Помнік, які аб’яднае шумілінцаў-дэсантнікаў
Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый 2 жніўня ў Шуміліне адзначылі адкрыццём памятнага знака ветэранам паветрана-дэсантных войскаў на беразе Шумілінскага возера.
Гэты дзень пачаўся з традыцыйнага малебна ў Свята-Мікалаўскім храме і ўскладання кветак да помніка ў скверы Воінскай славы, дзе сабраліся актывісты грамадскага аб’яднання “Дэсантнае Шумілінскае Братэрства”.
Пасля дэсантнікі наведалі 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду, дзе была падрыхтавана вялікая святочная праграма з паказальнымі выступленнямі, у якіх сучасныя вайскоўцы дэманстравалі элементы баявой і сілавой падрыхтоўкі.
У другой палове дня шумілінскія дэсантнікі сабраліся на беразе Шумілінскага возера, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты памятны знак воінам-дэсантнікам – на пастаменце ўстаноўлена баявая машына дэсанту (БМД). З нагоды падзеі да шумілінцаў прыехалі госці з абласнога цэнтра.
Мерапрыемства пачалося з урачыстага ўзняцця сцяга паветрана-дэсантных войскаў. Малебен Святому прароку Іліі правёў шумілінскі благачынны протаіерэй Фёдар Пучынскі. Святар прачытаў малітву за загінуўшых і памерлых воінаў і асвяціў памятны знак.
Павіншаваў прысутных са святам старшыня Віцебскага абласнога грамадскага аб’яданння «Ветэраны дэсантных войск і сіл спецыяльных операцый» Вячаслаў Белавус.
“Кожны год у гэты дзень мы збіраемся разам, каб адзначыць наша свята. Гэта служыць лепшым доказам таго, што баявое армейскае братэрства застаецца на ўсё жыццё, яно аб’ядноўвае дэсантнікаў усіх пакаленняў”, – сказаў Вячаслаў Белавус. Ён уручыў падзякі Аляксандру Коржалю, старшыні раённай арганізацыі, і актывістам арганізацыі. Да віншаванняў далучыліся кіраўнікі раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Жандараў і “Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіль Карпушэнка.
Цёпла сустрэлі ўдзельнікі мерапрыемства выступленне ветэрана-дэсантніка Мікалая Аляксеенкі, які выканаў некалькі песень.
Так, побач з “Марскім каменем” на беразе Шумілінскага возера з’явілася яшчэ адно памятнае месца – яно стане месцам збору ўсіх шумілінцаў, якія аддалі воінскі доўг Радзіме ў паветрана-дэсантных войсках.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ






