў даход будзе налічвацца на вялікую суму.
Зручна, што адкрыць уклад можна не толькі ў офісе банка, але і ў мабільным дадатку банка, у зручны для вас час і ў камфортных умовах. Пры гэтым па ўкладу, адкрытым анлайн, ваш даход будзе вышэй.
– У якой валюце лепш адкрываць уклад? І як разлічыць даход па ім?
– Можна адкрыць дэпазіт у розных валютах: у беларускіх, расійскіх рублях, доларах ЗША, еўра, юанях. А для таго, каб правільна разлічыць даход па ўкладу, можна патэлефанаваць у банк, дзе вам дапамогуць выбраць аптымальны ўклад і дадуць поўную кансультацыю па налічэнні працэнтаў. Выбраць прыдатны дэпазіт і скарыстацца калькулятарам укладу можна таксама на сайце банка.
– Каб атрымаць працэнты па ўкладу, ці трэба прыходзіць у банк, альбо гэта ажыццяўляецца ў рэжыме анлайн?
– Для гэтай мэты наведванне банка не патрабуецца. Працэнты налічваюцца на дэпазітны рахунак укладчыка. Іх можна забраць пры неабходнасці ў банку, а можна аформіць заяву на перавод, і працэнты штомесяц будуць пералічвацца на ваш рахунак. Дарэчы, калі вы пакінеце ў банку заробленыя працэнты, то і на іх таксама будзе налічаны даход. У мабільным дадатку з’явілася магчымасць пераводу грошай у рэжыме анлайн.
– На што звяртаць увагу пры выбары ўкладу?
– Разумнае распараджэнне дэпазітамі – гэта не толькі выбар самай высокай стаўкі. Гэта стратэгічны падыход, які ўлічвае капіталізацыю, гібкасць кіравання і своечасовы кантроль за ўмовамі. Капіталізацыя працэнтаў – гэта «працэнты на працэнты», калі налічаны даход дадаецца да ўкладу, і ў наступны раз працэнты налічваюцца ўжо на вялікую суму.
Папаўненне: нават невялікія, але рэгулярныя сумы значна павялічаць выніковы прыбытак за кошт капіталізацыі. Анлайн – адкрываць, папаўняць і кантраляваць стан рахунку можна анлайн праз мабільны дадатак банка 24/7.– Дзякуй, Святлана Пятроўна, за змястоўную і зразумелую размову.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Фота Дар’і ЧАПУРНОВАЙ.

